Таварыства “Уздым” адзначыла 125-годдзе Кастуся Александровіча

Гісторык-краязнаўца Мікола Паўловіч з беларускага таварыства “Уздым” ужо шмат гадоў збірае матэрыял па гісторыі беларусаў Латвіі. Калекцыя назбіралася такая значная, што таварыства за апошнія тры гады на базе гэтага матэрыялу арганізавала выставы “Беларуская асвета ў Латвіі ў даваенны час”, “Асобы”, “Літаратура”, “Тэатр”, “Сяргей Сахараў”.

Збіраючы матэрыялы, мы сутыкнуліся з тым, што пра некаторых беларускіх дзеячоў амаль нічога невядома. Такой цікавай і значнай асобай для беларусаў Латвіі з’яўляецца Кастусь Александровіч.

Унучка К. Александровіча Ірэна Куніцкая захавала і перадала беларускаму таварыству “Уздым” сямейны архіў – вялікую колькасць фотаздымкаў 1920–1930 гг., дакументаў, тагачасных афіш тэатральных пастановак і беларускіх вечарын. Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у г. Даўгаўпілсе ў асобе першага Генеральнага консула Анатоля Іванавіча Жалтоўскага выказала шчырую падзяку спадарыне Куніцкай за захаванне і перададзеныя матэрыялы таварыству.

Кастусь Александровіч нарадзіўся ў заможнай польскай сям’і, быў актыўным удзельнікам Першай сусветнай вайны. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам за баі на Дунаі. Пасля вайны ён запісаўся на першыя настаўніцкія курсы, якія арганізавала беларускае таварыства “Бацькаўшчына”, дзе сустрэў сваю каханую – Люцыю Габран. Яны разам працавалі настаўнікам і ўдзельнічалі ў беларускім руху. Шмат гадоў К. Александровіч быў дырэктарам пачатковай беларускай школы ў Дзвінску. У тыя гады вялікае культурнае значэнне меў тэатр на роднай мове, і К. Александровіч разам з Л. Габран сталі актыўнымі артыстамі беларускага народнага тэатра. А калі ў 1931 г. было арганізавана Даўгаўпілскае аддзяленне тэатральнага таварыства, Кастусь Александровіч стаў яго кіраўніком і рэжысёрам. З гастролямі тэатр аб’ехаў усю Латгалію, а на іх выступ у Індры сабралася больш за тысячу гледачоў.

У 1935 годзе, калі да ўлады прышоў Карліс Ульманіс, нацыянальныя школы пачалі закрываць. У спалучэнні з незадаваленасцю некаторых беларускіх дзеячоў тым, што ў беларускім руху працуе “шляхціч”, “паляк”, гэта прывяло да пераходу Александровіча ў польскую школу, дзе ён і прапрацаваў да сваёй заўчаснай смерці.

У сувязі са 125-годдзем з дня нараджэння Кастуся Александровіча беларускае таварыства “Уздым” у рамках праекта, які падтрымала Даўгаўпілская краявая дума, ладзіла разам з Цэнтрам польскай культуры вечарыну прысвечаную настаўніку і рэжысёру беларускага тэатра.

У зале былі арганізаваны аж две выставы. Першую, з асабістых рэчаў дзядулі і бабулі, паказала І.Куніцкая. Другая была падрыхтавана М.Паўловічам з фотаздымкаў і дакументаў сям’і Александровічаў.

Імпрэза пачалася з выступлення хора польскага таварыства “Промень”. Жана Станкевіч, кіраўніца Цэнтра польскай культуры (лаўрэат прэміі “Чалавек года” горада Даўгаўпілса ў 2016 годзе), адзначыла, што беларускі дзеяч з’яўляецца родзічам актыўных удзельнікаў таварыства “Промень” у асобах Ірэны Куніцкай і яе сям’і.

Вялі вечарыну праўнучка К. Александровіча Крыстына Куніцка і старшыня таварыства “Уздым” Людміла Сінякова на двух мовах – беларускай і польскай.

Прыгожае выступленне беларускага танцавальнага калектыва “Лянок” (кіраўнік Марына Медуніцкая) з танцам “Падыспань” задалоа тон мерапрыемству.

Наш юбіляр, паэт Станіслаў Валодзька падараваў слухачам верш, прысвечаны юбілею К.Александровіча і беларускаму тэатру.

Цікавым і нечаканным для гледачоў было выступленне беларускай тэатральнай студыі з вядомай п’есай Ф. Аляхновіча “Чорт і баба” (рэжысер Галіна Францаўна Сантоцкая; Марыська – Вера Сухарава; Мікіта – Александр Лапа; Чорт – Алена Кавалькова; Баба – Галіна Сантоцкая). Якраз гэтую п’есу амаль сто гадоў таму таксама гралі ў беларускім тэатры – на здымках выставы можна было ўбачыць героеў п’есы ў выкананні Кастуся Александровіча і Люцыі Габран.

Пані Ірэна падрыхтавала цікавы расповед пра гісторыю сваёй сям’і, які суправаджаўся слайдамі з фотаздымкі сямейнага архіва, а праўнучка Крыстына прыгожа праспявала песню на польскай мове.

Мікола Паўловіч расказаў пра сваі пошукі беларускай гісторыі ў Латгаліі, пра беларускі тэатр, пра кнігу “Уздым” на пачатку 21 стагоддзя”, якая таксама ўтрымлівае матэрыял з архіва І.Куніцкай.

Польскаму таварыству была падаравана цікавая падборка фотаздымкаў польскай гімназіі 1930-ых гадоў у Даўгаўпілсе.

Свята завяршыла выступленне гурта беларускай народнай песні “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) і салісткі Зінаіды Сіліні.

Знакамітая рукадзельніца Надзея Свірковіч падаравала таварыству “Уздым” яго сімвал, звязаны з нітак. – сям’ю буслоў. Гэтая сям’я паселіцца ў Беларускім доме.

Віншаванне Польскаму дому ў асобе пані Жаны Станкевіч прагучалі ад кіраўніка Цэнтра беларускай культуры Жаны Раманоўскай.

Вольга Паўловіч, намеснік старшыні таварыства “Уздым”


БЕЛАРУСКІ ТЭАТР У ЛАТВІІ

Чытаем мы, дыханне затаіўшы, З мінулага кранальныя лісты. Старэнькія пажоўклыя афішы Яскрава сведчаць нам аб часе тым.

Належнае аддаць нам сёння трэба Тэатру беларускаму – паклон, Што некалі і пад латвійскім небам Прыносіў свайму люду добры плён.

Тэатр народны й тут на мове роднай Смяяўся й плакаў. І таму не тух Агмень надзеі, веры і любові І браўся ў сілу беларускі дух.

Кудзелькі, Аляхновіча, Купалы І Райніса тут шэраг п’ ес ішоў. Чародкай галубінай узляталі Апладысменты ўдзячных гледачоў.

Багінская, Мядзёлка, Мірановіч, Габран ў галоўных ролях тут былі. Ды ведалі яны: галоўней ролі Няма – быць Чалавекам на зямлі.

У роздуме падчас не спаў да рання, – Каб лепш гучала-бачылася ўсё На сцэне. Недарэмна так стараўся Александровіч – добры рэжысёр.

І нас натхняе, акрыляе тое – Ў мінуўшчыну масткі і кладкі ёсць! Сябры “Уздыма” радасці не тояць У тэатральнай студыі сваёй.

Адзначыць працу іх таксама варта. Й яны рупліўцы, носьбіты дабра. І бацька беларускага тэатра Буйніцкі быў бы вельмі таму рад…

Станіслаў Валодзька