Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава 30 студзеня 2017 года адзначае дзесяцігоддзе сваёй дзейнасці.
Стварэнне Дома правоў чалавека менавіта Вільні было абумоўлена складанасцямі для праваабаронцаў адкрыта і легальна займацца дзейнасцю па рэалізацыі і абароне правоў чалавека ў Беларусі. На той час, а ідэя стварэння Дома ўзнікла яшчэ ў 2002 годзе, практычна ўсе праваабарончыя арганізацыі былі ліквідаваныя ўладамі, ніводная з НДА, арганізаваных праваабаронцамі напачатку 2000-х, не была зарэгістраваная.
У 2006 годзе, створаны васьмю беларускімі і адной нарвежскай няўрадавымі арганізацыямі, Дом правоў чалавека быў афіцыйна зарэгістраваны Літоўскай Рэспублікай у Вільнюсе, а 30 студзеня 2017 года адбыўся першы сход яго заснавальнікаў. Гэтая дата і лічыцца пачаткам афіцыйнай дзейнасці Беларускага Дома правоў чалавека.
Пачынаючы з лютага 2007 года Беларускі Дом правоў чалавека стаў надзейнай і прафесійнай пляцоўкай для для дапамогі беларускім праваабаронцам, якія з-за пераследу уладаў былі пазбаўленыя магчымасці вольна і бяспечна праводзіць праваабарончыя мерапрыемствы на радзіме, наладжваць кантакты са сваімі замежнымі калегамі і партнёрамі, многім з якіх уезд у Беларусь забаронены і дагэтуль.
Сход у Доме правоў чалавека 30 студзеня 2007 года
Такім чынам, Беларускі Дом правоў чалавека меў на мэце ствараць ўмовы для правядзення розных праваабарончых мерапрыемстваў (семінараў, трэнінгаў, канферэнцый, школ і г.д.) як для арганізацый-сяброў ДПЧ, так і для іншых праваабарончых арганізацый і актывістаў; павысіць абароненасць беларускіх праваабаронцаў, матэрыялаў і дакументаў, якія знаходзяцца ў рызыкоўным становішчы ў Беларусі; зрабіць кожную з арганізацый-сяброў ДПЧ больш заўважнай і даступнай для міжнароднай супольнасці. З гэтымі няпростымі задачамі Беларускі Дом правоў чалавека паспяхова справіўся.
За дзесяць год дзейнасці ў гасцінным памяшканні дому прайшлі сотні важных мерапрыемстваў, знакавых сустрэч, міжнародных канферэнцый, семінараў, адукацыйных праграм. Сярод доўгатэрміновых і паспяховых праектаў Дома варта адзначыць арганізацыю і правядзенне Летніх школ па правах чалавека для моладзі, якія, пачынаючы з 2007 года, праводзяцца ў Вільні. Тут таксама створана і дзейнічае Рэзідэнцыя маладога літаратара, якая працуе пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў і ДПЧ.
Першы прэзідэнт Дома правоў чалавека Барыс Звозскаў
31 ліпеня 2012 года ў памяць пра першага прэзідэнта Дома правоў чалавека ў Вільні Барыса Звозскава, Дом быў названы ў гонар аўтарытэтнага праваабаронцы і зараз носіць ягонае імя – Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Паводле ПЦ “Вясна”