«Беларускі ручнік» упрыгожыла вышыўка Daugavpils

15 кастрычніка 2016 года ў Дагдзе прайшло планавае мерапрыемства «Беларускі ручнік» у рамках праекта Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца», атрымаўшага падтрымку на конкурсе праектаў падтрымку Міністэрства культуры Паўднёва-Латгальскага цэнтра падтрымкі недзяржаўных грамадскіх арганізацый. Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры, як партнёр праекта, перадаў ручнік з вышыўкай слова Daugavpils і беларускага ўзора другому ўдзельніку праекта – Ліванскаму славянскаму таварыству «Узоры»

Праект Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца», прысвечаны аднаму з сімвалаў беларускай культуры – ручніку, стартаваў у верасні ў пасёлку Асунэ Дагдскага краю. На семінары адбылася ўрачыстая перадача ручніка, які будуць вышываць удзельнікі праекта, ад беларусаў Дагды беларусам Даўгаўпілса. «Вербіца» вышыла з двух бакоў слова Dagda і прыгожы арнамент. Праз месяц на беларускім ручніку з'явіўся другі узор і слова Daugavpils, і ён адправіцца далей па Латгаліі.

В Дагдскім Доме культуры ў святочным мерапрыемстве ўдзельнічалі калектывы «Купалінка», «Лянок» і «Паўлінка», спявак Павел Прозар і паэт Станіслаў Валодька з Даўгаўпілса, ансамбль «Узоры» з Ліван, «Вярба» і «Аколіца» з Дагды, декламатар Рыта Кучанэ з Лудзэнскага беларускага таварыства «Крыніца». Старшыня Дагдскага беларускага таварыства «Вербіца» Таццяна Гагалінская выказала падзяку Дагдскай краявой думе і партнёрам, падтрымаўшым праект. Старшыня Дагдскай краявой думы Сандра Вішкурэ падзякавала таварыству «Вербіца» за актыўную дзейнасць і пажадала далейшых поспехаў.

Прыгожую элегантную вышыўку даўгаўпілскіх беларусаў выканала метадыст Цэнтра беларускай культуры Марыя Памецька. Для слова «Даўгаўпілс» былі выбраны ніткі сіняга колеру, якія сімвалізуюць герб горада і раку Даўгаву. А надпіс Daugavpils упрыгожылі чырвона-чорныя ружы, традыцыйныя для вышыўкі ручнікоў Гродзенскай вобласці, адкуль родам М.Памецька. Ручнік быў урачыста пераданы старшыні Ліванскага таварыства «Узоры» Лідзіі Знотыне.

Выказваючы падзяку партнёрам і самакіраванню Дагды, кіраўніца даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская павіншавала ўсіх жанчын з Днём маці, які ў Беларусі адзначалі напярэдадні, 14 кастрычніка, у праваслаўнае свята Пакрова Багародзіцы. У Беларусі менавіта мамы ткалі і вышывалі ручнікі і передавалі іх як абярэг сваім дзецям.

Жана Раманоўская, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія)