У дзейнасці суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса прыкметная цяга да лепшых узораў беларускага пісьменства.
Кожная беларуская суполка выбірае прыярытэты ў працы. Я ж хачу падзяліцца досведам таго, як мы выкарыстоўваем велізарны патэнцыял беларускай літаратуры.
Актывісты суполкі “Уздым” гасцююць у Опсе
Дзень беларускага пісьменства на Браслаўшчыне
Дзень беларускага пісьменства праходзіў 18 верасня ў аграгарадку Опса, што ў Браслаўскім раёне Віцебшчыны. У свяце паўдзельнічалі актывісты нашай суполкі Людміла Сінякова, Вольга і Мікола Паўловічы, Зінаіда Сіліня і Айвар Сіліньш, Станіслаў Валодзька, а таксама даўгаўпілскія музыкі Вера Грынберт і Эдуард Зарыньш. У актавай зале Опсаўскай школы выступалі паэты Браслаўшчыны Даніла Воўчык, Вольга Ляснеўская, Святлана Цыўнэль, Алена Радзевіч, Наталія Пушкарова. Я расказала аб працы нашай суполкі, чытала вершы Паўла Плотнікава і Станіслава Валодзькі, а Вера Грынберт пад акампанімент Эдуарда Зарыньша выканала песні на словы С. Валодзькі. Гучалі беларускія народныя, аўтарскія песні ў выкананні браслаўскага гурта “На панадворку” (мастацкі кіраўнік Марына Шыркевіч): у яго, дарэчы, сёлета 20-я ўгодкі. Гаспадароў і гасцей свята вітала старшыня Браслаўскага райсавета Ніна Пучынская, у зале была і Антаніна Абалевіч, кіраўніца аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі райвыканкама. У фае разгарнулася выстава кніг паэтаў літаб’яднання “Ветразь надзеі” Браслаўшчыны і даўгаўпілскіх літаратараў.
Мы наведалі музей літаратуры, створаны пры мясцовай школе. Разглядалі там стэнды са здымкамі, біяграфіямі тых пісьменнікаў, што маюць на Браслаўшчыне родавыя карані, кнігі з іх аўтографамі, у тым ліку і нашага сябра, даўгаўпілскага паэта Зянона Бурага.
Свята прадоўжылася ў Доме культуры: нас гасцінна сустракалі там сябры мясцовай літсуполкі. У сяброўскай бяседзе за кубачкам кавы гучалі вершы, песні, пажаданні. Зінаіда Сіліня выканала песню “Зорка Венера”. Дамовіліся: падобныя сустрэчы будуць мець працяг.
Вечарына ў Даўгаўпілсе да 125-х угодкаў М. Багдановіча
Зорка Венера ўзышла…
Тымі ж днямі ў Малой зале Палаца культуры Даўгаўпілса прайшла ўрачыстасць да 125-х угодкаў Максіма Багдановіча. У канцэрце “Зорка Венера ўзышла над зямлёю”, арганізаваным суполкай “Уздым”, паўдзельнічалі гурт народнай песні “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў), танцавальны гурт “Лянок” (кіраўніца Марына Медуніцкая), ансамблі “Ластаўкі” (кіраўніца Таццяна Піменава) і “Пралескі” (кіраўніца Анастасія Малышава).
Шмат гадоў восенню па ініцыятыве Саюза беларусаў Латвіі ў краіне праходзяць Дні беларускай культуры. Сёлета канцэртам “Зорка Венера...” пачаўся шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею Максіма Багдановіча: яны праходзяць у беларускіх суполках па ўсёй Латвіі. Мы гаварылі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Вядучыя Зінаіда Сіліня і Валянціна Ліпінская быццам запрасілі ўсіх на адкрыты ўрок у беларускую школу, у якой у ролі вучняў былі Алена Радзівонава і Уладзімір Стасевіч з маладзёжнага крыла “Уздыма”, а я – настаўніцай. Гутарка дапаўнялася выступленнямі: гурты спявалі, танцавалі. Гучалі й вершы Максіма Багдановіча, а таксама песні (вершы Станіслава Валодзькі, музыка Таццяны Піменавай), прысвечаныя класіку. Аповед пра яго творчасць дапоўніла фотапрэзентацыя Таццяны Дзянісавай.
Да свята краязнаўца Мікола Паўловіч стварыў выставу, прысвечаную дзейнасці Сяргея Сахарава – цяпер яна дэманструецца ў Цэнтры беларускай культуры. На канцэрце прысутнічаў консул Генконсульства Беларусі Дзмітры Канстанцінаў, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, нашы сябры з суполкі “Вясёлка” з горада Краслава: старшыня праўлення Святлана Стэльмачонак і яе намеснік Аляксандр Клімаў.
Мы ўдзячны за фінансавую падтрымку праекта Даўгаўпілскай гарадской думе, а таксама Цэнтру беларускай культуры, фірмам, што дапамаглі ўпрыгожыць свята, СМІ, якія праявілі да яго інтарэс.
Паводле Людмілы Сіняковай, «Голас Радзімы»