Пасол Беларусі ў Аўстраліі Віктар Шых падзяліўся ў фэйсбуку ўражаннямі ад сустрэчы з мясцовымі беларусамі

18 лютага падчас рабочага візіта ў сталіцу Вікторыі сустрэўся з мясцовымі беларусамі. Распавёў пра беларускую прысутнасць у гэтай краіне, аб планах па арганізацыі мерапрыемстваў, што дазволяць пашырыць веды аўстралійцаў аб Беларусі. Больш падрабязна расказаў пра Фестываль ў Каўры ў канцы сакавіка, аб тым, як там будзе прэзентавана наша краіна. Вядома ж, заклікаў усіх, хто можа, далучыцца да гэтай падзеі.

Супрацоўнік Пасольства М.Макараў даў адказы па консульскіх пытаннях: афармленне пашпартоў, даверанасцей, розніца статусу ўладальнікаў пашпартоў серыі “РР” і пашпартоў так званых унутранных серый і г.д.

Наогул, было прыемна пабачыцца з суайчыннікамі, абменяцца з імі думкамі па самых розных пытаннях.

У той жа самы дзень мела месца яшчэ адна сустрэча нашай маленькай пасольскай “дэлегацыі”. Гаворка ідзе аб наведванні Беларускага клуба, сябры якога апынуліся ў далёкай Аўстраліі пасля ліхалецця Другой сусветнай вайны. Некаторыя з гаспадароў сустрэчы ўжо нарадзіліся на аўстралійскай зямлі, але ў сэрцы носяць Радзіму сваіх бацькоў і не забыліся бацькоўскай мовы. Былі кранутыя тым, як сп-р Яўген Груша вітаў нас вершам М.Сяднёва “Землякі”.

На мой погляд, гутарка была вельмі зацікаўленая і шчырая. Дзякуем Беларускаму клубу за гасціннасць!

Падумалася, вось было б добра, каб тыя беларусы, што прыехалі ў Аўстралію цягам апошніх 10-20 гадоў пазнаёміліся са сваімі землякамі, якіх закінуў сюды няпросты лёс амаль 70 гадоў таму назад. Ім ёсць, напэўна, што расказаць і аб жыцці, і аб любові да Радзімы, і аб тым як віравала жыццё беларусаў на аўстралійскай зямлі ў 60-80 гады.

Са згоды сябраў Клубу публікуем некалькі здымкаў.

В.Шых, Пасол Беларусі ў Аўстраліі


На сустрэчы з паслом прысутнічаў таксама Слаў Манкоўскі, які будзе прадстаўляць Беларускі клуб Мельбурна на Сёмым з’ездзе беларусаў свету, які пройдзе ў Мінску 15–16 ліпеня. Падчас сустрэчы ён прачытаў свой верш, якім вырашыў падзяліцца і з нашымі чытачамі.

Чараўніцтва Радзімы

Кастрычнiк, Мельбурн,
Душнае надвор'е.
Заплюшчу вочы –
Роднае прыволле
Радзiмы ў момант мроiцца здаля,
Як добрай мацi шчодрая рука.

Там зараз восень, холад, лiстапад.
Упаў галiнкамi, заснуў чароўны сад.
Ён мары цiхiя, мiнулага вятры,
Цудоўны падарунак той пары,

Дзе ў золаце лятаючых буслоў
Я ўспамiнаю
Поле васiлькоў
I пахi мёду, хлеба, малака...

Дзе мацi з бацькам родных дабрыня
I цэнтар свету –
Мой любімы дом,
Дзяцiнства шчасце – бегаць басяком,
Вянкi i песнi, вогнiшча гульня,
I на Купалле ноччу варажба...

Дзе ў сэрцы ўсё –
I зоркi, i двары,
I першы пацалунак, i сябры,
Царква i  Вера, лiкi абразоў,
Iсус Хрыстос i зранку перазвон...

Я ўсё гатовы ад жыцця прыняць,
І я гатовы лепшае аддаць,
Але з надзеяй памалюся зноў
За мацi Беларусь – за родны дом.

Інфармацыйны цэнтр ЗБС “Бацькаўшчына”