Беларускія Дзяды ў Варшаве

Беларусы наведалі магілы славутых землякоў на Павонзкаўскіх могілках у Варшаве.

Белыя і чырвоныя знічы запалалі на магілах такіх вядомых ураджэнцаў беларускай зямлі, як Станіслаў Манюшка, каханая Кастуся Каліноўскага Марыя Ямант, выбітны фатограф Ян Булгак, літаратар Адам Плуг, і таксама таленавіты польскі этнограф і фалькларыст, стваральнік “Люду Беларускага” Міхал Федароўскі.

Пра жыццё і дзейнасць людзей, якія шмат зрабілі для Беларусі і Польшчы, расказваў беларускі палітык, гісторык і культуролаг Зянон Пазняк:

– Гэтае свята сведчыць пра адзінства нацыі людзей, якія жылі раней, і сучаснікаў. Памяць продкаў мае вельмі вялікае значэнне. Гэта памяць пра вечнасць. Калі няма гэтай памяці, нацыя не існуе, яна не можа існаваць, яна проста разваліцца. Гэтае свята мусіць быць дзяржаўным. Павінны быць выхадныя дні.

Беларускія Дзяды ў Варшаве арганізаваны ініцыятывай “Беларуская нацыянальная памяць”.

Кася Бергель, «Беларускае Радыё Рацыя»