Зварот Старшыні Рады БНР сп. І. Сурвілла на 32-ой Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі

РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ

Канцылярыя Старшыні

 

Зварот Старшыні Рады на 32-ой Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі

3–5 верасьня 2016 г., Лорд Элгін Гатэль, Атава

Дастойны Ўладыка! Паважаныя Госьці, Дарагія Сябры!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, вітаю Вас на гэтай першай Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Канадыйскай сталіцы. Тым, хто яшчэ ня быў у гэтым цудоўным горадзе, спадзяюся, што ён падабаецца і што ў панядзелак раз’едземся з новымі сіламі і новым энтузіазмам прадаўжаць працу на карысць нашай Бацькаўшчыны.

Хаця гэта першая Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая адбываецца ў Атаве, гэта далёка ня першая беларуская імпрэза ў сталіцы Канады. Калі ня самі, дык разам з іншымі этнічнымі групамі. Мы стараемся быць усюды, дзе важна паказаць, што Беларусь жыве і хоча жыць!

Яшчэ ў 1975-м годзе на Атаўскім Універсітэце адбылася першая навуковая канферэнцыя прысьвечаная беларускай прысутнасьці ў Паўночнай Амерыцы. Пра яе гаварыла ўчора прафэсар Зіна Гімпелевіч.

Атаўскі Аддзел ЗБК між 1979-м і 1989-м годам браў удзел у дзесяці Фэстывалях Бацькаўшчынаў Гомляндс. Рабілі выставы беларускага народнага мастацтва. Прысутнічалі на дэманстрацыях з нашымі Цэнтральна і Ўсходня Эўрапейскімі суседзямі, бралі ўдзел на ўзроўні управы ў працы Канадыйскай Этнакультурнай Рады. Мэтай нашай заўсёды было здабываць сяброў для Беларусі і падтрымку ў змаганьні за незалежную Беларусь. Калі Бог мне дасьць яшчэ пару год жыцьця, маю намер напісаць пра ўсё гэта больш абшырна.

Таксама спадзяюся яшчэ напісаць пра Канадзкі Фонд Дапамогі Ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, які мы стварылі ў Атаве ў 1989-м годзе. Гэта нам дазволіла выслаць або спрычыніцца да высылкі на мільёны даляраў лекаў і іншай дапамогі ў Беларусь і прывезьці тысячы дзетак на адпачынак у Канаду. Толькі ў 1997-м годзе, калі я пакінула старшынства гэтае арганізацыі, мы прывезьлі з Беларусі 650 дзетак на аздараўленьне.

Сёньня мы сабраліся ў Атаве, каб падумаць разам пра месца культуры ў нашым жыцьці. Тэма выдатная, бо культура ёсьць сродкам, якім карыстаюцца ўсе народы каб здабыць сабе пачэснае месца ў сям’і народаў сьвету. Рада БНР прыняла пастанову зрабіць актыўнае інфармаваньне сьвету пра беларускую культуру часткай свае палітычнае дзейнасьці.

Я спадзяюся, што гэтая Сустрэча запачаткуе новую эру ў жыцьці беларускае дыяспары ў Паўночнай Амерыцы. Бо мы маем у нашых руках вялізарныя магчымасьці прыцягнуць увагу сьвету на наш уклад у культурную скарбніцу чалавецтва. Гэта тым болей важна, што на бацькаўшчыне беларуская культура ня толькі не з’яўляецца прыярытэтам дзяржавы, але маргіналізуецца на карысьць расейскай. У сваім інтэрв’ю, апублікаваным у пятніцу на СВАБОДЗЕ, Вольга Іпатава выказала шкадаваньне, што нацыянальная гісторыя ня сталася ветразём для нацыі. А БЕЗ НАПОЎНЕНАГА ВЕТРАЗЯ – кажа яна – НІВОДНАЯ НАЦЫЯ  НЯ ЗМОЖА ПЛЫЦЬ У ШЫРОКІ СЬВЕТ. Гэта можна сказаць і пра мову і пра ўсе іншыя галіны культуры. Дзеля таго, што чалавек за мяжой лепш усьведамляе сабе важнасьць прыналежнасьці да роднай культуры, дыяспара тут таксама можа адыйграць не абыякую ролю.

Заклікаю тых, хто яшчэ не далучыўся да нашае грамады – да ЗБК і БАЗы – і да нашых супольных намаганьняў, ДАЛУЧАЙЦЕСЯ! Так, як і іншыя народы сьвету, разам будзем мацнейшымі і хутчэй здабудзем для нашага народу павагу ў сьвеце.

У канцы, хачу нагадаць пра нашае вялікае нацыянальнае сьвята – Дзень юрыдычнага аднаўленьня – 25 гадоў таму – незалежнасьці Беларусі. З гэтае нагоды віншую ўсіх прысутных ад імя Рады БНР.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

4-га верасьня 2016 г.