“Прысвячэнне Латвіі”

15–16 лістапада ў Віцебску праходзілі дні горада Даўгаўпілса пад назвай “Прысвячэнне Латвіі”. У святкаванні бралі ўдзел сябры таварыства “Уздым”.

15 лістапада ў канцэртнай зале “Віцебск” адбылося адкрыццё выставы вядомага далёка за межамі Латвіі мастака Валдыса Буша “Што ёсць ісціна?”. Яго працы пабывалі нават у Амерыцы, Аўстраліі і Афрыцы. Выставу адкрылі консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Угіс Скуя, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Мядзвецкі Анатоль Іосіфавіч, першы намеснік мэра Даўгаўпілса Яніс Дукшынскі, а таксама дырэктар Арт-цэнтра імя М. Ротка Аляксей Буруноў.

Потым усе аматары жывой музыкі былі запрошаны на канцэрт музычнай візітоўкі Даўгаўпілса – гурта «ELPA» (назва ў перакладзе азначае “Дыханне”), які грае з 1980-х гадоў. Разам з рок-выканаўцамі выступалі салістка Латвійскай Нацыянальнай оперы Ілона Багелэ і дыпламант XXII Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Аціс Іевіньш. Прагучалі папулярныя песні 1980–1990-х гадоў з рэпертуару гурта, а таксама кампазіцыі Райманда Паўлса. На працягуўсяго канцэрта не змаўкалі апладысменты.

Дні Латвіі ў Віцебску былі арганізаваны Упраўленнем культуры Даўгаўпілскай гарадской думы ў супрацоўніцтве з Латвійскім консульствам у Віцебску і ГУ «Цэнтр культуры “Віцебск”».

16 лістапада наша дэлегацыя наведала музей-сядзібу “Здраўнёва”, дзе жыў і працаваў знакаміты мастак Ілля Рэпін. Потым адбылася сустрэча ў галоўнай бібліятэцы імя М.Горкага з галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справам моладзі Віцебскага гарвыканкама Андрэям Бялецкім, паэтамі Віцебскага аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Мікалаем Намеснікавым і Уладзімірам Крайневым, а таксама кіраўніком грамадскага аб’яднання пажылых людзей “Залаты ўзрост” Міхаілам Лузгіным. Нас здзівіла вялікая колькасць слухачоў, якія прыйшлі на сустрэчу з намі.

Мы расказалі аб працы таварыства “Уздым” і прысутных пазнаёмілі з творчасцю нашых таленавітых паэтаў: Анастасіі Сазанковай, Людмілы Вілюма, Паўла Плотнікава, Зянона Бурага, Ірыны Страздонік-Плячко, Станіслава Валодзькі. Вершы чыталі Вольга Паўловіч і Людміла Сінякова. Сустрэча прайшла ў цёплай абстаноўцы.

У асабістай гутарцы з дырэктаркай бібліятэкі Галінай Данілавай мы размаўлялі аб працягу стасункаў.

Выказваем падзяку за магчымасць удзельнічаць у свяце кіраўніку аддзела культуры Даўгаўпілса Элеаноры Кляшчынскай, кіраўніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справам моладзі Віцебскага гарвыканкама Наталлі Шыёнак, кіраўніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справам моладзі Віцебскага аблвыканкама Галіне Баркевіч, кіраўнікам партала “Gorod.Vitebsk.by” Уладзіміру і Таццяне Лапіным.

Таццяна Дзянісава, член Праўлення таварыства “Уздым”