Беларуская песня, выкананая палякамі, набірае папулярнасць

Беларускую песню запісаў польскі жаночы музычны калектыў „Лабараторыя песні” (Laboratorium Pieśni).

Песня „Што й па Мору” стала адной з самых папулярных у гэтага гурта. На YouTube яна набрала больш за 300 тысяч праглядаў, у той час як астатнія песні набіраюць да 100 тысяч. Актыўна дзеляцца каларытным відэа і карыстальнікі Фэйсбука – ужо больш за 55 тысяч чалавек размясцілі ролік на сваіх старонках.

Дзяўчаты з Laboratorium Pieśni спяваюць польскія, украінскія, балканскія, грузінскія, беларускія і нават скандынаўскія народныя песні. Іх выконваюць а капэла або ў суправаджэнні бубнаў, флейты, гонга і іншых рэдкіх музычных інструментаў. Дзякуючы гэтаму песні становяцца падобнымі на магічныя замовы, але гэта ім толькі дадае шарму.

“Радыё Рацыя” паводле kp.by