Адпаведна Праграме “Дзён беларускай культуры – 2016” падыйшла чарга Дагдскага беларускага таварыства “Вербіца” правесці святочнае мерапрыемства ў гонар 125-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, літаратуразнаўца, аднаго з стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу Максіма Багдановіча.
15 кастрычніка адкрылі ўрачыстую вечарыну консул Рэспублікі Беларусь у горадзе Даўгаўпілсе Дзмітрый Канстанцінаў, старшыня Дагдскай краявой Думы Сандра Вішкурэ, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова і член Кансультатыўнага камітэта прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый нацменшасцей Міністэрства культуры Латвіі, старшыня Беларускага таварыства «Прамень» Алёна Лазарева. Усе яны павіншавалі прысутных, падзякавалі Дагдскае беларускае таварыства “Вербіца”, яго старшыню Таццяну Гогалінскую за актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва.
Варта адзначыць як вялікі плюс той факт, што паміж таварыствамі края стварыліся цесныя сяброўскія адносіны, аб чым сведчыць прыезд у Дагду шматлікіх гасцей з Лудзы, Ліванаў, Даўгаўпілса, каб прыняць удзел у свяце.
На сцэну выйшаў Станіслаў Валодзька, вядомы і любімы ўсімі паэт з Даўгаўпілса. “Я рады”, — сказаў ён: “што беларусы Дагды шануюць імёны сваіх славутых сыноў” і прачытаў свае вершы, прысвечаныя Максіму Багдановічу – “Маладому паэту” і “Ля сіняй бухты”. Пасля прысутныя праслухалі песню “Суніцы для Багдановіча” у выкананні салісткі Саюза беларусаў Латвіі Ганны Крупскай, а таксама спевака з Даўгаўпілса Паўла Прозара.
А далей на сцэну запрасілі дагдскі ансамбль “Вярба” (кір. Ларыса Тукіша). Слухачы цёпла прымалі спевакоў.
Алёна Пабяржына, член Дагдскага беларускага таварыства “Вербіца”, падрыхтавала грунтоўны агляд жыцця і творчасці Максіма Багдановіча, з якім азнаёміла публіку. Паралельна ішоў пераклад на латышскую мову, каб да кожнага чалавека ў зале данесці важнасць дзейнасці вялікага сына беларускага народа. Гучалі вершы паэта (казка “Музыка”, рамансы “Зорка Венера” і “Слуцкія ткачыхі”, “Касцёл Святой Ганны ў Вільні”, байка “Варона і чыж”). Выразна і нечакана для прысутных Марыя Міцкевіч, кіраўнік аддзела адукацыі і культуры Дагдскай краявой думы, прачытала вядомы верш “Пагоня” у перакладзе Андрыса Веянса, вядомага латгальскага паэта.
Цудоўна паказаў сябе ансамбль з Ліванаў “Узоры” (кір. Яна Юзэфовіч). Спевакі падрыхтавалі цэлую нізку народных песень для сваіх сяброў, спявалі з натхненнем і энтузіязмам і выказалі упэўненасць у тым, што сяброўства паміж Ліванамі і Дагдай будзе толькі мацавацца.
З цікавай праграмай выступілі даўгаўпілчане з Цэнтра беларускай культуры разам з ансамблем “Купалінка” Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” (кір. Вячаслаў Пятроў) і танцавальным ансамблем “Лянок” (кір. Марына Медуніцкая).
І ў заключэнне на сцэне з’явіўся ансамбль Дагдскага беларускага таварыства “Аколіца” (кір. Тамара Старавойтава). Гаспадары мерапрыемства парадавалі ўсіх эмацыянальным, цудоўным выкананнем народных песень з невычэрпнай фальклорнай скарбніцы. Хочацца сказаць “вялікае дзякуй” усім арганізатарам мерапрыемства за павагу да памяці паэта, за гасціннасць, цеплыню і дабрачыннасць.
Алёна Міцкевіч, “Прамень”