Свята Францыска Скарыны ў Вільні!

Менавіта сёння, 23 лютага, адкрываецца Віленскі міжнародны кніжны кірмаш – галоўны кніжны форум сучаснай Літвы. У межах адкрыцця кірмашу на стэндзе Рэспублікі Беларусь будзе прэзентаваны шэраг найноўшых публікацый, выпушчаных адмыслова да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Дадзеная дата мае сімвалічнае значэнне не таксама і для Літвы, паколькі Ф.Скарына быў жыхаром супольнай для нашых народаў краіны – Вялікага Княства Літоўскага. Да таго ж менавіта ён надрукаваў першую кнігу на тэрыторыі сучаснай Літвы.

Пры арганізацыйным удзеле Пасольства Беларусі ў Літве, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў Віленскай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны ў 14.30 пройдзе Свята Францыска Скарыны ў Вільні. У яго межах будзе прэзентавана культурная праграма ад навучэнцаў і выкладчыкаў гімназіі, будуць зроблены афіцыйныя выступленні з беларускага і літоўскага бакоў, выступяць вядомыя навукоўцы, пройдзе прэзентацыя найноўшых публікацый, многія з якіх будуць перададзены Віленскай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны.

Адмыслова да Свята Францыска Скарыны ў Вільні Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі пры падтрымцы Пасольства Літвы ў Беларусі было падрыхтавана ўнікальнае выданне – “Вільня часоў Францыска Скарыны” – цудоўна ілюстраванае альбомнае выданне на беларускай, літоўскай і англійскай мовах, якое расказвае пра колішнюю сталіцу вялікай краіны. Менавіта ў Вільні Скарына выдаў першую кнігу на беларуска-літоўскіх землях, тут ён жыў і працаваў, тут ажаніўся і тут жыў з дзецьмі. Многае з часоў Францыска Скарыны захавалася ў Вільні амаль нязменным да нашага часу. Гэта стварае непаўторна прыцягальную аўру старажытнага горада для многіх беларусаў, якія накіроўваюцца ў Вільню сёння. Для іх такое выданне будзе паўнацэнным дапаможнікам па старой Вільні – колішняй сталіцы Беларусі і Літвы.

Хто будзе блізка - далучайцеся! Будзе прыемна сустрэцца!

Алесь Суша, facebook.com