Даўгаўпілскі вакальна-інструментальны ансамбль гасцяваў у Мёрах і адкрываў там юбілейны экафэст.
Край жураўліны, край журавінавы
Колькі ўсяго цікавага ў нашай Бацькаўшчыне! Заслугоўвае павагі, што ў рэгіёнах цяпер ладзіцца шмат фэстаў з улікам мясцовых адметнасцяў. Адзін з іх – у Мёрах, на Віцебшчыне. Там 18 верасня праходзіў V экалагічны фэст “Жураўлі ды журавіны Мёрскага краю”. На свята былі запрошаны й супляменнікі з Даўгаўпілса. І гонар нам, што адкрыў святочны канцэрт экафэсту якраз гурт “Пралескі” даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. Дзяўчаты з аматарскага калектыву пад кіраўніцтвам Настассі Малышавай, хоць і маюць “вясновую” назву ды блакітны каларыт строяў, выдатна ўпісаліся ў мёрскую восеньскую імпрэзу.
Экафэст “Жураўлі ды журавіны Мёрскага краю”, назва якога найбольш паэтычна гучыць па-беларуску, мае пяцігадовую гісторыю. Нам расказалі: так упершыню ў Мёрах была прыгожа ўвасоблена ў святочную дзею ідэя выкарыстання мясцовых прыродных рэсурсаў у культуры, турызме і бізнэсе. Як вядома, у Мёрскім раёне знаходзіцца ўнікальнае балота Ельня, якое цяпер ахоўваецца дзяржавай. Да экасістэмы вялікі інтарэс і ў міжнародных прыродаахоўных арганізацый. На балотных абшарах гняздзяцца жураўлі ды іншыя рэдкія віды птушак, а яшчэ – растуць журавіны. Такі прыродны дар мясцовыя ўлады й выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці. За кароткі час экафестываль “Жураўлі ды журавіны Мёрскага краю” стаў візітнай карткай раёна. Потым, творча пераняўшы досвед, і суседзі ў Глыбокім заснавалі “Вішнёвы фэст”, а ў Шаркаўшчыне ладзяць “Яблычны фэст”.
“Пралескі” з лялькамі-сімваламі свята ў Мёрах
На экафэсце ў Мёрах мы пабачылі цікавыя падвор’і розных аграгарадкоў, былі там творчыя гурты, сяляне з якаснай прадукцыяй з палёў, садоў і агародаў, ішоў гандаль журавінамі, разгарнулі свае рады рамеснікі ды гандлёвыя прадпрыемствы з усяго раёна. Сустракалі мы на фэсце й прадстаўнікоў замежных дыпмісій, артыстаў з Мінска, гасцей свята з суседніх раёнаў ды з замежжа.
На святочнай сцэне гурт “Пралескі” спяваў вясёлыя песні на беларускай, латышскай і латгальскай мовах. Гледачоў сабралася шмат, і падзякай артыстам былі шчодрыя апладысменты.
Супрацоўніцтва Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры і аддзела культуры Мёрскага райвыканкама прадоўжыцца: маем такое пагадненне. У Год культуры ў Беларусі творчыя гурты Даўгаўпілса і Мёраў абменьваюцца візітамі, досведам. Беларусы Даўгаўпілса, дарэчы, гасцявалі сёлета і на фэсце “Перабродская зорка”. Мы ж таксама прымалі гасцей: артысты з Мёраў выступалі на “Беларускім Купаллі” ў Даўгаўпілсе, прыедуць на VI Міжнародны фэст народных культур “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”.
Жанна Раманоўская, «Голас Радзімы»