У перыяд з 16 па 25 верасня ў Рэспубліцы Малдова праходзіў Рэспубліканскі этнакультурны фестываль «Адзінства праз разнастайнасць», які ў гэтым годзе адзначыў сваё 15-годдзе. Па шматгадовай традыцыі арганізатарамі свята выступілі Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова ў партнёрстве з этнакультурнымі арганізацыямі і мэрыяй муніцыпія Кішынёў.
Мэтай фэста з'яўляецца захаванне і памнажэнне традыцый нацыянальных меншасцяў, развіццё міжкультурнага дыялогу, умацаванне ў кантэксце вектара еўрапейскай інтэграцыі Рэспублікі Малдова сяброўскіх сувязяў паміж прадстаўнікамі розных этнасаў, што пражываюць у краіне.
Урачыстае адкрыццё Фестывалю адбылося ў парку «Ștefan cel Mare și Sfânt» з удзелам кіраўніцтва краіны, дыпламатаў і прадстаўнікоў этнакультурных арганізацый, акрэдытаваных пры Бюро міжэтнічных адносін і мэрыі Кішынёва.
Дзякуючы суладнай працы чатырох беларускіх арганізацый удзельнікі і госці фестывалю змаглі палюбавацца цэлай беларускай вуліцай, якая з'явілася на адной з цэнтральных алей кішынёўскага парка.
Беларускі культурны рух Малдовы прадставіў экспазіцыю «Культурная спадчына Беларусі». Прэзентаваныя кнігі пра традыцыі, гісторыю і мастацтва Беларусі хутка знайшлі свайго чытача. Госці з цікаўнасцю разглядалі свежыя асобнікі «Добрага духу зямлі Дняпроўскай» і «На берагах Дняпра і Друці», прывезеныя з Дня беларускага пісьменства, што адбыўся ў Рагачове, гарталі старонкі перыядычных выданняў «Голас Радзімы» і «Беларусы ў свеце», разглядалі мастацкія фатаграфіі, і ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створанага беларускай «Скарбніцай».
Таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Малдова–Беларусь» і Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў «Беларусь» парадавалі гасцей беларускімі і малдаўскімі народнымі песнямі, а таксама выкананнем твораў сусветнай класікі. Оперная дзіва Маргарыта Будзей разам з маладой таленавітай спявачкай Вольгай Садоўнік прыцягвалі сваімі прыгожымі галасамі вялікую колькасць наведвальнікаў да нашага беларускага падворка. А песня «Бывайце здаровы» на музыку I.Любана і словы А.Русака стала сапраўдным хітом нашай беларускай вуліцы і выконвалася на біс неверагодную колькасць разоў.
Не забыліся мы і пра розныя смачныя стравы ды напоі беларускай кухні. Словы «бульба», «каўбаскі», «дранікі», «бярозавы сок» ды «Белавежская» дзейнічалі на гасцей нашага падворка асабліва магічна.
На беларускую вуліцу завітвалі вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы. Пірка Тапіёла, кіраўнік дэлегацыі Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Малдова, пазычыў беларусам Малдовы вялікіх поспехаў і з задавальненнем пачаставаўся беларускім шакаладам «Камунарка».
У гэтым годзе беларусы Малдовы выклікалі вялікую цікавасць не толькі ў гасцей фестывалю, але і ў розных СМІ. У нас бралі інтэрв'ю розныя тэлеканалы, а нацыянальны канал «Maldova 1» зрабіў прамое ўключэнне з Фестывалю на фоне першай тытульнай старонкі Псалтыра Францыска Скарыны 1517 года.
Генеральны дырэктар Бюро міжэтнічных адносін Алег Бабенка адзначыў, што сёлетні фестываль стаўся самым маштабным за апошнія гады. У ім узялі ўдзел сорак пяць этнакультурных арганізацый, якія прадставілі чатырнаццаць этнічных груп.
Культурная разнастайнасць, уласцівая малдаўскаму краю, дазваляе людзям розных нацыянальнасцяў жыць у згодзе, а беларусы Малдовы дэманструюць адзін з самых яркіх прыкладаў талерантнасці і дружалюбнага стаўлення.
Ганна Мазур, старшыня Праўлення ГА «Беларускі культурны рух Малдовы»