Сустрэча з беларускамоўнай іспанкай у Беластоку

Пісаць і развівацца па-беларуску – гэта галоўная мэта маладой іспанкі. Анхела Эспінoса – студэнтка беларускай філалогіі ў Варшаве – была госцем у „Склепе з культурай”. Усіх прысутных яна ўразіла не толькі узроўнем ведання мовы, беларускай літаратуры, але і сваімі вершамі, якія дачакаліся шматлікіх узнагародаў і вылучэнняў у паэтычных конкурсах.

Анхела кажа, што дасягнула ўсяго, трымаючыся простага бацькоўскага наказу:

– Я заўсёды была трохі незвычайная. Спачатку я не разумела, чаму так. Вельмі ўдзячная бацькам, якія мяне выхавалі з такімі думкамі, што трэба быць верным сабе, рабіць тое, што робіць цябе шчаслівым, а не кіравацца меркаваннем іншых людзей, грамадства. Трэба шукаць менавіта свой шлях. Марнаваць час – гэта не рабіць тое, чаго просіць сэрца.

Анхела Эспінoса з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Мерапрыемства ў „Склепе з культурай” у Беластоку прайшло ў рамках цыкла сустрэч „Пагаворым пра…”, якія ладзіць Аб’яднанне “АБ-БА”.

Уля Шубзда, “Беларускае Радыё Рацыя”