Старонка беларускай суполкі ў Грузіі з’явілася ў Інтэрнэце

Напачатку снежня 2016 года на фэйсбуку з’явілася афіцыйная старонка Саюза беларусаў Грузіі “Беларускія сябры”. Цяпер у беларусаў, якіх лёс занёс у сонечную закаўказскую краіну, ёсць мажлівасць своечасова даведвацца пра актуальныя навіны з жыцця беларускай дыяспары, атрымліваць паведамленні Амбасады Рэспублікі Беларусь у Грузіі, абмяркоўваць сумесныя праекты і, канешне ж, падтрымліваць стасункі з суайчыннікамі, знаходзіць новых беларускіх сяброў.

Ініцыятары стварэння старонкі – беларускі Лідзія Лярская-Шацірышвілі, дырэктар па культуры Саюза беларусаў Грузіі “Беларускія сябры”, якая жыве у Грузіі ўжо з 1985 года, і Вольга Градзінар, мінчанка, якая закахалася ў Грузію і пераехала жыць у Тбілісі – спадзяюцца, што цяпер беларусам у Грузіі будзе прасцей знаходзіць адно аднаго, сустракацца і ладзіць сумесныя мерапрыемствы.

– Міжнародная грамадская культурна-дабрачынная арганізацыя Саюз беларусаў Грузіі “Беларускія сябры” была афіцыйна зарэгістравана ў верасні 2010 года. Ужо падчас першых мерапрыемстваў мы зразумелі, што, нягледзячы на сяброўскія стасункі паміж нашымі краінамі, грузіны амаль што зусім не ведаюць пра культуру Беларусі, пра яе выбітных дзеячоў, пра нашыя звычкі і традыцыі. Вельмі хацелася неяк выправіць сітуацыю, – адзначае Лідзія Лярская-Шацірышвілі.

– Сёння сеціва – адзін з вельмі эфектыўных і ўплывовых сродкаў інфармацыі і камунікацыі. Калі ты не прысутнічаеш у інтэрнеце, цябе як бы не існуе, – дадае Вольга Градзінар. – Таму мы вырашылі рухацца ў гэтым накірунку, каб аб’яднаць “грузінскіх” беларусаў. Тым больш, што такі досвед ужо ёсць – я трэці год каардыную праэкт “Сайт грузін Беларусі” і мушу зазначыць, што супольны інтэрнэт-рэсурс – вельмі важны інструмент для падтрымання сувязяў, для захавання ўласнай культуры, традыцый і нацыянальнай ідэнтычнасці.

Усе беларусы, што жывуць у Грузіі, а таксама тыя, хто цікавіцца Беларуссю і захапляецца яе традыцыямі і культурай, могуць далучыцца да суполкі “Беларускіх сяброў” па спасылцы: https://www.facebook.com/belarusyvgruzii/.

Аб'яднанне “Беларускія сябры” (Грузія)