Як беларусы абуваюць Лэдзі Гагу, а таксама Мадону, Рыяну і “клубных дзетак”

Аднойчы ў пошуках абутковай майстэрні ў сваім раёне я натыкнулася на дзівосную вітрыну з пераробленымі «найкамі» і «канверсамі» на абцасах і велізарных паласатых платформах. Адразу прыгадаліся дзевяностыя, Spice Girls і зялёныя чаравікі на платформе, набытыя на польскім рынку, якія я насіла нават у лютыя маразы.

Пагутарыўшы з майстрам па рамонце абутку Юджынам, мы высветлілі, што родам ён з Беларусі (Юджынам Яўген стаў у Амерыцы, бо правільнае вымаўленне паламала б язык любому амерыканцу). З яго напарнікам Барысам я пазнаёмілася пазней, калі прынесла рамантаваць чарговую пару.

Барыс падобны да спевака рэгі – дрэды, паўспартовае вольнае адзенне, праніклівы позірк. Яго бацька Леанід Зубараў – сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар кніг для дзяцей і юнацтва - кіраваў аркестрам народнай музыкі і ВІА «Блуждающие звезды». У 2015 годзе Барыса ў Мінску затрымалі супрацоўнікі АМАПу, калі ён частаваў марозівам удзельнікаў пікету ў падтрымку палітвязняў на пляцоўцы каля ГУМа, нібыта за «нецэнзурную лаянку». Пасля праверкі дакументаў адпусьцілі. Можа быць таму на пытанне, ці няма ў яго жадання наведаць радзіму, Барыс энергічна матляе галавой.

– Маё дзяцінства прайшло ў двары ГУМа, – распавядае ён. – Я вучыўся ў школе № 75 з мастацкім ухілам, мне лёгка даваліся маляванне, разьба па дрэве, музыка. Аднак я быў дзёрзкі, атрымліваў двойкі па паводзінах, і настаўнікі прапанавалі накіраваць мяне падмайстроўем да шаўца ў Доме побыту, каб я пасмірнеў і чым-небудзь заняўся. Там я засвоіў асновы прафесіі. Калі сям'я імігравала ў Штаты, мне было 14 гадоў. Грошай не было, працы таксама, у кішэні 20 даляраў. Чым я толькі ні займаўся! Працаваў тату-майстрам, вырабляў зубныя пратэзы (дарэчы, быў на добрым рахунку), вучыўся ў Канэктыкуце ў італьянскіх майстроў рабіць абутак «з нуля». Па Беларусі я не сумаваў, мяне закруціла тутэйшае жыццё. Дарэчы, у Амерыцы мяне ніколі не прымаюць за рускага, думаюць, я з Бразіліі або аднекуль яшчэ.

Ідэальная пара

У 1994 годзе Барыс пачаў працаваць з Яўгенам Фінкельбергам у абутковай майстэрні. Крэатыўны малады чалавек пачаўрабіць тое, чаго да яго не рабіў ніхто - перарабляць красоўкі і кеды, ствараючы аўтарскі абутак, які сваім выгядам вельмі адрозніваўся ад арыгінала і прыводзіў у захапленне тутэйшых рокераў, рэпераў, панкаў і рэйвэраў.

Пераробленыя Барысам і Яўгенам кеды

У тыя часы найбольш гучныя вечарыны ладзіліся ў клубе Limelight, які месціўся ў будынку былой царквы. Велізарныя платформы сталі фішкай майстэрні Барыса і Яўгена. Да іх майстэрні выстройваліся чэргі з тусоўшчыкаў. Сябры супольнасці «Клубныя дзеткі» былі ў авангардзе начнога жыцця, іх ачольваў таленавіты, экстравагантны і безнадзейна нарказалежны прамоўтэр клуба Майкл Эліг. Для аднога толькі яго Барыс і Яўген стварылі дзясяткі ўнікальных чаравікаў і красовак на платформе, - да кожнага з яго вар'яцкіх срояў. Майкл, вядомы сваімі выбрыкамі (памачыцца ў напоі гасцей клуба было для яго звычайнай справай), у 1996 годзе быў асуджаны за забойства наркадылера, цела якога ён разабраў і кінуў у Гудзон у скрыні з-пад тэлевізара. У дакументальным фільме Party Monster Эліг, распавядаючы пра свой лад жыцця, выхваляецца чаравікамі на платформе работы Барыса Зубарава: «Гэтыя – мае любімыя! Паўтара года ў іх хаджу».

– «Клубныя дзеткі» прыносілі чаравікі а шостай вечара і а дзясятай ужо танчылі ў іх, – распавядае Барыс. – Гэта давала добры прыбытак - кошт адной пары складаў 300–500 даляраў, амаль што кошт месячнай арэнды памяшкання майстэрні. Мы зрабілі такіх пар, напэўна, тысячу! Працавалі на знос, клеілі платформы ад дзясятай раніцы да дзясятай вечара. Трохі адпачывалі і зноў працавалі да чацвёртай.

У майстэрні Барыса і Яўгена

Пагалоска пра таленты беларускіх майстроў дакацілася да эліты моднай індустрыі. З’явіліся замовы на выраб абутку для фотасесій вядучых глянцавых часопісаў, модных паказаў і ў прыватныя калекцыі селебрыці.

Чаявыя ад Вікторыі Бэкхэм

Цяпер абутак з дызайнам Барыса Зубарава рэгулярна можна бачыць у часопісах «Vogue», «V Magazine», «Nylon», на подыумах New York Fashion Week. Сярод яго знакамітых кліентак – Кейт Мос, Лэдзі Гага, Мадонна, Рыяна, а таксама кампаніі Gucci, Burberry, Prada, Atelier ды іншыя, якія наймаюць Барыса для дызайну найдзёрзкіх, рызыкоўных мадэляў. Гэтак, знакамітыя grougues – класічныя мужчынскія мадэльныя туфлі на платформе, тыповай для кедаў або красовак, – вынаходніцтва Барыса. Першую пару (сэмпл) ён выканаў для галоўнага дызайнера Prada. Той стаў з'яўляцца ў grougues на разнастайных паказах і свецкіх мерапрыемствах. Незвычайныя туфлі мелі аглушальны поспех, і неўзабаве модны дом стварыў цэлую калекцыю на аснове асобніка Барыса, запусціўшы grougues у продаж па 800 даляраў за пару.

Туфлі на платформе, характэрнай для кедаў ці красовак

Падаецца жудасна несправядлівым тое, што ўся слава ў выніку дастаецца брэнду, а не аўтару ідэі. Але Барыс Зубараў не крыўдуе:

– Так гэта працуе ў свеце моды. Я раблю дызайн, яго разглядаюць, зацвярджаюць і даюць падпісаць паперу, што я адмаўляюся ад усіх правоў на гэты дызайн. На распрацоўку ўласнага брэнда трэба аддаць шмат часу і высілкаў, невылазна сядзець у Кітаі, кантраляваць вытворчасць, а ў мяне жонка, дзіця... Ды і не маё гэта - у офісе працаваць.

Для Мадоны майстры стварылі серабрыстыя туфлі, ашчэраныя металічнымі шыпамі. Для Рыяны - кеды на празрыстых пластыкавых шпільках. Дэвід Бэкхэм здымаўся ў іх красоўках для моднага часопіса, а ягоная жонка Вікторыя фарсіла ў туфлях ад Зубарава падчас паказу Гучы ў Нью-Ёрку. Вікторыі Бэкхэм настолькі спадабалася праца майстра, што на знак падзякі яна пакінула Зубараву гасцінец памерам 500 даляраў.

Лэдзі Гага ў абутку ад Барыса

– Я не вялікі знаўца новых імёнаў, – кажа Барыс. – Нядаўна рабіў заказ для Азіліі Бэнкс і ўжо постфактум даведаўся, што яна знакамітая рэп-выканаўца. З Карласам Леонам – бацькам дачкі Мадоны – я меў даволі блізкія зносіны. Ён жыў недалёка ад нашай старой майстэрні і часцяком завітваў у госці. Зоркі рэдка працуюць з намі наўпрост, а часцей дасылаюць сваіх стылістаў, і мы з імі абмяркоўваем пажаданні кліентаў, я прапаную дызайн. Гарачы сезон для нас пачынаецца напярэдадні «Бернинг Мэна». Калі часопіс Rolling Stone рабіў матэрыял пра фэст, то паставіў на вокладку фатаграфію дзяўчыны ў маіх чаравіках. Было прыемна.

«Гэта быў дурдом! Але мы працавалі, есці нешта трэба »

Акрамя спецзамоваў майстры займаюцца рамонтам абутку, прычым кошты ў іх такія самыя, як і паўсюль у горадзе, што, зважаючы на іх вядомасць у модных колах, нават дзіўна.

– Хто толькі ў нас ні робіць замовы! – усміхаецца Барыс. – Гангстэры, рэперы, драгдылеры, хіпстэры... Вось зараз прыйдзе хлопец з дрэдамі, калі іх раскруціць – расцягнуцца да канца квартала. Хоча прымайстраваць 30-сантыметровыя платформы да сваіх чаравікаў. Мне з такімі кліентамі цікава працаваць. Бушвік, вядома, не параўнаць з Ніжнім Іст-Сайдам дзевяностых (раней майстэрня знаходзілася там). Да 2000 года гэта быў дурдом! Разборкі, перастрэлкі, сквот, панк-рок-канцэрты. Звычайныя людзі не заходзілі глыбей за другую авеню – ведалі, што небяспечна. А мы працавалі – есці-то трэба! У Бушвік мы пераехалі чатыры гады таму. Нас, як і многіх іншых уладальнікаў малых бізнэсаў, выціснулі цэны на арэнду нерухомасці. У 1994 годзе, калі мы пачыналі, то плацілі за арэнду памяшкання ў 100 квадратных метраў 600 даляраў на месяц. У 2013 годзе тое самае памяшканне здавалася за 4500 даляраў на месяц. Мы не прыхільнікі ўздымаць цэны, працуем для кліентаў рознага дастатку, таму вырашылі пераехаць у Бушвік (багемны, але яшчэ нядаўна вельмі крымінальны раён Брукліна. – А.К.). Следам за намі рушылі астатнія, і цяпер мы суседзі з тым самым тату-салонам, што і ў Іст-Сайдзе.

Дызайн Барыса – Капыт Д’ябла

Дазволіць сабе кастамізаваны абутак могуць не толькі селебрыці. У майстэрню на пераробку рэгулярна прыносяць кеды і красоўкі. У ход ідуць фарбы, кіслоты, спрэй, пластык - усё, што здольна змяніць абутак да непазнавальнасці. Кошт мадэрнізацыі, у залежнасці ад прыкладзеных намаганняў і задзейнічаных матэрыялаў, можа скласці некалькі сотняў даляраў. Ці па кішэні студэнтам? Калі гаворка ідзе пра тое, каб прыляпіць 11-сантыметровую платформу да «канверсаў», то праца абыйдзецца ў 120 даляраў. Платформы ствараюцца ўручную – выразаюцца пласты, склейваюцца паміж сабой. На працу сыходзіць 3-4 гадзіны. Так што кошт сумленны.

– Мне прыемна рабіць нешта для людзей, якія «ў тэме» і ацэняць мае ідэі, намаганні, – кажа Барыс. – Самая модная нацыя зараз – японцы. А Нью-Ёрк, на жаль, ператварыўся ў калгас, тут амаль не засталося яскравых асобаў, я не бачу клёвых людзей на вуліцах. Замест іх прыйшлі тыя, каго я называю «панк-рокер выходнага дня». Гэта тычыцца не толькі моды, але і музыкі. Лепшыя свае дызайны я стварыў у 1992–1997 гадах, калі жыццё ў Іст-Вілідж было даступнае дял музыкаў, мастакоў, дызайнераў, і мы ўсе разам чамусьці вучыліся адзін у аднога. А потым цэны на нерухомасць узляцелі і ўсе раз’ехаліся хто куды. Дарэчы, тыя мае дызайны былі ацэненыя толькі ў двухтысячных гадах, так што я, можна сказаць, апярэдзіў час. Так было, напрыклад, з чаравікамі на платформе без абцаса (Барыс называе іх «капытамі Д'ябла»), якія мы зрабілі для Лэдзі Гагі, і дзякуючы якой на іх пайшла мода. Я іх прыдумаў у сярэдзіне дзевяностых. Як прыдумаў? Ды курыў штосьці, вось і прыйшла ідэя ў галаву...

Чаравікі для Лэдзі Гагі ад Зубарава

Барыс Зубараў і Яўген Фінкельберг ствараюць унікальны абутак не толькі для Лэдзі Гагі, але і для зорак панк-рока і самых гарачых рэпераў Нью-Ёрка.

– У 2011-м Mobb Deep знялі кліп на кампазіцыю Dead man's shoes са мной у галоўнай ролі, – распавядае Барыс. – Паводле сюжэту я дапамагаю гангстэрам схаваць труп у нашай майстэрні. Праз тое, што гэта вельмі вядомы ў ЗША гурт, мяне пасля выхаду кліпа паўсюль сталі пазнаваць, я нават не мог спакойна спусціцца ў метро.

Калісьці яны былі першымі ў Нью-Ёрку, хто змяняў выгляд красовак і ляпіў платформы да кедаў. Цяпер жа на кожны дызайн Барыса Зубарава пераймальнікі ствараюць дзесяткі падробак, часам у вельмі танным выкананні. Даводзіцца выдумляць нешта новае - платформы, якія адшпільваюцца, новыя тэкстуры, аплікацыі са шматкоў банданы, з футра шыншылы. Стылі змешваюцца. З кедаў робяцца батфорты. На красоўкі наклейваецца скураная махра. Язык не паварочваецца назваць гэтых майстроў шаўцамі. Яны – сапраўдныя shoe artists. Пры гэтым самі майстры носяць дыхтоўны, але нічым не выразны абутак. Барыс тлумачыць гэта так:

– Уявіце, што вы пекар і цэлы дзень думаеце пра булкі. Ці станеце вы іх есці? Нейкі час будзеце, а потым перасыціцеся, вам тых булак і на працы будзе хапаць. Тое і са мной. Я магу дазволіць сабе любы, самы дарагі абутак, але ў мяне гэтага дабра столькі, што мне абыякава. Я спакойна стаўлюся да матэрыяльнага. Ведаеш, што насамрэч важна?

Лэдзі Гага ў кедах ад Барыса

Барыс зацягваецца цыгарэтай, глядзіць на мяне яснымі, усмешлівымі вачыма:

– ...Важна рабіць тое, пра што астатнія скажуць: гэтага няма і быць не можа!

Аліса Ксяневіч, tut.by