Далёкія – і такія блізкія!

У аргенцінскім горадзе Бярыса, што ў правінцыі Буэнас-Айрас, адсвяткавалі 75-годдзе з дня заснавання Беларускага культурнага і спартыўнага клуба «Усход».

Сапраўдны гонар клуба «Усход» – ягоны моладзевы танцавальны ансамбль «Чайка»

У Амбасадзе Беларусі ў Буэнас-Айрасе паведамілі: «За 75 гадоў у сценах Беларускага культурнага і спартыўнага клуба «Усход» змянілася некалькі пакаленняў этнічных беларусаў, якія далёка ад Радзімы змаглі захаваць сваю культуру, звычаі ды векавыя традыцыі беларускага народа. Клуб «Усход» – адна з самых актыўных эмігранцкіх суполак у Аргенціне. Створаны ён быў 24 жніўня 1941 года».

У інтэрнэце знаходзім, што сярод першапачатковых мэтаў арганізацыі былі як падтрымка традыцый, так і дапамога суайчыннікам: у час Вялікай Айчыннай вайны сябры суполкі збіралі ды перадавалі гуманітарную дапамогу сем’ям савецкіх салдатаў, шылі ваенную форму... Пры клубе цяпер існуе і моладзевы танцавальны ансамбль «Чайка», які штогод удзельнічае ў Дні эмігранта правінцыі Буэнас-Айрас, ва ўсіх значных мерапрыемствах горада Бярыса. У 2014-м трое танцораў «Чайкі», Мяліса Вара Галюк, Таццяна і Эстэбан Куц, прадэманстравалі сваё майстэрства на другім Фэсце мастацтваў беларусаў свету ў Мінску.

Прыгажуні-каралевы

Прыгажуні-каралевы Читать статью полностью на портале «СБ»: http://golas.sb.by/dzen-za-dnyem/article/dalyekiya-i-takiya-blizkiya.html
Прыгажуні-каралевы Читать статью полностью на портале «СБ»: http://golas.sb.by/dzen-za-dnyem/article/dalyekiya-i-takiya-blizkiya.html
Прыгажуні-каралевы Читать статью полностью на портале «СБ»: http://golas.sb.by/dzen-za-dnyem/article/dalyekiya-i-takiya-blizkiya.html

На сёлетнім свяце, прысвечаным 75-годдзю клуба «Усход», з вітальным словам звярнуўся да прысутных Амбасадар Беларусі Віктар Козінцаў. Ён павіншаваў супляменнікаў з Днём нараджэння суполкі, адзначыў: беларуская Амбасада і беларусы ў Аргенціне часта ладзяць сумесныя культурныя акцыі. Дыппрадстаўніцтва дапамагло з арганізацыяй і гэтай імпрэзы. Амбасадар падзякаваў усім, хто ў далёкай ад Беларусі лацінаамерыканскай краіне зберагае традыцыі, культурныя каштоўнасці беларусаў, хто танцуе і вырабляе нацыянальныя строі. Дарэчы, да Дня нараджэння клуба для танцораў ансамбля «Чайка» былі пашытыя два віды беларускіх народных касцюмаў.

Віктар Козінцаў уручыў кіраўніку Клуба «Усход» Раману Пайва ганаровыя граматы Міністэрства замежных спраў Беларусі і Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, грамату Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Беларусі. Ад РЦНК суполцы перададзены яшчэ і нацыянальныя строі, сувеніры, інфаматэрыялы пра Беларусь, дыдактычныя распрацоўкі для тых, хто жадае навучыцца танцаваць беларускія народныя танцы.

Цёплыя словы віншаванняў казалі на свяце Амбасадар Расіі ў Аргенціне Віктар Каранелі, мэр Бярысы Хорхе Недзела, ганаровы консул Беларусі ва Уругваі Себасцьян Андраюк, кіраўнікі шэрагу эмігранцкіх культурных клубаў. У святочнай імпрэзе паўдзельнічалі больш за 300 чалавек. Парадаваў гасцей выступленнямі ансамбль «Чайка», у якім сёння – каля 60 танцораў. Пад час імпрэзы адбылася і ўрачыстая цырымонія перадачы стужак і карон Каралеў дыяспары. Так, беларускую супольнасць Бярысы на штогадовым свяце Дзень імігранта ў правінцыі Буэнас-Айрас будуць прадстаўляць сёлета Людміла Вак Галюк і 7-гадовая Эма Базана Мажавік.

Кіраўнік Клуба Раман Пайва ў заключным слове падзякаваў усім сябрам за ўдзел у свяце, адзначыўшы: аргенцінскі бок надае асаблівую ўвагу падтрымцы культур дыяспар. А той факт, што ў Аргенціне шмат выхадцаў з Беларусі, адыгрывае важную ролю ў развіцці двухбаковага дыялогу паміж краінамі. Аргенцінцы ж падкрэсліваюць: беларусы робяць важкі ўнёсак у развіццё сваёй другой радзімы. Раман Пайва падзякаваў за садзеянне і дапамогу ў арганізацыі свята Амбасадзе Беларусі ў Аргенціне, падкрэсліў: «Праца Амбасады з культурнымі клубамі – вельмі важная для згуртавання супляменнікаў».

Кацярына Мядзведская, «Голас Радзімы»