Трэба часцей сустракацца

4 лютага вось ужо трэці раз ў Швейцарыі, а ў Цюрыху — другі, адбыўся канцэрт адной з самых яркіх зорак беларускай сучаснасці — Лявона Вольскага.

Лявон — выдатны музыка, пісьменнік, мастак і паэт, заснавальнік гуртоў «Мроя» і «NRM», лідар самага вясёлага беларускага гурта «Крамбамбуля» і проста харошы чалавек з вельмі добрай энэргетыкай. Той, хто быў на канцэртах Лявона, не мог не адчуць тую цёплую і сяброўскую атмасферу, якую выканаўца ўмее стварыць. Нават пры аудыторыі ў тысячу чалавек. Можна тады сабе ўявіць, што за атмасфера пануе на беларускім канцэрце за мяжой, дзе слухачы — людзі не выпадковыя, а тыя, што выраслі на гэтых песнях! Не, гэта быў нават не канцэрт, хутчэй кватэрнік ці сяброўская сустрэча (з якасным гукам і вядомым госцем).

Кожны раз здзіўляе тое, які шырокі дыяпазон голаса і рэпертуара ў сп. Вольскага. Ён можа быць саркастычным і лірычным, жорстка рокавым і кранальна мілагучным. Праграма выступу ў Цюрыху як раз была пабудавана такім чынам, каб аўдыторыя магла адчуць і пачуць гэтую разнастайнасць. Прагучалі песні з «Народнага альбому», праекту «Снежны завулак», апошняга альбому «Псіхасаматыка», некаторыя хіты гурта «Крамбамбуля» і інш.

Выступ быў вельмі інтэрактыўны. Слухачы не толькі падпявалі з месцаў, але і выходзілі для бэк-вакалу на сцэну: дзяўчаты для выканання песні «Казік», хлопцы — песні «Марскі чалавек». А пад час вечных песень «Паветраны шар» і «Тры чарапахі» таньчыла ужо ўся заля.

Развітваліся добра і цёпла. «Цюрых — гэта месца, дзе вельмі прыгожа спяваюць дзяўчаты, а хлопцы спяваюць не горш за іх. Трэба часцей сустракацца!» — выразіў надосталь агульную думку Лявон.

Вольга Крук, “Беларускае аб’яднанне ў Швейцарыі”