Дваццаць восем калектываў з усяго Падляшша сустрэліся на супольным калядаванні. Васямнаццаты раз у Беластоку прайшло мерапрыемства «Гвязда і Калядка».
На сцэне прэзентаваліся каляднікі ад прадшкольнага ўзросту па самых пажылых выканаўцаў. Мерапрыемства спалучае пакаленні ў адной прыгожай традыцыі.
— Беластоцкі агляд калядак гэта свята на ўсё Падляшша, бо тут збіраюцца ўсе нашы групы, калядныя хоры, весяляць публіку тэлебачанне і ўсё калядкамі. Дзякуй Богу, гэта цешыць душу, што яшчэ такое ў нас ёсць, бо на Захадзе гэтага ўжо няма, а шкада.
— Калі чалавек выйдзе і паспявае беларускі песні, дык сэрцам інакш пачуваецца ўвесь тыдзень. А калі мы можам сустракацца з іншымі калектывамі на розных мерапрыемствах, тады яшчэ лепш.
Віцэ-старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень:
— І нам вельмі прыемна, што мы гэтым аглядам можам працягнуць яшчэ святочны час, разам спяваць гэтыя калядныя песні, каб на душы ў нас было вельмі радасна, весела з нагоды Нараджэння Гасподняга.
«Гвязда і калядка» — гэта першае мерапрыемства з якога пачынаецца культурны каляндар Беларускага грамадска-культурнага таварыства.
Уля Шубзда, “Беларускае Радыё Рацыя”