28 студзеня грамадская зала Сабора Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку сустракала спевака Змітра Вайцюшкевіча, які прыляцеў у ЗША, каб выступіць у Нью-Ёрку, Гайленд-Парку (Нью-Джэрсі), Сан-Францыска, а таксама даць некалькі канцэртаў у Таронта і Атаве (Канада).
Гэтым разам Зміцер парадаваў прысутных дзвюма песнямі-прэм'ерамі: «Шалік» на словы Уладзіміра Някляева і «Я трымаў цябе за руку…» на словы Алеся Ліпая.
Прыязна былі сустрэтыя слухачамі добра вядомыя і любімыя песні «Жыве Беларусь», «Я нарадзіўся тут», «Наш сцяг», «На Каляды» - зала спявала разам са Змітром і ахвотна набывала ягоныя дыскі і аўтографы.
У праграме сустрэчы быў запланаваны не толькі канцэрт. Арганізатары Вольга і Алена Талатынік падрыхтавалі «фотасушку» - выставу фотаздымкаў з краявідамі Беарусі, якія можна было ўзяць з сабою ў якасці падарунка. Але галоўным сюрпрызам стаўся пачастунак — традыцыйныя беларускія стравы бабка, кісель, «журавінка», якія Вольга і Алена, стваральніцы ютуб-канала «Берасцейская кухарачка» прыгатавалі для гасцей.
Віктар Дудараў, “Наша Ніва”