17 лістапада 2016 года, напярэдадні Дня Незалежнасці Латвійскай Рэспублікі, у будынку «Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч» у Рызе адбылося адкрыццё юбілейнай выставы «Уражанні беларускіх мастакоў у Балтыі» Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар». На ўрачыстасць прыбылі мастакі і госці з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Швецыі і Беларусі.
Вячка Целеш падчас адкрыцця юбілейнай выставы АМ-ББ «Маю гонар» з паэтам і бардам Алесем Камоцкім. Фота са старонкі Вячкі Целеша ў Фэйсбуку
Аб'яднанне беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» заснавана 12 студзеня 1991 года мастакамі з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Санкт-Пецярбурга. Усіх іх аб'ядноўвае любоў да беларускай культуры і мастацтву. Мастакі працуюць у розных тэхніках жывапісу, графікі, скульптуры і фотамастацтва. Выставы суполкі праходзілі ў многіх гарадах Латвіі, у Беларусі, Літве, Эстоніі. Назву згуртавання прыдумаў актыўны ўдзельнік руху мастакоў Іван Чарнякевіч з Санкт-Пецярбурга. Нязменным кіраўніком Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» з'яўляецца Вячаслаў Міхайлавіч Целеш (Вячка Целеш) - член Саюза мастакоў Беларусі, член Саюза мастакоў Латвіі, кавалер Ордэна Трох зорак ЛР.
2016 год для аб'яднання праходзіць пад знакам 25-гадовага юбілею. І калі красавіцкая выстава ў Даўгаўпілскім музеі адкрыла праграму юбілейных мерапрыемстваў, то выстава ў «Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі» (АНКТЛ), дзе жыве і Латвійскае беларускае культурнае таварыства "Світанак", завяршае гэтае кола гонару.
У Аб'яднанне беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» ў розныя гады уваходзілі Алег Аблажэй (Літва), Крысціна Балаховіч (Літва), Вячка Целеш (Латвія), Анатоль Ермаковіч (Латвія), Пётр Худобчонак (Латвія, Даўгаўпілс), Надзея Ізенёва (Латвія), Ірына Кароль (Латвія), Вольга Кажамяка (Латвія), Генадзь Курленкоў (Эстонія), Вячаслаў Лаўрыновіч (Латвія), Аліна Літвіненка (Латвія), Васіль Малышчыц (Латвія), Леанід Маствілішскі (Латвія), Тамара Насенка (Латвія), Кацярына Осберг (Швецыя ), Маргарыта Астраўмава (Эстонія), Людміла Прыбыльская (Эстонія), Ганна Пейпіня (Латвія), Алены Раманенка (Латвія), Зіта Суднік (Латвія), Алена Ціхамірава (Латвія), Ірына Трумпель-Сабалеўская (Латвія), Галіна Жэлабоўская (Латвія , Даўгаўпілс), Іван Чарнякевіч (Санкт-Пецярбург). Іх карціны ўпрыгожылі выставачную залу АНКТЛ. А ў зале яблыку няма дзе было ўпасці, столькі сяброў прыйшлі падзяліць з мастакамі радасць юбілейнай выставы.
Урачыстасць адкрыў старшыня Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар» і намеснік старшыні Латвійскага беларускага культурнага таварыства "Світанак" Вячка Целеш, павіншаваўшы ўсіх са святам Латвіі, за свабоду якой на барыкадах стаялі і беларусы. Прагучаў гімн Латвійскай Рэспублікі. Майстар прадставіў кожнага мастака, якіх віталі апладысментамі і кветкамі гледачы. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць Алега Аблажея, які сышоў у гэтым годзе ў лепшы свет.
Мерапрыемства пранікнённа вяла журналістка Латвійскага радыё, член «Світанка» Таццяна Касуха, знаходзячы дзіўна цёплыя словы, прадстаўляючы кожнага госця.
Першы сакратар амбасады Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Аляксандр Сушкевіч, кіраўнік АНКТЛ Рафі Хараджанян, дырэктар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы Ганна Іване, кіраўніца Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, старшыня таварыства «Світанак» Ірына Кузьміч, кіраўнік Беларускага інфармацыйнага цэнтра Уладзіслаў Рэдзькін, мецэнат Дзмітрый Кабановіч павіншавалі мастакоў з юбілеем аб'яднання «Маю гонар» і выставай, адзначыўшы іх значны ўклад у культуру Латвіі і Беларусі.
Прывітанне з Радзімы, ад аб'яднання «Бацькаўшчына», мастакам прывёз вядомы беларускі бард і паэт, лаўрэат шматлікіх фестываляў аўтарскай песні Алесь Камоцкі. Ён пад гітару выканаў некалькі песень, якія гледачы слухалі, затаіўшы дыханне. Цудоўна выканалі песні на беларускай мове выхаванцы Рыжскай беларускай школы. І хацелася ў скокі ісці пад завадныя народныя песні ў выкананні ансамбля «Вытокі».
Вечар атрымаўся дзіўна светлым, душэўным. І доўга яшчэ ў сценах старадаўняга асабняка гасціннага АНКТЛ гучалі песні і гутаркі людзей, аб'яднаных агульнай зямлёй, культурай, ідэяй - аднадумцаў.
Па дамоўленасці, у 2017 годзе ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры пройдзе выстава Аб'яднання беларускіх мастакоў Балтыі «Маю гонар». Іх юбілейная брашура, а таксама дыск з песнямі А.Камоцкага папоўнілі фонды бібліятэкі ЦБК.