З удзячнасцю да продкаў

Літаратурна-гістарычная вечарына, што прайшла ў Іркуцку, прысвячалася як даўнім традыцыям беларусаў, так і канкрэтным асобам з мінулага.

Алег Рудакоў і Воля Галанава на вечарыне

Алег Рудакоў і Воля Галанава на вечарыне Читать статью полностью на портале «СБ»: http://golas.sb.by/gistoryya/article/z-udzyachnastsyu-da-prodka.html
Алег Рудакоў і Воля Галанава на вечарыне Читать статью полностью на портале «СБ»: http://golas.sb.by/gistoryya/article/z-udzyachnastsyu-da-prodka.html

Спачатку мы далі шырокую абвестку пра тое, што 1 лістапада Іркуцкі беларускі моладзевы клуб “Крывічы” сумесна з Абласною юнацкай бібліятэкай імя Іосіфа Уткіна правядзе цікавую вечарыну. Актывісты клуба вырашылі расказаць пра старажытны Полацк і знакамітых ураджэнцаў Полацкай зямлі, якімі могуць ганарыцца ўсе беларусы. Як вядома, сярод іх — полацкія князі Рагвалод, Ізяслаў Кніжнік, Брачыслаў Ізяслававіч, Усяслаў Чарадзей, Андрэй Полацкі. А таксама Еўфрасіння Полацкая: асветніца і першая жанчына, прылічаная да ліку хрысціянскіх святых на ўсходнеславянскіх землях. Вялікі палачанін і Францыск Скарына — вучоны, філосаф, медык, беларускі першадрукар і асветнік. У больш блізкім да нас часе жылі паэт і мысляр Мацей Сарбеўскі, пісьменнік і педагог Сімяон Полацкі, мастак, акадэмік жывапісу Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Іван Хруцкі, пісьменнік і навуковец Вацлаў Ластоўскі.

Ян Баршчэўскі

З Полаччыны родам класікі беларускай літаратуры Янка Журба і Ян Баршчэўскі, знакамітыя пісьменнікі Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін ды многія іншыя. А сама Полацкая зямля ў свой час была магутнаю дзяржаваю: мела выхад праз Дзвіну на Балтыйскае мора, славілася рамеснікамі (адзін з іх — Лазар Богша, які стварыў знакаміты Крыж Еўфрасінні Полацкай), дойлідамі. Нават цяпер у даўняга Полацка можна пераймаць дэмакратычныя традыцыі: Полацкае веча, напрыклад, яшчэ ў ІХ-ХІІІ стагоддзях магло “змяшчаць” адных князёў і запрашаць на княжанне іншых. А Магдэбурскае права Полацк меў з 1498 года. Так што слаўны Полацк — гэта гонар кожнага беларуса.

Вось так мы рыхтаваліся адзначыць “Дзяды-2016”. Бо, як вядома, спрадвеку на Беларусі на пачатку лістапада адзначалі Дзяды — Дзень памінання продкаў. Вечарына ж мела назву “Полацак і палачане. Легендарны беларускі горад і яго знакамітыя ўраджэнцы”.

Пачалі з таго, што патлумачылі: дзядамі беларусы называюць не толькі старых людзей, але і душы памерлых. Хто адышоў у іншасвет — той ужо дзед. Прычым у такім “нябачным статусе” дзедам можа быць і стары, і чалавек сярэдняга веку, і нават малое дзіця, якое рана памерла. Любы чалавек, які пайшоў з гэтага свету ў той, нябачны, годны памяці нашай. Так і па гэты час лічаць беларусы, шануючы традыцыі. А Дні памінання памерлых у народзе адзначаюць з дахрысціянскіх часоў. Тады продкі нашыя жылі плямёнамі, асвойвалі землі Усходне-еўрапейскай раўніны. Даследчыкі народнай культуры лічаць: многія старажытныя элементы памінання з часу язычніцкіх абрадаў страцілі першапачатковы сэнс, пад уплывам новых павеваў, ідэй, веравызнанняў яны трансфармаваліся, відазмяняліся, некаторыя наогул згубіліся. Ды ўсё ж народ асноўныя свае абрады захаваў. Больш за тое: з памінальных дзён вясновая Радаўнiца і восеньскія Змiтраўскiя Дзяды — самыя пашыраныя абрады на Беларусі й па гэты дзень.

Еўфрасіння Полацкая

Паводле нашай народнай традыцыі, Радаўнiца заўсёды — у другі аўторак па Вялiкадні. У гэты дзень людзі з раніцы ідуць на магілы сваіх родных і блізкіх, памерлых нядаўна, пры памяці тых сямейнікаў, якія прыйшлі памінаць дзядоў. А восеньскія Дзяды праводзіліся 1 або 2 лістапада ў хаце. Прычым пад час абраду прыгадваліся не толькі памерлыя члены сям’і, але і ўвесь дзядоўскі род, а часам і далей — славутыя продкі, нават не сваякі, памяць пра якіх захавалася.

Абрад Дзяды — гэта неверагодна багатая крыніца чыстых думак і пачуццяў. І беларусы заўсёды яго асабліва шанавалі. Бо ведалі: ён можа выратаваць чалавека ад духоўнай хваробы бяспамяцтва, што вядзе часам і да поўнай бездухоўнасці, страты маральнасці. У гісторыі як народа, так і асобных родаў шмат прыкладаў: калі род ці нават цэлы народ страчвае памяць, то вельмі хутка ён знікае з твару зямлі. Альбо асімілюецца, раствараецца сярод іншых, духоўна больш моцных народаў. Нашы продкі-беларусы тое разумелі, таму дні Дзядоў называлі святымі, светлымі. Між тым правесці абрад, пэўна, не самае галоўнае. Важней — розумам зразумець, душою адчуць жыццёвую неабходнасць і велізарны духоўны сэнс Дзядоў. Толькі тады будзе плён ад нашых намаганняў адрадзіць былыя традыцыі.

Як жа продкі нашыя праводзілі абрад? Загадзя мыліся ў лазні, прыбіраліся ў хаце, вывешвалі чыстыя ручнікі, фіранкі, засцілалі белым абрусам стол. Бліжэй да вечара ўсе далёкія і блізкія сваякі збіраліся ў хаце ў самага старэйшага з роду. І кожны прыходзіў са сваімі харчамі, стравамі. Накрываўся найбагацейшы стол, дзе абавязкова былі тры стравы абрадавыя: Куцця, бліны і кісель. Гаспадыня хаты ставіла адмысловы посуд для дзядоў, туды ежа ім адкладалася — ад кожнай стравы патроху. Ежу-ахвяру тую, дарэчы, нельга было чапаць пад час вячэры, а затым яе аддавалі беднякам. Калі за стол усе паселі, уставаў гаспадар хаты, ён жа і кіраўнік рода, казаў прыкладна такія рытуальныя словы: “Сьвятыя Дзяды, завём Вас, хадзіце да нас, ляціце да нас!/ Чым толькі хата багата, што ёсць тут – я для Вас ахвяраваў!/ Прыходзьце, Дзяды!/ І старыя, і малыя, хто на гэтай сялібе жываў, хлеба-солі ядаў./ Прыходзьце, Дзяды, да свайго стала, да свайго прыпечка./ Хлеба-солі засылайце, каб было чым душу памінаць год ад году, век ад веку./ Прыходзьце, Дзяды!/ П’ю за Вас, продкі нашыя сардэчныя, каб ведалі, што нічога не шкадую Вам”.

У гэты момант гаспадыня хаты, альбо сыны й дочкі, адчынялі вокны й дзверы, у маўклівай цішы сядзелі некалькі хвілін, даючы магчымасць Дзядам зайсці ў хату і пакаштаваць стравы. Затым зноў падымаўся гаспадар. Ён успамінаў пачынальніка іх рода, альбо самага славутага з продкаў. Трохі распавядаў пра яго і прапаноўваў выпіць за яго душу. Затым гаспадар ці каторы з яго сыноў пералічваў усіх продкаў-дзядоў мінімум да 10 калена, пры тым давалася кароткая характарыстыка станоўчых якасцяў. Напрыклад: “Дзед Мiкола — добры быў каваль, прадзед Мiхась — цудоўна граў на цымбалах” і гэтак далей. Пасля пачыналася трапеза. Пад час вячэры ішла ціхая бяседа. Распавядаліся прыгоды продкаў, апісваліся характары дзядоў, прыгадваліся легенды, звязаныя з родам. Прычым бяседа доўжылася аж да трэціх пеўняў. Пэўна, было што распавесці продкам пра сваіх прабацькоў — цяжэй нам. Бо ў сучасным свеце, пад прэсам рэвалюцый, эпохі атэізму, ды і сучаснай глабалізацыі памяць людская моцна пакарацілася. Памятаем у лепшым выпадку сваіх дзядуляў-прадзядуляў, але не далей...

Францыск Скарына

Аднойчы захацелася мне падрабязней распытаць маю бабулю Лексу, так яе называлі ў вёсцы, пра яе бацькоў, дзядоў, сваякоў. І вельмі здзівілі мяне спачатку яе неахвотныя, нешматслоўныя адказы. Падумаў нават: яна мала што памятае. А ў канцы гутаркі зразумеў, што да чаго. Яна, бачачы, што ўсё запісваю, з трывогай спытала: “А нашто ж ты гэта ўсё, унучак, запiсываеш? А потым да мяне нiхто з мiлiцыяй ня прыйдзе?” Бабуля была выхавана ў тыя часы, калі пра сваіх сваякоў лепш было паменш ведаць, бо, напэўна, хтосьці ды быў сасланы, а то і расстраляны. І самае жудаснае, што страх той жывы ў народзе па гэты час... Але ж цяпер мы спрабуем запоўніць прабелы ў нашай гісторыі, у гісторыі жыцця нашых продкаў — і з’явілася надзея на адраджэнне нашай духоўнай сілы. Яна ўсё мацней прабіваецца скрозь гады ад продкаў-дзядоў да нас. І гэтая сіла, спадзяюся, не толькі дапаможа нам перамагчы страх, але і згуртуе Беларускі народ, дапаможа ў новым часе жыць нам годна, з гонарам за свой народ, сваю гісторыю, за нашу Бацькаўшчыну.

Дзяды — гэта свята ўсіх і кожнага. Гэта патаемны час, які менавіта ў нашых сэрцах штогод шукае месца, каб Мінулае, Сучаснасць і Будучыня маглі сустрэцца. Гэта пара, калі можна падзяліцца досведам, выправіць памылкі, павучыцца мудрасці, а некаму можа й пакаяцца, і ачысціць душу, і паплакаць, і прабачыць... Беларусы Прыбайкалля ў Дзень памінання продкаў збіраюцца разам — каб успомніць не толькі продкаў сваіх, родных, але і вядомых дзеячаў беларускай гісторыі, культуры. Прычым гэтай нашай традыцыі ўжо 21 год. І штогод мы ў першыя дні лістапада праводзім літаратурна-гістарычныя вечарыны. Сёлета ж вырашылі пагаварыць пра калыску Беларускай дзяржаўнасці, пра самы старажытны беларускі горад Полацк і знакамітых ураджэнцаў Полацкай зямлі.

Актывісты клуба “Крывічы” падрыхтавалі цікавыя аповеды, зрабілі прыгожыя прэзентацыі. Дэманстраваліся, напрыклад, урыўкі з аўдыёкніг палачаніна-гісторыка Уладзіміра Арлова, гістарычныя дакументальныя відэафільмы. Так што вечарына ў нас атрымалася цікавая, пазнавальная. Лёсы слаўных палачан, іх досвед жыцця —каштоўная спадчына не толькі для беларусаў. Вядома ж, далёка не пра ўсіх палачан мы расказалі, якія таго вартыя. Так што будзе і працяг. А пакуль што і мы самі, рыхтуючы вечарыну, і нашы госці даведаліся шмат цікавага. Пераканаліся яшчэ раз: беларусам ёсць чым ганарыцца, ёсць што расказаць. Галоўнае ж — каб мы самі, кожны з нас імкнуўся паглыбіцца ў духоўны сэнс абрадаў і традыцый продкаў, дакрануцца да сапраўднай, не перапісанай ды замоўчанай “дабрадзеямі” гісторыі беларускага народа.

Спадзяюся, досвед правядзення Дзядоў у Іркуцку будзе цікавым і для іншых беларускіх суполак замежжа. Мы імкнемся адзначаць усе традыцыйныя народныя беларускія святы, абрады. Можаце заглядваць на наш сайт: https://baikalkrivich.wordpress.com/. Ну не толькі ж песні-танцы пра бульбу ды дранікі варта паказваць як нашу культурную спадчыну! Хіба ж у тым наша гордасць, сіла, слава, прыгажосць? Падаецца мне: пасля “бульбаспеваў” пра беларусаў будуць меркаваць як пра людзей абмежаваных і прымітыўных. Між тым чуў, што ўжо й “Святы бульбы” гатовы беларусы ў замежжы ладзіць, і сцэнары такія ёсць. Але ж навошта, сябры, людзей смяшыць? Няўжо некаму падаецца, што “ўшанаванне бульбы”, гулянне з крыўдліва-зневажальнаю мянушкай “бульбаш” робіць нас вартымі павагі ў свеце, і што традыцыйныя святы, абрады беларусаў — састарэлі? Не маю анічога супраць бульбы, але ж — самі майце розум, пачуццё меры і годнасць! Навошта на пацеху іншым пераўтварацца ў клоўнаў, імкнучыся паказаць нейкую быццам бы “самабытнасць”. Між тым нашы Дзяды, што праводзіліся ў бібліятэцы, закончыліся традыцыйна: агульным чаяваннем. І ў гэты раз мы таксама паспыталі абрадавую беларускую страву, якая спецыяльна гатуецца на Дзяды. То была смачная Куцця, якую згатавала наша Воля Галанава па старадаўніх традыцыях — з мёдам. І за тое спадарыні Волі — вялікі дзякуй!

Алег Рудакоў, “Голас Радзімы”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение