Арнольд Макмілін выбраў 40 беларускіх паэтаў, што выдалі свае першыя зборнікі ў пачатку ХХІ стагоддзя.
“Прыемна, што не толькі спецслужбы сочаць за літаратарамі, але і брытанскі крытык”, – прызнаўся паэт Алесь Емяльянаў, што сярод іншых таксама трапіў пад разбор. Ён прачытаў некалькі сваіх вершаў і падзякаваў Макміліну за яго працу.
Нашай літаратурай Арнольд зацікавіўся яшчэ ў студэнцкія гады, калі адзін з прафесараў параіў яму вывучаць і даследаваць менавіта беларускую. Пасля спадару Макміліну выпала пісаць даклад пра мову ХІХ стагоддзя, а там пачаліся і больш складаныя даследаванні. Першы раз у Мінск ён прыехаў ажно ў 1965, а ў 2003 ужо была прызентацыя кнігі. “Я маю рускую жонку, і яна мне вельмі разумна сказала, што мы павінныя зрабіць усё, што зможам, пакуль можам. Вось я і намагаюся прыязджаць у Мінск мінімум раз на год. Тут вельмі добрыя людзі, без фанабэрства, без комплексаў, без дурных ідэй”, – прызнаўся ён.
Такой грунтоўнай працы па сучаснай літаратуры ў самой Беларусі ніхто не праводзіць. Крытык Ганна Кісліцына лічыць, што прычыны дзве: “Я сама баюся недачытаць, не злавіць нейкія вобразы. І што мяне пасля чалавек 20 на вуліцы пабачаць і скажуць: “Ну як жа так, гэта ж цытата са Святога Пісьма”. А я не заўважыла. У нас прынята пісаць пра Купалу-Коласа, бо жывыя сучасныя паэты могуць і пакрыўдзіцца”. Яна, дарэчы, не дачакалася беларускай версіі кнігі і адолела “Рунь” па-ангельску.
Сам аўтар багата жартаваў з цяперашняй сітуацыі ў Беларусі ўвогуле і ў літаратуры ў прыватнасці. Пра працу над кнігай прызнаўся, што найбольшая складанасць – адсутнасць годных слоўнікаў. Гэта замінае адчуць усе адценні беларускай паэзіі для ангельскага чытача. Таму асобную ласку ў Арнольда Макміліна маюць перакладчыкі, што “пракладваюць масты праз дзве краіны”.
У кнізе аўтар рупліва разабраў, прааналізаваў і класіфікаваў паэтаў, а яго водгукі далікатна падводзяць літаратараў да таго, як ім варта развівацца далей, адзначыла спадарыня Кісліцына: “Праўда, мяне класіфікацыя часам здзіўляла. Некаторыя аўтары, падаецца, пішуць у рэлігійнай тэматыцы, а тут яны ў раздзеле “Гумар”. “Гэта тонкі ангельскі гумар”, – патлумачыў свой выбар Макмілін.
На працах брытанца гадавалася некалькі пакаленняў беларускіх мовазнаўцаў. У 80-я ў Беларусі яго дзве кнігі былі толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў бібліятэцы Савета міністраў. “Калі б “Рунь” выйшла за савецкімі часамі, гэтыя 40 аўтараў трапілі б пад нагляд НКУС, а для нас сталі б героямі. Сёння, на жаль, паэты героямі не становяцца”, – адзначыў паэт Уладзімір Някляеў, сябар Макміліна.
Некалькі новых асобаў для сябе адкрыў і вядомы літаратар Андрэй Хадановіч: “Я да свайго сораму-нясораму з сарака імёнаў ведаю недзе 33, а дзякуючы гэтай кнізе лепей прыгляджуся да астатніх сямі паэтаў. Па пальцах нескалечанай рукі можна пералічыць беларускіх знаўцаў, якія настолькі ж глыбока ў тэме сучаснай паэзіі, як наш брытанскі госць. А ён чытае вершы без перакладу”. Напрыканцы Хадановіч адзначыў, што Макмілін – герой беларускіх герояў, і пажадаў яму новых кніг. А сам Арнольд прызнаўся, што “Рунь” стане яго апошняй (праўда, такая заява ад яго не першая): “Надалей я буду пісаць артыкулы ці выступаць на канферэнцыях. Але набраць столькі тэксту – у мяне ўжо і рукі не тыя”.
На прэзентацыю кнігі сабраўся поўная зала кнігарні “логвінаЎ”, некаторыя нават стаялі. Праўда, вечарына з нагоды такога выдання вартая значна большай і сцэны, і аўдыторыі.
Марыя Грыц, фота Зарыны Кандрацьевай