Пад знакам Песняроў

У Беларусі ды ў замежжы распачаліся мерапрыемствы да 135-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Зінаіда Камароўская (у цэнтры) з землякамі на адкрыцці Коласаўскай выставы ў Клайпедзе

“Я адплаціў народу/ Чым моц мая магла:/ Зваў з путаў на свабоду,/ Зваў з цемры да святла”, — гэта з верша Янкі Купалы. “На прастор, на шырокі разлог/ Выхадзі, мой народ, грамадою, —/ Сотні новых і ясных дарог/ Рассцілае жыццё прад табою”, — заклікаў беларусаў і Якуб Колас. Два народныя пісьменнікі Беларусі, Песняры, як іх яшчэ з цеплынёй называюць. Сябры, сучаснікі, паплечнікі, аднагодкі... Абодва шмат зрабілі на карысць свайго народа, краіны. Кожны па-свойму апісвалі жыццё простага чалавека, яго думкі, пачуцці, імкнуліся спазнаць душу беларускую... Песняры былі блізкія па сваіх поглядах, ідэалах, але розныя ў творчасці. У кожнага — свой шлях, і характар, і духоўны свет. Свой непаўторны стыль. Агульнае — што іх творы і сёння ў пашане ў беларусаў.

На адным з сайтаў знайшла развагі пра творчасць класікаў: “Янка Купала — пераважна рамантык, Якуб Колас — рэаліст. Лірыка Купалы — гэта лірыка прарока, вешчуна, яна поліфанічная. Якуб Колас раскрываў у сваёй лірыцы перажыванні рэальнага, звычайнага, канкрэтнага чалавека. Купала-рамантык увесь у метафары, у эфектным стылі, Якуб Колас — у рэалістычна-канкрэтнай малюнкавасці. Гістарычная заслуга іх абодвух найперш у тым, што Песняры стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету, зрабілі яе агульнанароднай справай, адным з важнейшых і дзейсных сродкаў маральнага і эстэтычнага выхавання будучых пакаленняў”.

Невядомы партрэт, альбо З Купалам па свеце

Пра значнасць асобы Янкі Купалы і за межамі Беларусі казаў Міністр культуры Барыс Святлоў на ўрачыстасці ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску: там пачалі святкаваць Год Купалы. “Расія, Польшча, Украіна, Літва, Славакія таксама будуць святкаваць юбілей Песняра, — адзначаў Міністр. — Янку Купалу павінны ведаць і памятаць як вялікага паэта і вялікага дзеяча не толькі нашы сучаснікі, але і нашчадкі”. Сапраўды, ён для нас — прыклад самаадданага служэння Бацькаўшчыне. “І як паэт, і як грамадска-палітычны дзеяч ён сваёй творчасцю імкнуўся вярнуць беларусам ганаровае месца сярод іншых народаў. На мой погляд, гэта яго найвышэйшае дасягненне”, — адзначаў Барыс Святлоў. А сёлетнія культурныя мерапрыемствы — лагічны працяг леташніх: “Год культуры працягваецца ў канкрэтных імёнах, у зорках роднай культуры, сярод якіх Янка Купала — адна з першых па яркасці, велічыні”.

С. Кандыбовіч з падарункам

Святкаванне ўгодкаў паэта пачалося з прэзентацыі яго невядомага раней партрэта. Гравюру рускага мастака Мікалая Паўлава падарыў Купаўскаму музею старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Сяргей Кандыбовіч. Сімвалічна, што партрэт Янкі Купалы быў знойдзены напярэдадні ягонага юбілею, казаў дароўца. Гравюра была выстаўлена на аўкцыёне ў Маскве разам з іншымі працамі мастака.

Беларусы Масквы даведаліся пра тое, выкупілі твор і вырашылі перадаць яго ў дар музею. На імпрэзе гучалі вершы Янкі Купалы “Маja dola”, “А хто там ідзе”, “Прарок”, “Спадчына”. Дарэчы, аўтографам тых твораў пастановай Саўміна ў 2016 годзе быў нададзены статус першай катэгорыі гістарычна-культурнай каштоўнасці. Прагучалі й песні на словы Купалы ў выкананні выкладчыкаў і студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Пасля ўрачыстасці ў Купалаўскім музеі пра адкрыццё выставы “Завуся я толькi Янка Купала” ў Культурным цэнтры Беларусi у Варшаве паведаміў яго дырэктар Міхаіл Рыбакоў. Экспазіцыя рыхтавалася да мiжнароднага выставачнага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур”. Менавіта з яе, па словах дырэктаркі Купалаўскага музея Алены Ляшковіч, Год Купалы пайшоў па свеце. “Выстава пройдзе ў Расіі, Украіне, Францыі, Славакіі, Арменіі, Грузіі, Латвіі, Літве, — паведаміла Алена Ляшковіч. — Гэта значыць: ва ўсіх краінах, якія так ці інакш звязаны с жыццём і творчасцю Янкі Купалы”. Да юбілею Песняра супрацоўнікі музея рыхтуюць і чарговую экспазіцыю, якую прадставяць наведнікам у маі. Вядуцца перамовы з Літоўскім гістарычным музеем, у фондах якога захоўваюцца рукапісы Купалы. Хутка іх прывязуць у Мінск.

З Літвою звязаны лёсам

А ў літоўскім горадзе Клайпеда нядаўна адкрылася выстава, прысвечаная 110-годдзю пачатка творчай дзейнасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа “Свайму часу і вечнасці”. Яна ўжо дэманстравалася, дарэчы, з 24 лістапада ў Літаратурным музеі А.С.Пушкіна ў Вільнюсе. Пра тое напярэдадні адкрыцця клайпедскай экспазіцыі напісаў у рэдакцыю старшыня суполкі “Крыніца”, Ганаровы консул Беларусі ў Літве Мікалай Логвін. На выставе прадстаўлены матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мема­рыяльнага музея Якуба Коласа: факсімільнае выданне газеты “Наша доля” з першай публікацыяй паэта, рукапісы лістоў Якуба Коласа да супрацоўнікаў рэдакцыі “Нашай нівы”, ілюстрацыі розных мастакоў да твораў Песняра. Ёсць там і фатаграфіі паэта з часу яго знаходжання ў Вільні, выданні 1920-40 гадоў, газеты “Літаратура і мастацтва”, віленскія выданні твораў паэта розных гадоў. Цікава паглядзець перапіску пісьменнікаў Літвы з Якубам Коласам, асабістыя рэчы з сям’і Каменскіх (жонкі паэта), друкаваныя выданні.

Раней, у 2015-м, у Вільнюсе праходзіла і экспазіцыя “Дзядзька ў Вільні” па матывах паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. Вільня — важны горад у лёсе Песняра. У прэс-рэлізе паведамлялася: “З 1906 года жыццё і творчасць Якуба Коласа былі цесна спалучаны з сённяшняй сталіцай Літвы. 1 верасня 1906 года ў газеце “Наша доля” адбыўся літаратурны дэбют Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча — верш “Наш родны край” быў надрукаваны пад псеўданімам Якуб Колас. У Вільні выйшлі яго кнігі: зборнік вершаў “Песьні жальбы” (1910), “Апавяданні” (1912), “Родныя з’явы” (1914)”. У біяграфіі пісьменніка чытаем: з мая па чэрвень 1907-га Канстанцін Міцкевіч узначальваў літаратурны аддзел у рэдакцыі газеты “Наша ніва”. Затым па загадзе паліцыі вымушаны быў пакінуць Вільню: пад час ператрусу ў яго былі канфіскаваныя рукапісы рэвалюцыйных вершаў. А 1 верасня таго ж года ён вяртаецца ў Вільню і ўжо з афіцыйным дазволам на права жыхарства працуе ў рэдакцыі. У той час піша вершы і апавяданні пад рознымі псеўданімамі: Дзядзька Карусь, Тамаш Булава, К. Альбутский, Агарак... І пасля вызвалення з турмы 15 верасня 1911 года зноў наведаў Вільню і “ехаў туды не з пустымі рукамі. Вёз тры сшыткі ў кляёнчатых вокладках. І ўсё з вершамі”.

Лёс Якуба Коласа моцна звязаны з Літвою. У прыгарадзе Вільні, Павільнюсе, у Віленскай чыгуначнай калоніі быў дом ягонай будучай жонкі Марыі Каменскай, настаўніцы Пінскай чыгуначнай школы. Той дом пабудавала яе маці. Туды ў 1913-м у час вясельнага падарожжа прыязджала сям’я Міцкевічаў. Летам у 1913-15 гады Кастусь і Марыя жылі ў тым доме. “Адсюль паэт хадзіў у Вільню да Янкі Купалы ў рэдакцыю «Нашай нівы», — чытаем у прэс-рэлізе. — Там сустракаўся з выдаўцамі, дамаўляўся аб выданні зборніка прозы “Родныя з’явы”. Колас успамінаў, што і Янка Купала некалькі разоў наведваў яго ў ваколіцах Вільні”.

А ў Коласаўскім музеі ў Мінску працуе выстава “Не ў аднэй толькі нашай душы зерне ёсць хараства” мастачкі Людмілы Пятруль: да 90-годдзя з часу выхаду зборніка Якуба Коласа “Казкі жыцця”. Па словах дырэктаркі музея Зінаіды Камароўскай, акрамя ілюстрацый да апавяданняў прадстаўлены рукапісы “казак”, рэцэнзія Кандрата Крапівы на зборнік 1960 года, выданні розных гадоў і пераклады твораў Песняра на мовы свету.

У Год Песняроў будзе мноства вечарын, сустрэч, новых праектаў. “Святочныя” дарогі павядуць нас на Стаўпеччыну, у Акінчыцы, Смольню, Альбуць і Ласток — родныя мясціны Коласа. Запланаваны імпрэзы ў купалаўскай Вязынцы, Ляўках, Акопах, Яхімоўшчыне... Спадзяемся, і чытачы “ГР”, актывісты беларускіх суполак замежжа далучацца да святкавання юбілеяў класікаў — і нам раскажуць, як адзначаюцца юбілеі слынных Песняроў па свеце.

Кацярына Мядзведская, “Голас Радзімы”