7 і 8 студзеня 2017 году актывісты Іркуцкага беларускага клуба “Крывічы” правялі выязное святочнае мерапрыемства: “Каляды-2017” у вёсцы Аляксандраўск Аларского раёна Іркуцкай вобласці.
Калядоўшчыкі
Сяло Аляксандраўск было створана ў 1901 годзе перасяленцамі з Беларусі. Да гэтага часу там можна знайсці жыхароў з дзіўнымі беларускімі прозвішчамі: Дударык, Цыбуля, Круповіч, Грыс ды інш.
Ёсць у гэтым сяле і свой фальклорны ансамбль “Крынічанька”, утвораны ў 1964 годзе, і Музей беларускага побыту, дзе сабраныя ўнікальныя прадметы першых пасяленцаў.
Гаспадары ў адной з хат
7 студзеня мы хадзілі па хатах мясцовых жыхароў з каляднымі песнямі, жартамі, карагодамі, варажбой, з Казой, Ваўком, Мядзьведзем і Варажбиткой – калядавалі. Сустракалі нас цёпла, ветліва, катэгарычна запрашалі за стол. Але мы здавольваліся толькі тым, што клалі ў мех да Механошы. У адным доме гаспадары апранулі беларускія кашулі сваіх продкаў, у іншым доме бабуля плакала ад радасці, што ўбачыла “сапраўдных” калядоўшчыкаў, як у гады яе маладосці.
Каза
8 студзеня ў клубе вёскі Аляксандраўск адбыўся канцэрт. Разам з намі выступалі мясцовы фальклорны ансамбль “Крынічанька”, а таксама творчыя калектывы і салісты з суседніх вёсак. Пры канцы мы ўручылі падарункі Ансамблю "Крынічанька" і дзіцячаму фальклорнага кружку “Туясок”, а самі атрымалі граматы!
Механоша і Воўк
Хачу падзякаваць актывістам Клуба “Крывічы” за згуртаванасць, творчасць і камандны дух! Дзякуй Волі Галанавай, Юлі Гайсінай, Яне Фадзеевай, Зіне Капуцкай, Дзянісу Таранушэнку, Вадзіму Таранушенку, Васілю Анісімаву, Дзіму Вараб’ёву, Валі Сіняўскай, Алесі Стасевіч!
Варажбітка
Наш творчы дэсант у чарговы раз паказаў важнасць захавання беларускай традыцыі!
Калядны карагод
Таксама мы дзякуем аляксандраўцам за сардэчны прыём.
Асаблівыя падзякі: дырэктару Дома культуры вёскі Аляксандраўск Ларысе Пятроўне Сітнікавай, кіраўніку дзіцячага фальклорнага гуртка "Туясок" Вітвіцкай Любові Мікалаеўне, кіраўніку паселішча Аляксандраўск Мялешчанцы Таццяне Уладзіміраўне!
Выступ гурта “Крынічанька”
Таксама мы дзякуем Адміністрацыі Іркуцкай вобласці, Упраўленню па сувязях з грамадскасцю – за прадстаўлены аўтобус.
Музей вёскі Аляксандраўск
Каляды адбыліся! Ідзем па Сонцы далей!
Алег Рудакоў Фота Алесі Стасевіч і Валі Сіняўскай