27 жніўня 2016 года ў гарадскім паселку Зэльва Гродненскай вобласті, які спрадвеку славіўся сваімі коннымі кірмашамі, прайшоў «Ганненскі кірмаш» – адзін з самабытных рэгіянальных фестываляў Беларусі. Па запрашэнню Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта ў «Ганненским кірмашы» прыняў удзел вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі» Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК).
У Год культуры ў Беларусі паміж установамі Даўгаўпілса і Зэльвы было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы культуры.
Сваю гісторыю Зэльва вядзе з 16-га стагоддзя. У 17 стагоддзі паселішча перайшло ў валоданне княскага роду Сапегаў. Менавіта з імі і звязаны росквіт Зэльвы, якая набыла сабе славу як гандлёвае месца на шляху Мінск–Слонім–Ваўкавыск–Гродна–Беласток. На знакаміты «Ганненскі кірмаш» прыязджала да 5 тысяч купцоў з расійскіх губерняў, Польшчы, Швецыі, Даніі, Прусіі, Аўстрыі, Францыі і іншых дзяржаў.
Зэльвенскі кірмаш не меў сабе роўных у Беларусі, з’яўляўся злучным звяном паміж вялікарускімі губернямі і замежжам. Асаблівым артыкулам ішоў гандаль коньмі, бывала ў дзень прадавалі па сто коней. Таму нядзіўна, што выява каня знаходзіцца на гербе Зэльвы, а ў цэнтральным парку яму ўсталяваны помнік. А названы кірмаш у гонар Святой Ганны, паколькі менавіта 25 ліпеня пачынаўся «Вялікі Ганненскі кірмаш у Зэльве» і доўжыўся месяц, прыносячы немалы даход Сапегам, казне, гандлярам і мясцоваму люду. Сёння адроджаны «Ганненскі кірмаш» стаў галоўнай культурнай падзеяй года ў жыцці раённага цэнтра Зэльвы. Два жнівеньскіх дні ў гарадку жыццё б'е ключом: кірмаш, рыцарскія турніры, конкурсы, гульні, майстар-класы, спаборніцтвы на Зэльвенскім вадасховішчы і вялікі канцэрт.
Упершыню на сцэне «Ганненскага кірмаша» выступаў творчы калектыў з Даўгаўпілса. Вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі» пад кіраўніцтвам Анастасіі Малышавай падрыхтаваў паўгадзінную канцэртную праграму, уключыўшы ў яе песні на беларускай, латышскай, латгальскай і рускай мовах. Гледачы сустрэлі гасцей з Латвіі шчодрымі апладысментамі. Асаблівы акцэнт выступленню надало выкананне песні «Беларусы свету» на словы Станіслава Валодзькі, бо Беларусь для многіх членаў латвійскай дэлегацыі з'яўляецца этнічнай радзімай.
У Год культуры ў Беларусі, на фестывалі «Ганненскі кірмаш», у рамках Праграмы развіцця этнаканфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2016–2020 гады, адбылося афіцыйнае падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам беларускай культуры (Даўгаўпілс, Латвія) і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага раённага выканаўчага камітэта (Гродзенская вобласць, Беларусь). Пагадненне падпісалі кіраўніца ЦБК Жана Раманоўская і кіраўніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіна Раманчук. Дамова прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ў рознах напрамках культуры, у тым ліку абмен творчымі калектывамі. Народны ансамбль з Зэльвы атрымаў запрашэнне на VI Міжнародны фестываль народных культуры «Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе», які адбудзецца ўжо 28 кастрычніка.
У Зэльве «Пралескі» не толькі спявалі, але гулялі па кірмашы, купілі традыцыйныя сувеніры і цудоўны мед, паспрабавалі беларускіх нацыянальных страў, пабывалі ў музеі. У Зэльве цікавыя Траецкая царква 19 стагоддзя і касцёл Святой Тройцы пачатку 20 стагоддзя. Здалёку бачны мемарыял воінам Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, у Зэльве жыла вядомая беларуская паэтка Ларыса Геніюш, тут яна напісала сваю знакамітую «Споведзь».
Цэнтр беларускай культуры дзякуе за запрашэнне і сардэчны прыём першага намесніка старшыні Зэльвенскага райвыканкама Яўгена Грэцкага; начальніка Аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама Галіну Раманчук, галоўнага спецыяліста аддзела Марыну Земба, а таксама Генеральнага консула Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Уладзіміра Васільевіча Клімава за візавую падтрымку.
Жана Раманоўская, Цэнтр беларускай культуры, Даўгаўпілс