Нітачка роду ад дзеда Рыгора

Летась на радзіме продкаў пабываў супляменнік з Уругвая Себасцьян Андраюк: упершыню ў якасці Ганаровага консула Беларусі.

Себасцьян Андраюк з уругвайскага горада Кармэла на этнічную радзіму прыехаў другі раз. Пра першую вандроўку мы пісалі (“Себасцьян, суродзіч з Уругвая” — “ГР”, 23.08.2012). Цяпер наведаў радзіму свайго дзеда Рыгора ў якасці Ганаровага консула Беларусі ва Уругваі, абавязкі якога выконвае з 2014 года. Таму і справы меў як асабістыя, так і па працы. Наведаў некаторыя з прадпрыемстваў: мінскія заводы “Крышталь” і трактарны, брэсцкія “Белалко” і “Panda”. Вёў перамовы з кіраўнікамі кампаній “Тэхніка і камунікацыі”, “Белзнешпрамсервіс”, канцэрна “Беллегпрам”, турыстычнай фірмай “Адані”. Былі сустрэчы ў міністэрствах замежных спраў і прамысловасці, ганаровы госць выступаў перад студэнтамі Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, у Цэнтры лацінаамерыканскіх даследаванняў БДЭУ. У вольны час госць знаёміўся з Мінскам, наведваў музеі, гасцяваў у родных у Брэсце.

Себасцян Андраюк (справа )і Аляксандр Чабатарэўскі ў Цэнтры сучасных мастацтваў

Па прызнанні спадара Себасцьяна, за чатыры гады, што тут не быў, у краіне ўсё стала яшчэ больш прыгожым: “З’явіліся новыя гатэлі, рэстараны, гандлёвыя цэнтры. Аэрапорт і вакзал набылі больш сучасны выгляд. Заўважыў шмат надпісаў па-беларуску на вуліцах, кнігарнях, камерцыйных цэнтрах. Ёсць назвы і па-англійску — не заблукаеш”.

Мы звязаліся з ім, калі госць быў ужо за акіянам. Себасцьян піша: “Паехаць у Беларусь было маёй ініцыятывай, вялікую дапамогу аказала Амбасада Беларусі ў Аргенціне. Я хацеў як мага больш даведацца пра экспартны патэнцыял краіны. А найлепш пабачыць усё на свае вочы. І я глядзеў, слухаў, а яшчэ расказваў пра ўругвайскі бізнес... Як гаворыцца, наладжваў масты. Я — пасярэднік, сувязное звяно паміж Уругваем і Беларуссю. Добра ведаю сваю краіну, але ўсім сэрцам люблю радзіму продкаў. Хачу, каб паміж гэтымі землямі, што знаходзяцца на розных кантынентах, было больш агульных інтарэсаў, у тым ліку ў бізнесе і эканоміцы”.

Як паведамілі нам у Амбасадзе Беларусі ў Аргенціне, Себасцьян Андраюк — прадпрымальнік, мае некалькі магазінаў з прадукцыяй лёгкай прамысловасці, у яго добрыя сувязі ў дзелавых колах. Цяпер ён актыўна прадстаўляе палітычныя і эканамічныя інтарэсы Беларусі ў Уругваі, удзельнічае ў буйных выставах. У консульстве створана інфармацыйная база эканамічнага патэнцыялу Беларусі на падставе друкаваных і лічбавых матэрыялаў, прадстаўленых Амбасадай Беларусі ў Аргенціне. З ёй знаёмяцца мясцовыя прадпрымальнікі з магчымасцямі выбудоўвання супрацы з беларускімі кампаніямі. На плошчах кампаніі Андраюка працуе гандлёвае прадстаўніцтва Беларусі ў Уругваі. Гэтая краіна імпартуе з Беларусі калійныя ўгнаенні, неўзабаве адкрыецца і прадстаўніцтва “Белшыны”. “Я ўпэўнены, што эканомікі Уругвая і Беларусі ўзаемадапаўняльныя, — лічыць Себасцьян Андраюк. — Уругвай вырабляе прадукты, а Беларусь — тэхніку і абсталяванне для гэтай вытворчасці”.

Ёсць сярод абавязкаў Консула — і пошук супляменнікаў. Менавіта тых, хто мае беларускія родавыя карані. Дарэчы, асобнай беларускай арганізацыі ва Уругваі ніколі не было, як і ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі. Беларусы, рускія, украінцы, палякі разам стваралі суполкі. Дагэтуль працуюць Культурны цэнтр імя Максіма Горкага ў Монтэвідэа, славянская суполка ў Сан-Хаўеры, што ў дэпартаменце Рыа-Негра. На маё пытанне, колькі ва Уругваі цяпер беларусаў, спадар Себасцьян адказвае: “Пытанне на мільён даляраў! І ніхто адказу не ведае. Але і мне яно спакою не дае... З беларусамі ўсталёўваем сувязі праз сацсеткі, па тэлефоне, па пошце і запрашаем зарэгістравацца ў нас у консульстве, каб стварыць базу супляменнікаў, іх дзяцей і ўнукаў. Вялікая праца! І яна дае плён. Мая першая мэта — зарэгістраваць 50 чалавек, затым 100. А далей... У нас ёсць дзве старонкі ў інтэрнэце: “Консульства” і “Беларусы Уругвая”. На іх выкладваем відэа, фота беларускіх абрадаў і традыцый. Пішам пра нацыянальныя святы, адзенне, а таксама пра сучасных спартсменаў, мастакоў, навукоўцаў, падаем навіны штодзённага жыцця ў Беларусі. А ў 2017-м плануем правесці Першую сустрэчу землякоў-беларусаў Уругвая”.

Знаёмства з прадукцыяй Мінскага трактарнага завода

Зразумела, цяжка праз акіян захоўваць мову, культуру, ды й нават памяць пра тое, хто ты і адкуль. Для перасяленцаў былі вельмі цяжкія, напрыклад, гады ваеннай дыктатуры (1973-1985): тады членаў дыяспар пераследавалі, а за тое, што размаўлялі на роднай мове, саджалі ў турму. Паступова страчваліся злучальныя нітачкі з радзімай продкаў. І так цяжка іх цяпер аднавіць! Але ж некаторым удаецца. У 2010-м праз інтэрнэт Себасцьян Андраюк знайшоў сваіх стрыечных братоў ды сясцёр у Брэсце і ўжо двойчы іх наведваў. А цяпер іншым дапамагае аднавіць родавыя сувязі. Зладжана працуе з Ганаровым консулам Уругвая ў Мінску Аляксандрам Чабатарэўскім. Той неаднойчы прымаў заявы на пошукі сваякоў ва Уругваі, перасылаў іх Себасцьяну. Пасля таго, як роднасныя сувязі аднаўляліся, прыходзілі яму лісты ўдзячнасці з розных мясцін Беларусі, нават з самай глыбінкі.

Спадар Себасцьян піша ў рэдакцыю, што быў вельмі блізкі з дзядулем, Рыгорам Кірылавічам Андраюком, які родам з вёскі Баршчова: гэта Камянецкі раён Брэстчыны. Шмат распытваў таго пра родныя мясціны, сям’ю. Сёння ж любоў да Беларусі, да культуры, традыцый продкаў “узрошчвае” ў сваіх дзецях: “Мы глядзім беларускае тэлебачанне па інтэрнэце, сочым за нацыянальнай камандай па футболе. У маёй 4-гадовай дачкі ёсць свая “вышыванка”, а ў 7-гадовага сына — майка з колерамі беларускага сцяга. Дзеці вельмі ганарацца тым, што іх бацька — беларускі консул. Аднойчы сын у школе намаляваў дом, а ля яго — чырвона-зялёны сцяг. Пасля расказваў настаўніцы і аднакласнікам пра краіну, адкуль у 1929 годзе прыехаў яго прадзядуля. Думаю, мае дзеці ніколі не забудуць, што яны — беларусы”.

Кацярына Мядзведская, “Голас Радзімы”