Опернаму выканаўцу Аркадзю Валадосю ў Парыжы ўручаны медаль Ф.Скарыны

Вядомаму беларускаму і французскаму опернаму выканаўцу, ураджэнцу Беларусі і грамадзяніну Францыі Аркадзю Валадосю 16 лютага ў Парыжы ўручаны медаль Францыска Скарыны. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Францыі.

Гэта дзяржаўная ўзнагарода прысуджана Аркадзю Валадосю ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта Беларусі за вялікі асабісты ўклад у папулярызацыю беларускай культуры за мяжой. Цырымонія ўзнагароджвання адбылася ў беларускім пасольстве ў Парыжы. Медаль нашаму знакамітаму суайчынніку ўручыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка.

Аркадзь Валадось нарадзіўся ў Беларусі і атрымаў беларускую музычную адукацыю, чым вельмі ганарыцца. Затым больш як 10 гадоў быў вядучым барытонам у Марыінскім тэатры ў Санкт-Пецярбургу. Навучаўся ў "Ла Скала". З 1979 года жыве ў Францыі. Выступаў на вядучых оперных пляцоўках Еўропы, ЗША. З'яўляецца лаўрэатам многіх міжнародных конкурсаў, у тым ліку праведзеных у Бельгіі, Іспаніі, Францыі.

У Парыжы наш суайчыннік заснаваў асацыяцыю "Абмен: Францыя-Беларусь", якая садзейнічае наладжванню беларуска-французскага супрацоўніцтва ў галіне культуры, а таксама дзелавых сувязей. Пачынаючы з 1992 года Аркадзь Валадось рэгулярна арганізоўваў і праводзіў студэнцкія абмены паміж кансерваторыяй французскага горада Нансі (у якой, дарэчы, у свой час выкладаў) і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі. Так, па ініцыятыве і пры яго непасрэдным удзеле больш за 25 гадоў рэгулярна арганізоўваліся гастролі ў Францыі аркестра Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Белдзяржакадэміі музыкі, а таксама сімфанічнага аркестра "Маладая Беларусь" гэтай жа акадэміі.

У 2015 годзе Аркадзь Валадось выступіў ініцыятарам і прыняў асабісты ўдзел у арганізацыі нацыянальнага павільёна беларускіх мастакоў і скульптараў на адной з самых прэстыжных выставак у свеце Art Capital, якая праходзіць у Парыжы пад патранатам прэзідэнта Францыі. Па выніках удзелу беларускія мастачка Валянціна Шоба і скульптар Сяргей Парцянкоў былі ўдастоены прэстыжнай узнагароды - прэміі Тэйлара. Акрамя таго, у 2016 годзе Аркадзь Валадось выступіў ініцыятарам правядзення канцэрта, прысвечанага 110-годдзю Дзмітрыя Шастаковіча на радзіме прадзеда кампазітара - у Шэметаве Мядзельскага раёна. Ідэю такога канцэрта ён выношваў некалькі гадоў пасля таго, як даведаўся, што прадзед гэтага вялікага кампазітара быў родам з гэтых мясцін, канцэрт адбыўся ў касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

На цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі французскай грамадскасці і беларускай дыяспары, якія пражываюць у Францыі.

Аліна Грышкевіч, БелТА