У літоўскай Клайпедзе беларускія народныя традыцыі зберагае суполка “Крыніца”.
На вуліцы было неяк няўтульна: сцюжа, туман, вецер... Але ж беларусаў — ці спужаеш такім надвор’ем? Сабраліся ўсе разам, прыгожа апранутыя, у добрым настроі, яшчэ й гасцей паклікалі. Весела, з густам адсвяткавалі Каляды сябры “Крыніцы”, удзельнікі гурта “Купалінка” ды яшчэ маладзёжнага калектыву рускай суполкі “Лада” пры падтрымцы Ганаровага консула Беларусі ў Клайпедзе Мікалая Логвіна.
На свята прыйшла Каза-гарэза
Пранікнёна прачытала ўрывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” Ірына Мількоўская. Слухаючы яе, людзі сталага ўзросту згадвалі, а моладзь даведалася, як беларусы здаўна святкавалі Каляды: чым аздаблялі хату і стол, якія стравы гатавалі, якія сакральныя дзеі выконвалі… Ды і ў нашых гасцей на сталах у гліняных гаршчках стаяла Куцця. А што ж за свята без чаркі ды скваркі? Вядома ж: “Добры вечар — шчодры вечар!” Таму была й чарка, і духмяныя гарачыя дранікі, сала. І зусім не дзіўна, што сюды якраз завітаў гурт калядоўшчыкаў: з Казою і Зорканошай, з аўтэнтычнымі песнямі ды гульнямі.
Цяпер няма сумненняў: для кожнага, хто пабачыў Калядную дзею, год будзе ўдалым. Бо “хто з Казою патанцуе, таму хутка пашанцуе”, і “дзе Каза рогам, там жыта стогам”. А сярод гледачоў былі настаўнікі, маракі, працаўнікі чыгункі, прадпрымальнікі, бухгалтары… Прыйшлі сем’ямі, прычым сумна не было нікому. У танцах і гульнях паўдзельнічалі ветэраны, людзі сярэдняга ўзросту, дзеці. У зале былі як выхадцы з Беларусі, так і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Так, Генконсул Расіі ў Клайпедзе Аляксандр Грачоў адзначыў: “Нікому не трэба нагадваць, наколькі блізкія рускі ды беларускі народы, іх культурная повязь ды традыцыі”.
Дыялог цераз плот
Госці слухалі беларускую музыку і вершы, частаваліся дранікамі. Падобныя сустрэчы, на мой погляд, даюць магчымасць гараджанам па-новаму паглядзець на самабытнае жыццё вёскі, далучыцца да вытокаў. І гэта сапраўды важна: не забываць, адкуль карані твае. Вось і заключнай песняй гучала ўсімі любімая “Мой родны кут” на вершы Якуба Коласа ў выкананні ансамбля “Купалінка”.
Свята ўдалося! А ці ж магло быць інакш, калі й прозвішча адной з удзельніц “Купалінкі” — Каляда? І ў той вечар наша сяброўка Марыя святкавала дзень нараджэння. Шмат прыгожай беларускай музыкі падарылі гледачам выканаўцы. Гучалі знаёмыя песні мінулых гадоў, беларускія народныя, а таксама сучасныя — у выкананні кіраўніцы “Купалінкі” Валянціны Снігур і гукарэжысёра Андрэя Сопава. Расчуліла слухачоў Ксенія Фралова песняй “Рэха жураўлінае”. А “Вологду” з рэпертуару “Песняроў” на пан-флейце граў музыка-самавук Аляксандр Абозны. “Чаму не прыйшоў?” — засмучона спявалі ўдзельніцы “Купалінкі”. Потым напрыканцы: “Давайце сабярэмся разам”. Ну хто ж адмовіцца?
Алена Ярошык з суполкi “Крыніца”, г. Клайпеда, Літва (“Голас Радзімы”)