Чарговая сустрэча на «Беларускай кухні»

25 верасня 2016 г. беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Уздым» запрасіла сваіх сяброў на чарговае свята «Беларускaя кухня», якое вельмі падабаецца ўсім. Таму ў гэтым годзе вырашылі зноў правесці гэта мерапрыемства. З раніцы пагода была хмурая, а пад вячорак выглянула сонейка і асвяціла наша памяшканне сваімі ласкавымі восеньскімі промнямі.

Вядучымі свята былі Вольга Паўловіч і Галіна Сантоцкая. Жанчыны ў гэтай справе дасведчаныя. Кожнаму было прапанавана прынесці нейкае сваё фірмовае беларускае блюда. Стол ламіўся, нажаль не хапала мейсца для ўсіх прысмакаў прыгатаваных гаспадынямі. Нават самае вядомая страва аладкі былі прадстаўлены больш чым у дзесятку варыянтаў прыгатавання. А яшчэ мачанкі, салянкі, закаткі. Было на што паглядзець і што пасмакаваць.

Таксама былі прадстаўлены самаробныя напоі: сокі і віны, арганізавана невялікая рознаколерная выстава ягад і гародніны з дачных гаспадарак.

На мерапрыемстве прысутнічалі госці з Глыбокага (Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь): намеснік старшыні аддзела адукацыі, спорта і турызма Глыбокскага райвыканкама Зеваліч Таццяна, інструктар-метадыст па турызму Глыбокскага раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Галай Алла, намеснік дырэктара Глыбоцкіх энергасетак Казак Валерый. Гасцям правялі невялікую экскурсію па гораду і крэпасці, пазнаёмілі з беларускімі мясцінамі Даўгаўпілса. Госці азнаёміліся з працай Цэнтра беларускай культуры, пра якую цікава і грунтоўна расказала метадыст ЦБК Марыя Памецька.

У рамках мерапрыемства было заключана пагадненне аб дальнейшым супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі і турызма. Госці падаравалі нам цудоўную ляльку і шмат інфармацыйных матэрыялаў пра Глыбоччыну. У сваю чаргу «Уздым» таксама падараваў сувеніры, газеты «Уздым» і друкаваныя выданні аб дзейнасці таварыства.

Сярод гасцей быў і новы творчы калектыў «Лада» (кіраўнік Вера Грынберт), які пажадаў далучыцца да нашага таварыства. Першае супрацоўніцтва было апрабавана ў Опсе Браслаўскага раёна падчас свята дзён пісьменнасці. Вось і зараз мы былі рады новай сустрэчы са спявачкамі, яны парадавалі нас сваімі спевамі. Прагучалі песні на словы Станіслава Валодзькі і музыку Альберта Белуся, Андрэя Канавалова.

Вядучыя запрасілі нас пакаштаваць прысмакі, паслухаць прыказкі і прымаўкі, разгадаць загадкі, паслухаць пра гісторыю беларускіх страў.

Удзельнікі калектыву “Купалінка” спявалі вясёлыя песні пра бульбу, зацірку і беларускую чарку. Госці прытоптывалі, ляскалі ў далоні, падпявалі артыстам і частаваліся. Гаспадыні абменьваліся рэцэптамі страў.

С. Валодзька паспрабаваўшы цудоўныя беларускія стравы, парадаваў нас новым вершам «Ода бульбе», які з задавальненнем быў праслуханы. Зінаіда Сіліня падзялілася ўспамінамі з раняй гісторыі дзейнасці таварыства, і спавяла цудоўныя беларускія песні. З захапленнем чытала ўрывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» Тэрэза Паўлава, а Жана Беляўская прачытала верш пра беларускую шынку.

Мерапрыемства прайшло ў добрай душэўнай атмасферы.

Мікола Паўловіч, сябра таварыства «Уздым»