90-гадовая юбілярка ў таварыстве "Сьвітанак"

6 снежня 2016 г. споўнілася 90 гадоў Наталлі Пятроўне Цімаховіч.

Н.Цімаховіч нарадзілася ў сям'і латгальскага беларуса, кандытара Пятра Адольфавіча Цімаховіча з мястэчка Піедруя і Кацярыны Канстанцінаўны з Касцюшкевічаў з ваколіц цяпер літоўскай Інгаліны.

У 1941 годзе скончыла Рыжскую асноўную школу імя Юрыса Нэйкена. У тым жа годзе, калі пачалася вайна, выехала з бацькам у Латгалію, у мястэчка Індра, дзе 2 гады вучылася ў Індраўскай беларускай гімназіі, якую ўзначальваў тады вядомы педагог і вучоны Сяргей Сахараў. У гімназіі яна добра авалодала беларускай літаратурнай мовай, на якой нават спрабавала пісаць вершы, спявала песні. Пасля вайны, у 1946 годзе, са срэбным медалём скончыла ў Рызе латышскую сярэднюю школу. Тады ж паступіла на фізіка-матэматычны факультэт Латвійскага ўніверсытэта, які паспяхова скончыла ў 1952 годзе.

Пасля ўніверсытэта ўвесь час, да выхаду на пенсію, Н.Цімаховіч працавала ў Астранамічнай абсерваторыіі Латвійскай акадэміі навук. У 1990 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю "Вялікія радыёўспышкі Сонца". На тую ж тэму ёю зроблена звыш 20 навуковых публікацый. А ўсяго яна напісала больш за 300 навуковых работ пра Сонца, Галактыку і космас. Паралельна з навуковай працай у галіне радыёастраноміі Н.Цімаховіч прыклала шмат намаганняў для развіцця геліябіялогіі. З 1958 года яна з'яўляецца пастаянным аўтарам часопіса "Zvaigznota debess" Латвійскай акадэміі навук и Інстытута астраноміі Латвійскага ўніверсытэта.

Удзельніца шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцый. У 1992 годзе кандыдацкая дысертацыя Н.Цімаховіч была настрыфіцыравана Латвійскім ўніверсытэтам як доктарская.

Н.Цімаховіч і да сенняшняга часу актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак".

Яна пераклала  на беларускую мову творы Яніса Порука, Яніса Яунсудрабіня і Яніса Райніса, даследуе латвійскія дайны. Наталья Пятроўна шмат пісала ў латвійскія цэнтральныя газеты пра жыццё беларусаў Латвіі, з'яўляецца сталым аўтарам урадавай газеты "Latvjas vēstnesis".

Павіншаваць слынную беларуску, знакамітага вучонага і  цудоўнага чалавека Наталлю Пятроўну Цімаховіч з 90-гадовым юбілеям можна будзе 17 снежня бягучага года падчас імпрэзы, якую ЛТБК "Сьвітанак" будзе ладзіць у  будынку АНКТЛ імя Іты Казакевіч.