Некалькі падказак-арыенціраў для пошукаў.
У даследаваннях жыцця і спадчыны першадрукара — Францыска Скарыны — шмат загадак і таямніц. Так, мы пакуль не ведаем, дзе памёр і дзе спачывае гэты асветнік, нястомны працаўнік, прыхільнік збліжэння і ўзаемаразумення ўсіх народаў і канфесій, асабліва хрысціянскіх.
Даследаванні пачынаюцца
І вельмі добра, што за высакародную справу пошукаў праху Францыска Скарыны ў Чэхіі і пераносу яго на Радзіму, у касцёл Святых Сымона і Алены, узяліся святары гэтага храма на чале з ксяндзом-пробашчам, кандыдатам гістарычных навук Уладзіславам Завальнюком. Таму, каб аблегчыць іх пошукі, старанні іншых скарыназнаўцаў, падзялюся вынікамі сваёй работы на працягу апошняга часу — як з вуснымі і друкаванымі, так і з віртуальнымі крыніцамі.
Найперш маю ўвагу прывабіў Чэскі-Крумлаў, дзе пры замку працаваў так званым садоўнікам, а па сутнасці як асветнік, батанік-лекар, старэйшы сын нашага першадрукара Сімяон.
Аднак тут часова патрэбна вярнуцца да віленскага перыяду жыцця і выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны, бо ў чытача могуць узнікнуць пытанні: адкуль жа ў Скарыны ў Чэхіі ўзяліся два сыны, адзін з якіх там — дакладна, а другі — магчыма, займаліся тым жа, што і бацька, — батанічна-садоўніцка-лекарскай дзейнасцю. І чаму наш славуты суайчыннік вымушаны быў пакінуць роднасную і блізкую да Полацка Вільню, каб вярнуцца ў больш аддаленую і чужую Прагу? Для гэтага трэба хоць бегла спыніцца на падзеях ранейшых, 1520-х гадоў жыцця і дзейнасці Скарыны. Выдаўшы ў Празе не менш як 22 кнігі перакладаў з Бібліі, ён дзеля сувязі са сваім рэальным, пераважна праваслаўным чытачом, паехаў працягваць святую дзейнасць у Вільню — сталіцу агульнага і для продкаў беларусаў, амаль што самастойнага Вялікага Княства Літоўскага. Правёў там звыш дзесяці гадоў. У 1522 годзе выдаў запатрабаваную, амаль што агульнахрысціянскую «Малую подорожную книжицу». А ў 1525 годзе — «Апостол». І ўсё!
Аднак мы ведаем, што Скарына быў вельмі працавітым, не мог сядзець склаўшы рукі. Ведаем таксама, што ў другой палове 1520-х гадоў ён дапамагаў віленскаму біскупу Яну, сыну тагачаснага караля першай Рэчы Паспалітай. Мяркую, што менавіта па заданні біскупа наш першадрукар выконваў адказную і пачэсную работу — складанне першага Статута Вялікага Княства Літоўскага. Па традыцыі лічыцца, што гэтая па сутнасці першая ў Еўропе канстытуцыя стваралася ў асноўным Альбрэхтам Гаштольдам, з 1522 года адначасова канцлерам ВКЛ і віленскім ваяводам, уладальнікам Геранёнаў, Астраўца і яшчэ дзясятка іншых маёнткаў. Але ўсебаковае вывучэнне гэтай магнацкай постаці майго земляка пераканала мяне, што ён мог толькі арганізоўваць напісанне. Адзінай жа постаццю ў ВКЛ, якая магла спалучыць у Статуце «права боскае» і «права чалавечае», з'яўляўся тады якраз сакратар біскупа Яна Францыск Скарына! Толькі ён з грамадзян ВКЛ паспяхова, за два гады, раней закончыў Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве і бліскуча стаў доктарам Падуанскага ўніверсітэта ў Італіі.
Летам аўтары Статута (відаць, пад зацікаўленай апекай біскупа Яна і яго бацькі, самога Жыгімонта Старога, мужа каралевы-рэфарматаркі Боны Сфорца, а можа, і яе самой) накіроўваліся на ўсход па «каралеўскім гасцінцы», падсілкоўваліся па дарозе ў спецыяльна адкрытай з іх дазволу карчме ў Касіне Вялікай і ехалі далей, у Астравец. Відаць, Скарына павінен быў і выдаць у Вільні першы Статут друкам, бо іначай для чаго ж ён выкрадаў у Каралеўцы друкара-габрэя і потым цярпеў за гэта пераследаванні прускага герцага?! Але як яно было з гэтым далей, я пакуль што не ведаю. Ва ўсякім выпадку, пасля першага Статута выйшлі ў абноўленых выданнях на працягу таго ж стагоддзя другі і трэці!
Адначасова з дзяржаўна-грамадскімі Скарына выконваў і сямейныя абавязкі, выхоўваў двух сыноў сваёй першай і адзінай жонкі Маргарыты, удавы ягонага віленскага грашовага дабрадзея Рыгора Адверніка, які памёр якраз у 1525 годзе, калі з'явілася другая з віленскіх кніжак. Праз год, вытрымаўшы жалобу, Маргарыта (узрост яе пакуль невядомы) выйшла замуж за Францыска, але неўзабаве і сама памерла.
Сыны — ці родныя?
Нарэшце ў 1534 годзе, перажыўшы пераследаванне прускага герцага Альбрэхта, прэтэнзіі на спадчыну (камяніцу) сваёй жонкі ў Вільні і, хутчэй за ўсе, няслушнае заключэнне ў познаньскую турму за даўгі свайго старэйшага брата Івана, Францыск Скарына павёз абодвух сыноў з сабой у Прагу, і неўзабаве яны ўжо там памагалі бацьку ў «садоўніцтве», разам і паасобку. Але ў мяне яшчэ ўзнікае пытанне: ці яго гэта былі сыны? Не магла іх Маргарыта нарадзіць за нейкія нялёгкія тры гады, калі той быў пераважна ў ад'ездзе. Хутчэй за ўсё, падумалася, праяўляючы хрысціянскую міласэрнасць, Францыск усынавіў іх, даволі дарослых, і навучаў знаёмай для сябе (прыгадаем яго экзамены ў Падуі), патрэбнай чалавецтву і прыродзе справе — медыцыне, тады пераважна прыродазнаўству.
А цяпер пераходзім да самай важнай часткі: дзе Скарына памёр і быў пахаваны? Адны сцвярджаюць, што, безумоўна, у Празе, іншыя — што яго кароль Чэхіі Фердынанд вывез як вопытнага спецыяліста і вернага слугу з сабой у Аўстрыю, трэція... Мяне ж найбольш пераконваюць супастаўленыя факты, прыведзеныя ў артыкуле вопытнага скарыназнаўца Вячаслава Чамярыцкага і змешчаныя ў шматтомным энцыклапедычным даведніку «Беларускія пісьменнікі».
Працытуем адтуль самы важны для нас крыху скарочаны абзац. У 1535 годзе Скарына вярнуўся (напэўна ж з двума сынамі, Сімяонам і Францішкам) «у Прагу, дзе ўладкаваўся вучоным садоўнікам у каралеўскім батанічным садзе, які тады закладваўся. У садзе чэшскага караля Фердынанда І Ф. Скарына прапрацаваў да лета 1539-га. Дзе ён жыў і чым займаўся пасля гэтага, мы не ведаем. У Чэхіі (магчыма, у Паўднёвай) (учэпімся за апошняе слова! — Аўт.) беларускі гуманіст знайшоў свой вечны спачын. На жаль, нам невядомыя ні дакладны час, ні месца пахавання. Найбольш імаверна, што памёр ён у 1551 годзе, бо ў пачатку наступнага года чэшскі кароль выдаў Скарынаву сыну Сімяону спецыяльную грамату (ад 29 студзеня) на права адшукваць па ўсёй краіне і наследаваць маёмасць свайго бацькі, ужо нябожчыка. У 1552-м справа аб нейкай частцы маёмасці разглядалася і ў Вільні, пра што сведчаць два нядаўна выяўленыя судовыя дэкрэты (ад 17 жніўня і 15 снежня) караля Жыгімонта Аўгуста. Сімяон Скарына ў 1570-я гг. жыў у Паўднёвай Чэхіі і таксама займаўся лекаваннем і садоўніцтвам (вядома ж, пры замку. — Аўт.). Другі сын першадрукара Францішак загінуў у 1541 годзе ў Празе ў час пажару. Нашчадкі Сімяона Скарыны жылі ў Чэхіі і Славакіі».
Кіруемся ў Чэскі-Крумлаў
Ад сябе дадам, што адзін з далёкіх, але свядомых у сваяцтве нашчадкаў, Ежы Скарына, жыў у сталіцы Мексікі, займаўся там таксама друкарствам, актыўна перапісваўся са мной. У адным з лістоў я спытаў у яго: што азначае, калі Францыск Скарына сапраўды перад смерцю «жыў у Паўднёвай Чэхіі», у старэйшага сына? Ён адказаў мне, што гэта быў Чэскі-Крумлаў, цэнтр нібы незалежнага герцагства. Ім кіравалі спачатку чэхі, а потым, па-суседску з Маравіяй, аўстрыйцы ці саксонцы...
І вось цяпер, калі такая інфармацыя вельмі спатрэбілася для пошукаў праха нашага першадрукара, я два дні, дзякуючы інтэрнэт-крыніцам «падарожнічаў» па Чэскім-Крумлаве. І аказалася, што рэальныя пошукі па гэтым паўднёвамараўскім горадзе, а таксама пошукі ў архівах суседніх дэканатаў могуць быць вельмі перспектыўнымі.
Мяркуйце самі. У Чэскім-Крумлаве — усяго два касцёлы. Адзін, у акружаным мурамі кляштары, адпадае як «ведамасны», закрыты. Другі — у імя Святога Віта, парафіяльны, гатычны па стылі, стаіць на беразе-паўвостраве Влтавы і якраз паблізу замка, асвечаны яшчэ задоўга да прыбыцця абодвух Скарынаў: парафіяльным ён стаў у 1329-м, цэнтрам Доўдлебскага дэканата ў 1374-м, а пасля перабудовы яшчэ раз асвечаны ў 1439 годзе. Скарынаў, як адказных прызамкавых асоб, маглі хаваць, прытым з належнымі надмагіллямі, толькі там, а факты пахавання — паведамляць і ў дэканат, назвы якога мяняліся.
Аднак далейшая гісторыя прыдворнага і парафіяльнага касцёла імя Святога Віта развівалася, як сведчаць крыніцы, пакручаста. У 1583 годзе ён стаў месцам пахавання прадстаўнікоў Рожмбергскага дома, у 1591 годзе быў адміністрацыйна перададзены ордэну езуітаў, які, напэўна ж, усходніх славян, не дужа шанаваў. Прытым у прэсвітэрыі ад надмагілляў, размешчаных нават у цэнтры касцёльнай залы, стала цесна. Таму новая ўладальніца замка, Марыя Эрнесціна фон Эгенберг, у 1717 годзе загадала іх вынесці (але куды, на якія могілкі?). Быў складзены спіс надмагілляў, які, сведчаць крыніцы, адзін захаваўся. Таму можа паслужыць каардынатамі ў пошуках праху нашага першадрукара. Аднак аказваецца, план графіні не быў тады выкананы: яна памерла ў 1719 годзе. Нават у 1750 годзе надмагільныя таблічкі з чырвонага мармуру ўсё ж віселі на сценах пры ўваходзе ў «капэлу» Яна Непамуцкага. Можа, вісяць там і цяпер?
Не, без пошукавага візіту ў касцёл Святога Віта і архівы навакольных дэканатаў тут яўна не абысціся.
Ну то за работу: духоўную, інтэлектуальную, пошукавую! Дакументаў пра Скарыну, першага нашага кнігавыдаўца і тым самым галоўнага нашага юбіляра сёлета, у Чэхіі павінна быць шмат і ў розных сховішчах.
Прафесар Адам Мальдзіс