Па-свойску, па-суседску

Да сваіх культурных традыцый беларусы Клайпеды далучаюць мясцовых жыхароў. А яшчэ спрыяюць наладжванню эканамічных стасункаў паміж краінамі.

Артысты ансамбля “Купалінка” на свяце ў Паланзе

З кіраўніцай клайпедскіх ансамбляў беларускай песні “Купалінка” і дзіцячага “Верасок” Валянцінай Снігур ды Ганаровым консулам Беларусі ў Клайпедзе Мікалаем Логвіным мы сустрэліся ў Паланзе, дзе сёлета праходзіў Фестываль нацыянальных культур “Зоры Балтыі”. Беларускія гурты адкрывалі свята і, па словах кіраўніцы, удзельнічалі ў трох папярэдніх фэстах. І заўсёды ім адводзіліся “пачэсныя” нумары: першыя ці на завяршэнне. Дарэчы, сярод спявачак ёсць 4–5-гадовыя дзяўчынкі. А як спяваюць па-беларуску! “У “Вераску” ў нас дзеці да 13–15 гадоў, – гаворыць Валянціна Снігур. – У асноўным з беларускіх ці змешаных сем’яў, ёсць і з літоўскіх, рускіх, украінскіх... Малым падабаецца мова: прыгожая, меладычная. У песнях запамінаюць словы, пасля пачынаюць цікавіцца і культурай”.

У Клайпедзе жыве больш за 3000 беларусаў. З 2001 года існуе і Беларуская грамада “Крыніца”, на чале суполкі Мікалай Логвін, Ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе. Пры суполцы працуе і нядзельная беларуская школа: урокі па мове, культуры, этнаграфіі ды фальклоры вядзе заснавальніца і першы кіраўнік “Крыніцы” Алена Мірончык.

Як расказаў Мікалай Логвін, у Клайпедзе каля 65 працэнтаў карэнных жыхароў, астатнія – прадстаўнікі іншых народаў. У Доме нацыянальных меншасцяў працуюць 9 культурна-нацыянальных абшчын. Беларуская “Крыніца” – адна з самых актыўных: ладзіць нацыянальныя святы, удзельнічае ў гарадскіх канцэртах і фэстах. З найбольш адметных – Купалле. “Сёлета ладзілі яго на беразе ракі Мініі ўжо ў 12 раз, – з гонарам гаворыць Мікалай Логвін. – Спачатку збіраліся адны беларусы, цяпер прыязджаюць літоўцы, яўрэі, татары… Да 500 чалавек бывае! Сёлета гасцяваў на свяце гурт “Крынічанька” з горада Барань, гэта Аршанскі раён Віцебшчыны. Аднойчы Купалле разам з намі святкавалі землякі з латышскага горада Ліепая, а з 2004-га ладзім яго разам. Сёлета ліепальскі гурт “Мара” быў запрошаны на 20-е, юбілейнае Свята беларускай песні: сустрэліся ў Вільнюсе”.

У 2009 годзе “Крыніца” падпісала дамову аб супрацоўніцтве з Лідскім райвыканкамам – гэта Гродзеншчына. З таго часу творчыя калектывы з Лідчыны часта бываюць у гасцях у сяброў-суседзяў. Так, летась на традыцыйную “Вечарыну з “Купалінкай” прыязджаў “Лідскі гармонік”, сёлета ў маі на святкаванні 15-годдзя “Крыніцы” выступаў Тэатр эстраднай песні “Ліда-Мьюзікл” Лідскага Палаца культуры. І клайпедская “Купалінка”, гаворыць кіраўнік грамады, бывае ў Лідзе: “У 2010-м паўдзельнічалі ў “Дажынках”, летась – у адборачным туры Фестывалю нацыянальных культур, у канцэртнай праграме да Дня Незалежнасці Беларусі”.

Дзіяна Стахновіч і Мікалай Логвін

Мікалай Логвін падзяліўся радаснай навіною: выпуснік клайпедскай сярэдняй школы, навучэнец нядзельнай беларускай школы Дзяніс Смірноў, бацькі якога пераехалі ў Клайпеду з беларускага Чэрвеня, стаў студэнтам Белдзяржмедуніверсітэта. “Юнак – зорка нашай суполкі, – адзначыў Мікалай Логвін. – Ён закончыў музычную школу, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх імпрэзах грамады, пранікнёна выконвае песні “Спадчына”, “Зорка Венера”, “Мой родны кут”, грае “Паланез Агінскага”... Мы ганарымся хлопцам, жадаем яму поспехаў і чакаем дадому з дыпломам спецыяліста”.

Дарэчы, двое старэйшых дзяцей Мікалая Аляксеевіча таксама навучаліся ў Мінску: у Беларускім дзяржаўным палітэхнічным універсітэце. “Сын стаў праграмістам, працуе ў Вільнюсе. Дачка – эканаміст, жыве ў Клайпедзе. Падарыла нам нядаўна з жонкаю ўжо другую ўнучку, – усміхаецца Мікалай Логвін. – Назвалі Алесяй, прычым (смяецца): без усялакага націску з майго боку. Малодшы сын вучыўся ў Англіі, вярнуўся жыць і працаваць у Літву. Так што ўсе мы тут разам, усе побач”. Летась Мікалай стаў яшчэ і Ганаровым консулам. “Абавязкі ў мяне прыкладна такія ж, як і ў кіраўніка беларускай грамады, толькі больш пашыраныя, – удакладняе субяседнік. – Прадстаўляць інтарэсы Беларусі, прычым не толькі ў галіне культуры, але і ў эканоміцы. Вырашаем пытанні візавыя, звязаныя з атрыманнем грамадзянства ды іншыя. Мы ж і своеасаблівы даведачна-інфармацыйны цэнтр”.

Даўгатэрміновыя стасункі мае Беларусь з Клайпедскім портам. Праз яго, дарэчы, сёння перавальваецца больш за трэць усіх беларускіх грузаў. І “Беларуськалій” мае ўласныя магутнасці па перавалцы калійных угнаенняў. Порт Клайпеда для Беларусі – яшчэ і пункт адгрузкі на экспарт нафтапрадуктаў, іншай прадукцыі. І ў абавязкі консула ўваходзіць замацаванне, пашырэнне гэтых сувязяў. “У Лідзе сёлета праходзіў Беларуска-літоўскі эканамічны форум, – расказвае ён. – Паўдзельнічала болей за 100 прадпрымальнікаў, бізнесменаў з Літвы. Многія пасля форуму ўсёр’ёз зацікавіліся сумеснымі праектамі ў галіне харчавання, маюць намер закупляць лідскую муку, піва, квас... Цяпер, дарэчы, Лідскі лакафарбавы завод пастаўляе сваю прадукцыю на будпрадпрыемствы Літвы. З Воранава і Маладзечна ідзе шмат жалезабетонных перакрыццяў для ўладкавання тэрыторый порта. Мы спрыяем і таму, каб у літоўскіх тэндарах удзельнічалі беларускія прадпрыемствы”.


Даведка “ГР”

Ганаровы консул Беларусі Мікалай Логвін родам з Ліды. Закончыў Ленінградскае вышэйшае інжынерна-марское вучылішча. З 1982 года жыве і працуе ў Літве. У 1991-м стаў грамадзянінам Літвы, з 2012-га ўзначальвае Беларускую грамаду “Крыніца”. Працуе і незалежным экспертам на прадпрыемстве “Корабли и люди” ў Санкт-Пецярбурзе. Як Ганаровы консул прыступіў да выканання абавязкаў 6 сакавіка 2015 года.

Кацярына Мядзведская, «Голас Радзімы»