Прэзентацыя кнігі Андрэя Саннікава «Мая гісторыя. Беларуская "Амэрыканка", або выбары пры дыктатуры» адбылася 17 лістапада адразу ў двух гарадах Канады.
Раніцай 17 лістапада былога палітзняволенага, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах у 2010 годзе, намесніка Міністра Замежных справаў Беларусі ў 1995–1996 гг. Андрэя Саннікава віталі беларусы Атавы на чале з Пётрам Мурзёнкам, а ўвечары таго ж дня аўтар быў ужо ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры горада Таронта. Абедзве сустрэчы былі арганізаваныя Згуртаваннем беларусаў Канады.
Старшыня Згуртавання беларусаў Канады Зміцер Эльяшэвіч прадставіў павіншаваў Саннікава з вылучэннем на прэмію Южы Гедройца, якую ўручае прэстыжнае польскае выданне «Rzeczpospolita».
Падчас сустрэчаў спадар Андрэй распавёў пра выбарчую сітуацыю 2010 году, пра падзеі ў дзень выбараў на Плошчы, пра ўмовы ўтрымання ў КДБ, а таксама адказаў на шматлікія пытанні прысутных і падпісаў стос сваіх кніг.
Андрэй Саннікаў не мог не распавесці пра сітуацыю з Уладзімерам Кондрусем. Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасьці прызналі палітычна матываваным крымінальны перасьлед Уладзімера Кондруся, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 году.
На сустрэчы ў Таронта прысутнічаў Маркус Колга, грамадзкі актывіст і журналіст, сябра Рады грамадзкіх арганізацый Цэнтральнай і Усходняй Еўропы у Канадзе (Central and Eastern European Council in Canada), які распавёў пра працу Рады і парэкамендаваў беларусам замежжа быць больш актыўнымі і звяртацца да прадстаўнікоў мясцовай улады, каб займець большы ўплыў на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
Ірына Тоўсцік