Ад Віцебска — да Мікалаева

Актывістка беларускай суполкі “Голас Радзімы” Іна Максіменка адзначыла 80-гадовы юбілей.

У сапраўднай жанчыны, кажуць, тры ўзросты: маладосць, другая маладосць і вечная маладосць. Так можна сказаць і пра Іну Аляксандраўну. Эфектная, прамяністая жанчына і таленавітая журналістка нарадзілася 3 студзеня 1937 года ў Віцебску, які цяпер далёка вядомы як горад розных фестываляў. Іна Аляксандраўна з цеплынёй успамінае Бацькаўшчыну: “У маім родным Віцебску, над рэчкай Віцьбай, якая падзяляе яго на лева- і правабярэжжа, ёсць святы для мяне, цудам ацалелы ў горадзе, спаленым фашыстамі, ветэрынарны інстытут. Там майму бацьку, старшакурсніку Аляксандру Качэўскаму, уладальніку нейкай імянной стыпендыі, пайшлі насустрач і выдзелілі ў інтэрнаце асобны пакой для яго маладой сям’і. Там і распачыналася маё жыццё. Туды, пад шаты даваенных ліп і клёнаў (магчыма, ёсць сярод іх і дрэўца, пасаджанае бацькам), заўсёды іду як на спатканне з ім. А тата, мяркуючы па значку на лацкане пінжака, Варашылаўскі стралок, быццам чакае мяне ля галоўнага інстытуцкага корпуса...”

Т. Дзяменнікава, І. Максіменка, В. Камісарук. Кіеў, 2013 г.

Даваеннае бацькава фота ва ўвесь рост, з дачушкаю на руках, як абярэг, як самае дарагое, што засталося ад яго, у маленькай мамінай сумачцы ацалела праз усе жахі беспрытульнага яе туляння па багністых партызанскіх лясах, спаленых вёсках. Бацька ў 41-м загінуў на фронце, маці знайшла Іну з сястрычкай ды іх малодшым брацікам у 44-м, вызваліўшыся з канцлагера... І было нялёгкае пасляваеннае жыццё, якое таксама гартавала характар дзяўчынкі. Пасля школы яна, закончыўшы Беларускі дзяржуніверсітэт, некалькі гадоў працавала ў газеце “Віцебскі рабочы”, потым пераехала ў Мікалаеў. Шмат гадоў аддала абласной газеце “Южная правда”.

Калектыў журналістаў прыняў беларуску як сваю. Ёсць і здымкі з тых часоў. Людміла Касцюк у сваім тэксце расказвае пра фотакарэспандэнта Ілью Кальніцкага, і, разглядаючы старыя фота, піша: “...Вось зусім юная Іна Максіменка з медпрацаўнікамі Анатолеўскай сельскай бальніцы. 1966 год. Фота І. Кальніцкага. А Іна Максіменка ўспамінае, што да бальніцы дабіраліся з Кальніцкім... на трактары”. І на калектыўным здымку ў дзень 50-годдзя газеты ў першым шэрагу бачым яе. У сваіх успамінах Алена Пятрэнка згадвае ў плеядзе журналістаў “ЮП” і беларуску: “Гэта вельмі таленавітыя журналісты, асобы са сваімі думкамі, перакананнямі, цудоўныя людзі. Вельмі прыемна, што многія з іх у страі. Працягвае пісаць у сваю родную газету Іна Максіменка”. Заслужаны журналіст Украіны Ніна Шэпель успамінае, што праца ў “Южной правде” “назаўжды звязала і пасябравала мяне з Інай Максіменкай, “пахарем” аддзела прамысловасці, будаўніцтва, транспарту і сувязі, куды я ў свой час плаўна “ўлілася”. Працаваць даводзілася “на разрыў”. Усюды трэба было паспець, усё абхадзіць, напісаць — часцей за ўсё ноччу, бо матэрыялы з аб’ектаў заўсёды былі тэрміновымі. Мы з Інай Максіменкай практычна не бачылі сваіх дзяцей. Зрэшты, у тыя гады ўсе журналісты працавалі пад грузам гэтай адказнасці...”.

Рыхтаваць матэрыялы, грунтуючыся на фактах — то быў закон для ўсіх журналістаў. Ім кіруецца Іна Аляксандраўна і сёння. Пра тое шмат хто казаў, віншуючы яе з юбілеем. Сама ж супляменніца згадвае, што ў школе марыла стаць урачом, ды не шкадуе, што так склаўся лёс. Іна Аляксандраўна любіла ў газеце пісаць найперш пра чалавека працы, яго майстэрства, унікала ў тонкасці справы. І сёння перачытваць тыя тэксты — цікава. У іх ёсць і спагада, і жаданне глыбей асэнсаваць розныя лёсы, і любоў да тых, пра каго расказваецца. Гэта — ад сэрца, і таму таленавіта. Дарэчы, і некаторыя героі яе публікацый, як і землякі-беларусы, павіншавалі Іну Аляксандраўну з юбілеем.

Іна Максіменка і яе калега Ніна Шэпель. Мікалаеў, 1987 г.

Калегі яе напісалі з такой нагоды тэкст, змясцілі ў газеце. Яны лічаць, што ў будаўніцтва надзейнага і моцнага іх агульнага дома пад назвай “Южная правда” зрабіла важкі ўнёсак і яна, Іна Аляксандраўна: “сваім умелым і разумным пяром, кампетэнтнасцю, адказнасцю за ўсё, што з’яўлялася на старонках газеты пад яе імем. Так, імя, добрыя пачуцці ды павага з боку калег, любоў і цяпло родных людзей, шчырыя віншаванні ды пажаданні — пэўна, самыя лепшыя падарункі да юбілею. А Бог няхай дае Іне Аляксандраўне здароўе і даўгалецце!”

За актыўны ўдзел у захаванні, папулярызацыі духоўных каштоў­насцяў беларускага народа, асабісты ўклад у культурнае жыццё беларускай грамады Мікалаеўшчыны член Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Іна Аляксандраўна Максіменка ўшанавана Ганаровай граматай Амбасады Беларусі ва Украіне. Разам з граматай з Кіева перадалі ёй і кнігу Максіма Багдановіча “Я не самотны...”, выдадзеную ў Мінску да 125-х угодкаў класіка. Грамату й падарунак уручыла юбілярцы Таццяна Дзяменнікава, кіраўніца Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы”. “Іна Аляксандраўна стаяла ля вытокаў нашай суполкі, актыўна ў ёй працуе, — расказала Таццяна Анатолеўна. — Па яе прапанове мы стварылі свой вакальны гурт, і ўвогуле яна — цудоўны чалавек! Нядаўна старшыня Усеўкраінскага саюза беларусаў Пётр Лайшаў уручыў Іне Аляксандраўне Ганаровую грамату, якой яна вельмі ганарыцца”.

Павіншаваў суайчынніцу з юбі­леем і Генеральны консул Беларусі ў Адэсе Уладзімір Чахлоў. Былі кветкі, віншаванні, шчырыя пажаданні ад сяброў з суполкі “Голас Радзімы”.

Граматай яе працу адзначыла і праўленне Савета нацыянальных таварыстваў Мікалаеўскай вобласці (там Іна Аляксандраўна — член Савета старэйшын): за вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры на Мікалаеўшчыне, плённую дзейнасць па захаванні міру і згоды ў грамадстве і ў сувязі з юбілеем.

Мікалай Бойка, “Голас Радзімы”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение