Сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы для дзяцей ды дыскусіі пра літаратуру – у Беластоку пачаўся І літаратурны фестываль „Аўтары і кнігі”.
Арганізатары мерапрыемства ў першую чаргу хочуць рэкламаваць падляшскіх творцаў, у тым ліку беларускіх, кажа дырэктарка Падляшскай кнігарні ў Беластоку Ёланта Гадэк:
– Фестываль задуманы як падсумаванне мінулага года, таксама мы праводзім выставы кніг. І, канешне ж, кнігі беларускіх аўтараў, выдадзеныя ў “Ніве”, таксама будуць прадстаўленыя. Мы прапануем якасную рэгіянальную літаратуру, без уліку паходжання аўтараў.
Літаратурна-выдавецкая карта Падляшша вельмі багатая і разнастайная. Такая выснова склалася ў час дыскусіі, якая прайшла ў рамках І Літаратурнага фестывалю „Аўтары і кнігі”.
На літаратурнае багацце Падляшша значны ўплыў маюць беларускія пісьменнікі і выдавецтвы, кажа літаратуразнаўца Катажына Савіцка-Межынска:
– Відавочна, што абедзве гэтыя літаратуры павінны быць на літаратурнай мапе Беластока. Мусім пастарацца, каб паміж імі была сувязь. Добра было б, каб выходзілі кнігі дзвухмоўныя. Каб не былі мы асобнымі месцамі на мапе Беластока. Людзі, якія ствараюць польскую і беларускую літаратуру, людзі якія яе чытаюць, або займаюцца ёй прафесійна, як я, каб паміж імі адбываліся актыўныя творчыя кантакты, а не проста сяброўскае суседства.
Менавіта перакладамі кніжак беларускіх аўтараў заняўся фонд „Суседзі”, кажа яго старшыня і арганізатар фестывалю „Аўтары і кніжкі” Анджэй Каліноўскі:
– Паказалі мы на выставе, якая дэманструе толькі фрагмент той кніжнай разнастайнасці, які паўстаў на Падляшшы апошнім часам. Сярод іх таксама кнігі, якія выдаваліся тыднёвікам “Ніва”. Размаўлялі мы і пра беларускіх пісьменнікаў, пра тое, што Фонд “Суседзі” рыхтуе да друку польска-беларускі зборнік паэзіі Надзеі Артымовіч, а таксама кнігу Барыса Пятровіча. Дзве кнігі ў гэты час перакладаюцца і хацелі б зрабіць памоцыю гэтых кніг у траўні.
Літаратурны фестываль „Аўтары і кнігі”, на думку арганізатараў, стане пастаянным мерапрыемствам у культурным календары Беластока.
Уля Шубзда, “Беларускае Радыё Рацыя”