28 кастрычніка 2016 года ў Палацы культуры прайшоў VI Міжнародны фестываль народнай культуры «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе», які аб'яднаў беларускія творчыя калектывы з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Беларусі на свяце ураджаю, сабраўшы рэкордную колькасць удзельнікаў і гледачоў.
З кожным годам фальклорны форум становіцца ўсё маштабней. Фестываль «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» арганізаваны Цэнтрам беларускай культуры пры падтрымцы Даўгаўпілскай гарадской думы.
Канферэнцыя «Культурны мост»
Праграму фестывалю «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» адкрыла канферэнцыя «Культурны мост: Латвія–Літва–Эстонія–Беларусь». Кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская азнаёміла ўдзельнікаў з дейнасцю Цэнтра беларускай культуры, адзначыўшы ўнікальнасць установы і асноўныя мерапрыемствы ў «Год культуры ў Беларусі», прэзентавала лагатып фестывалю «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» – стылізаваны беларускім народным узорам знак млына, як сімвала працы і руху, урадлівасці і багацця.
Старшыня беларускага таварыства «Уздым» Людміла Сінякова расказала пра работу грамадскай арганізацыі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся консул Республікі Беларусь у Даўгаўпілсе Дзмітрый Канстанцінаў. Консул РБ у Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская падкрэсліла важную ролю беларускай дыяспары ў захаванні сваёй культуры.
Кіраўнік Аддзела культуры, па справах моладзі і ідэалогіі Міёрскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Тронькін адзначыў плённае супрацоўніцтва з ЦБК у рамках заключанага супрацоўніцтва ў сферы культуры, абмена калектывамі на фестывалях і ўручыў падзячную грамату выканкама Ж.Раманоўскай.
Кіраўніца Аддзела культуры, па справах моладзі і ідэалогіі Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта Галіна Раманчук сказала, што Зэльву і Даўгаўпілс у «Год культуры у Беларусі» аб'ядналі фестывалі-кірмашы: «Ганненскі кірмаш у Зэльве» і «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе». Заключанае пагадненне аб супрацоўніцтве будзе ўмацоўвацца рэальнымі справамі.
Намеснік кіраўніка Аддзела культуры, па справах моладзі і ідэалогіі Браслаўскага раённага выканаўчага камітэта Людміла Новікава падкрэсліла цесныя культурныя сувязі паміж установамі ў рамках дзеючага пагаднення аб супрацоўніцтве.
Прадстаўнікі Полацкага райвыканкама ярка прэзэнтавалі праект захавання культурна-духоўнай спадчыны Полатчыны «Ад вытокаў у будучае».
Слухачам быў цікавы вопыт захавання беларускай культуры дыяспарай у Эстоніі. Кіраўніца «Беларускага цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum» Ніна Пээрна расказала аб супрацоўніцтве ў вобласці культуры і адукацыі.
Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры выходіць на міжнародны ўзровень. На канферэнцыі былі падпісаны два пагадненні: паміж ЦБК (Даўгаўпілс) і Беларускім культурным цэнтрам «Крок» (Вісагінас, Літва), паміж ЦБК і НКО Цэнтрам нацыянальных меншасцяў «Радзiма» (Талін, Эстонія).
Фотавыстава «Імгненні кірмаша»
Фае на першым паверсе Палаца культуры ўпрыгожыла фотавыстава «Імгненні беларускага кірмаша». Журналіст газеты «Латгалес лайкс» Алена Іванцова асвятляла ўсе папярэднія фестывалі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» і яе прафесійныя выдатныя кадры падкрэслілі асаблівую атмасферу свята.
Рамесная выстава
На фоне фотавыставы «Імгненні беларускага кірмаша» на першым паверсе ў фае Палаца культуры разгарнулася рамесная выстава. Майстры студыі народна-прыкладной творчасці «Латгалэ» Марыя і Яніс Сайкоўскія рэкламавалі латгальскую кераміку, а кіраўнік студыі народна-прыкладной творчасці «Клуга» Віктар Кухальскі – плеценыя вырабы з лазы. Браслаўскія майстрыхі Людміла Рулевіч і Вольга Прановіч знаёмілі гледачоў з тканымі і вязанымі беларускімі паясамі, рукавіцамі, сувенірамі, вучылі рабіць «павука» з саломы – абярэг для дома, падобны латышскім «пузури». Глыбоцкія рамеснікі паказвалі майстар-клас па вырабу беларускай лялькі-абярэга. Вочы разбягаліся ад разнастайнасці Полацкага стэнда: беларускіх лялек і рамесных вырабаў з лёну, саломы, берасты, дрэва, тканін. Там жа можна было вырабіць ляльку-скрутку.
Па-суседску мясцовыя гаспадынькі расхвальвалі выгадаваныя на сваіх сядзібах гародніну і фрукты, дзяліліся рацэптамі нарыхтовак на зіму.
А на наступны дзень у ЦБК майстрыхі індывідуальна навучалі декаратыўна-прыкладным рамёствам усіх жадаючых, ад якіх не было адбою.
Кніжная дабрачынная акцыя
У трэці раз на фестывалі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» паўтарылася дабрачынная кніжная акцыя-абменка. Гледачы ахвотна неслі кнігі на беларускай мове альбо выданні беларускіх аўтараў на рускай мове, кнігі пра Беларусь. Узамен яны атрымоўвалі ў падарунак «гузік шчасця» – фірмовы сувенір фестывалю. Выдатныя кнігі прынеслі Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў і Антаніна Струнеўская, прадстаўнікі дэлегацый з Беларусі. Вынік кніжнай акцыі выдатны – больш 30 кніг.
На фестывалі таксама был інфармацыйны стэнд з буклетамі і праспектамі пра турыстычныя і санаторныя месцы Беларусі, прадастаўленыя Беларускім інфармацыйным цэнтрам (Рыга).
Майстар-клас па беларускай «Польцы»
Пакуль на першым паверсе Палаца культуры шумела рамесная выстава, на другім паверсе ў фае гледачы вучыліся танцавать беларускія народныя танцы. Харэограф Цімафей Жукоўскі і народны ансамбль «Коллаж»» з Гродзенскай вобласці навучалі ўсіх жадаючых танцавать «Польку». Ім дапамагалі танцоры мясцовага ансамбля «Лянок». З задавальненнем і запалам гледачы вытанцоўвалі пад народную музыку.
А на наступны дзень Т.Жукоўскі правёў індывідуальны майстар-клас для танцавальнага ансамбля «Лянок».
Гала-канцэрт фестывалю
На святочны канцэрт прыйшло столькі гледачоў, што яблыку не было дзе ўпасці ў зале і на балконе.
У прывітальным слове да ўдзельнікаў і гледачоў фестывалю старшыня Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Лачплесіс успомніў рамантычую гісторыю беларускага паэта Янкі Купалы і музы паэта - Паўліны Мядёлкі, якая грала Паўлінку ў п'есе «Паўлінка», выкладала ў Даўгаўпілскай беларускай дзяржаўнай гімназіі. Мэр сказаў: «У нашым горадзе жывуць больш 7 тысяч беларусаў. Калі ў сваёй радаслоўнай не знойдзеш беларускіх каранёў, то абавязкова ёсць сапраўдны сябар, калега родам з Беларусі. У Даўгаўпілса склаліся асаблівыя адносіны з Віцебскам, Бабруйскам, Браславам. Нашым партнёрам можна лічыць усю Беларусь. А беларусы горада – гэта яшчэ і народныя дыпламаты, якія ў наш няпросты час даказваюць, што граніцы не перашкода для дружбы і любові».
У сваю чаргу, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў у віншавальнай прамове падкрэсліў: «Можна смела сцвярджаць, што гэты фестываль стаў вельмі яркай, запамінальнай падзеяй у жыцці беларусаў Латгаліі. Я ўпэўнены, што хутка на гэтай сцэне будут прадстаўлены беларускія таварыствы не толькі Латгальскага рэгіёну, але і ўсёй Латвіі. Гэтае свята сапраўды можа стаць такім аб’ядноўваючым стрыжнем для беларускай дыяспары Латвіі, стрыжнем, які злучае Беларусь і Латвію ў іх сяброўскіх адносінах».
Ганаровымі гасцямі фестывалю былі першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Яніс Дукшынскі, консул Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Угіс Скуя, консулы Республікі Беларусь у Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская і Дзмітрый Канстанцінаў.
Фестываль «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» абрастае традыцыямі. Ён адкрываецца песняй-гімнам «Кірмаш, кірмашок» (словы – Галіны Сантоцкай, музыка – Вячаслава Пятрова). У гэтым годзе ў фестываля з'явіўся і свой лагатып – знак млына як сімвала працы, ураджаю, багацця і дабрабыту, чаго арганізатары і жадаюць усім артыстам і гледачам.
Штогод фестываль мяняе тэму, і ў гэты раз ён быў прысвечаны святу ўраджая. Галоўнае дзеянне разгортвалася ў двары сялянскай сядзібы, на фоне беларускай хаты, дзе гаспадары прыймалі віншаванні ад суседзяў у сувязі з завяршэннем збора ўраджаю зернавых.
Асноўнае тэатралізаванае прадстаўленне фестывалю было падрыхтавана творчымі калектывамі Цэнтра беларускай культуры: тэатральная студыя «Паўлінка» (мастацкі кіраўнік Інэса Казлоўская), ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка» (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Пятроў), танцавальны ансамбль «Лянок» (мастацкі кіраўнік Марына Медунецкая), вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі» (мастацкі кіраўнік Настасся Малышава) і вакальны ансамбль сеньёраў «Спадчына» (мастацкі кіраўнік Яніна Юзэфовіч).
Ролі выконвалі: Гаспадыня – Інэса Казлоўская, Гаспадар – Аляксандр Лапа, Галоўная жняя – Галіна Сантоцкая, Жнеі – Марыя Памецька, Валянціна Ліпінская, Іна Валюшка, Тэрэза Паўлава, Людміла Абарон, Галіна Бірукова, Надзея Свірковіч, Зінаіда Сіліня, Сварлівыя суседкі – Жана Бяляўская, Людміла Сінякова, Госці – Павел Прозар, Інта Іванова.
А далей на сцэну з музычнымі падарункамі падымаліся госці свята, якія прыехалі з Латвіі і з-за мяжы: ансамбль «Завіруха» (Екабпілс), ансамблі «Рабінушка» і «Калінушка» (Прэйлі), «Узоры» (Ліваны), «Сузор'е» (Рэзэкне), «Аколіца» (Дагда), дуэт Сяргея Шабадалава і Рыгора Філіповіча (Вісагінас, Літва), ансамбль «Дзяўчаты» (Талін, Эстонія), беларускія ансамблі «Коллаж» (Зэльва, Гродзенская вобласть), «Знічка» (Полацк, Віцебская вобласть), дуэт Дар'і Шук і Дыяны Маляўкі (Міёры, Віцебская вобласть).
Рэжысёр свята – Інэса Казлоўская, вядучыя – кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская і член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Валерый Амбросаў.
Па традыцыі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» завяршыўся ўручэннем дыпломаў і сувеніраў з лагатыпам фестывалю. Акрамя мясцовых праніка і цукерак, кожны калектыў атрымаў у падарунак эксклюзіўны фірмовы сувенір ручной работы: мяшочак з лёну з зернем і «гузікам шчасця», выраблены таленавітымі рукамі метадыста ЦБК Марыі Памецька.
І зноў, па традыцыі, гала-канцэрт закрыўся выкананнем песні «Беларускі дом» на словы Станіслава Володзькі, музыку Аляксандра Рудзя. Гледачы і госці фестывалю стоячы спявалі разам з артыстамі.
«Вы падарылі нам сустрэчу з юнацтвам, з радзімай! Дзякуем за прыемны вечар і цудоўны канцэрт! Трэба больш такіх святаў!» – такімі словамі гледачы выказвалі свае ўражанні аб фестывалі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе».
Благачынны канцэрт
У суботу, 29 кастрычніка, замежныя ўдзельнікі фестывалю «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе» адправіліся ў Даўгаўпілскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання пенсіянераў, дзе далі благачынны канцэрт. Суботняй раніцай у актавай зале ўстановы не было свабодных месцаў, столькі гледачоў сабралалася, каб дакрануцца да беларускай культуры.
Папулярнымі музычнымі кампазіцыямі канцэрт адкрыў ансамбль «Коллаж» (Зэльва, Беларусь). За класікай следам было фальклорнае выступленне дзіцячага народнага ансамбля «Знічка» (Полацк, Беларусь) з песнямі, танцамі, прыпеўкамі і казкамі. Маладзёжны ансамбль «Дзяўчаты» (Талін, Эстонія) выканаў беларускую і эстонскую песні. І яркім акордам прагучаў фінал – беларуская народная песня, выкананая акапэльна дуэтам Дар'і і Дыяны (Міёры, Беларусь).
«Яны ж з Міёр, маёй радзімы», - выціраючы слёзы, радавалася сустрэчы бабуля ў інваліднай калясцы.
Удзельнікі фестывалю падарылі пажылым адзінокім людзям пазітыўныя эмоцыі. Узнагародай артыстам сталі працяглыя апладысменты гледачоў і добрыя словы арганізатара культурных мерапрыемстваў пансіяната Валянціны Плонэ.
Дзякуй за падтрымку!
Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры ўдзячны за дапамогу і падтрымку ў арганізацыі фестывалю «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе»: Даўгаўпілскай гарадской думе, Генеральнаму консульству РБ у Даўгаўпілсе, Упраўленню культуры, Палацу культуры, прадпрыемству «Лабиекартошана», Даўгаўпілскаму мастацка-краязнаўчаму музею, студэнтам-валанцёрам Даўгаўпілскага ўніверсітэту, Цэнтру рускай культуры, беларускаму таварыству «Уздым»; мас-медыя: тэлебачанню Даутком і Латгальскаму рэгіянальнаму тэлебачанню, газетам «Миллион», «Латгалес лайкс», «Сейчас» і «Наш город», радыёстанцыям «SWH +» і «Alise +», парталам Grani.lv, Gorod.lv, Nasha.lv і D-fakti.lv, рэкламным аддзелам гасцініцы «Латгола» і гандлёвага цэнтра «Диттон Намс»; мясцовым вытворцам: «Латвияс майзниекс», «Резекнес галяс комбинатс», «Ониорс зивис», «Двинска плус» і «Вилна».
Асаблівыя словы ўдзячнасці – вам, нашыя адданыя гледачы, за шчодрыя апладысменты і добрыя водгукі. Мы кажам вам: “Да сустрэчы праз год на VII Міжнародным фестывалі «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”»!
Фестываль закончыўся, але творчы сезон у Цэнтры беларускай культуры толькі пачынаецца. Будуць новыя канцэрты, сустрэчы і выставы, бо ў Даўгаўпілсе шмат людзей, якія любяць і цэняць беларускую культуру.
Цэнтр беларускай культуры (Даўгаўпілс)