Выпускнік Коласаўскага ліцэя стаў першым студэнтам з Беларусі ў Сінгапуры – там яму выкладалі нават беларускую мову!

Шмат маладых беларусаў атрымліваюць адукацыю за мяжой. Цяпер ужо цяжка каго-небудзь здзівіць дыпломамі еўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх навучальных устаноў. Але некаторыя нашыя суайчыннікі выбіраюць і нетрадыцыйныя кірункі. Выпускнік Коласаўскага ліцэя Міхаіл Лысюк стаў першым беларусам, які паступіў і паехаў на навучанне ў Сінгапур.

Хлопец вучыўся ў элітным сінгапурскім каледжы South East Asia, які быў асабіста заснаваны «айцом сінгапурскага эканамічнага цуду» Лі Куан Ю.

Як паступіць у адзін з найлепшых каледжаў свету, чым беларусы адрозніваюцца ад сінгапурцаў, як у Сінгапуры можна вывучаць беларускую мову і чаму рэгбі-7 гэта цікавы і перспектыўны спорт? Гэтыя тэмы «Наша Ніва» абмеркавала з 19-гадовым студэнтам і спартсменам Міхаілам Лысюком.

НН: Міхаіл, як Вы сталі першым беларусам, які паехаў вучыцца ў Сінгапур?

МЛ: У старэйшых класах я вучыўся ў Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Я лічу, што гэта выдатнае месца, якое дало мне шырокія магчымасці і выдатную базу. Асабліва гэта тычыцца сацыяльных навук.

І вось я даведаўся пра праграму United World Colleges (UWC). UWC – гэта група навучальных устаноў у розных краінах, якія сваёй галоўнай мэтай лічаць развіццё ўзаемаразумення паміж народамі праз адукацыю. Гэта вельмі моцная сетка навучальных устаноў. Кожны год арганізацыя выдае 5 стыпендый на навучанне для беларусаў.

Сінгапурскі United World College of South East Asia раней не выдаваў стыпендыі беларусам, але ў 2014 годзе яны вырашылі ўзяць на навучанне чалавека з нашай краіны. Я напісаў эсэ, прайшоў сумоўе і атрымаў стыпендыю UWC – такім чынам я стаў першым студэнтам з Беларусі ў Сінгапуры.

НН: Што гэта за каледж South East Asia?

МЛ: Каледж з’яўляецца часткай United World Colleges. Ён быў заснаваны вядомым Лі Куан Ю ў 1971 годзе, яшчэ да таго, як Сінгапур стаў багацейшай дзяржавай свету. Урад выдаткоўваў вялікія грошы не толькі на навучанне сінгапурскіх студэнтаў за мяжой, але і на стварэнне якасных навучальных устаноў у самім Сінгапуры.

Зараз у каледжы South East Asia навучаецца каля 100 міжнародных стыпендыятаў UWC, а таксама каля 250 мясцовых вучняў.

Каледж South East Asia у сваім сегменце займае самыя высокія пазіцыі і ў рэйтынгах абыходзіць нават Ітанскую школу, дзе вучылася вялікая частка брытанскай эліты.

Навучанне адбываецца 2 гады па сістэме «Міжнародны бакалаўрыят». Сістэма адпавядае 11–12 класам сярэдняй школы, але дае лепшую падрыхтоўку для паступлення ва ўніверсітэты, у тым ліку топавыя. Можна выбіраць дысцыпліны, якія хочаш вывучаць на паглыбленым узроўні. Я выбраў эканамічную спецыялізацыю, таму паглыблена вывучаў матэматыку і некаторыя іншыя прадметы.

Яшчэ была магчымасць вывучаць акрамя англійскай другую мову. Шчыра кажучы, мне было б даволі цяжка браць яшчэ адну замежную мову, таму я вырашыў запісацца на заняткі па беларускай мове…

НН: Заняткі па беларускай мове? У Сінгапуры?

МЛ: Так. Гэта былі дыстанцыйныя заняткі з лонданскай выкладчыцай беларускай мовы. Я рабіў у Сінгапуры заданні і практыкаванні і дасылаў іх праз інтэрнэт у Лондан.

НН: Як вам Сінгапур? Ці цяжка еўрапейцу ў Азіі?

МЛ: Было не так проста. Але трэба адзначыць, што Сінгапур будаваўся на «еўрапейскі», у першую чаргу «брытанскі», лад. Таму гэтая дзяржава адна з самых «еўрапейскіх» у Азіі, і еўрапейцу тут адносна камфортна. Вельмі проста адкрыць свой бізнэс, карупцыя амаль адсутнічае. Але некаторыя законы вельмі жорсткія, і яны бліжэй да азіяцкіх.

Што тычыцца мясцовага насельніцтва, то менталітэт у іх іншы. Нягледзячы на «еўрапейскія» рэформы і «еўрапейскі» ўзровень жыцця, сінгапурцы так і засталіся азіятамі. Яны вельмі шмат працуюць, амаль заўсёды дэпрэсіўныя і вельмі сур’ёзныя. Да іншаземцаў адносіны не заўсёды прыязныя. У некаторых у вачах так і чытаецца: «Панапрыязджалі тут!». Таму ўсялякае бывала.

Яшчэ ў Сінгапуры я пачаў гуляць у рэгбі-7…

НН: Рэгбі-7? 7 гэта колькасць удзельнікаў?

МЛ: Так, ад класічнага рэгбі гэты від адрозніваецца колькасцю ўдзельнікаў і працягласцю гульні. Калі класічнае рэгбі – гэта ў першую чаргу стратэгія, то рэгбі-7 – больш хуткасны і відовішчны спорт. Нездарма яго ўключылі ў праграму Алімпійскіх гульняў у Рыа.

Да гэтага я ніколі не займаўся рэгбі, толькі рукапашным боем. Таму было даволі цяжка патрапіць у асноўную каманду каледжа.

Я падтрымліваў кантакты з мінскай камандай «Харугва». Мне ўдалося далучыцца да іх, і мы сталі чэмпіёнамі Беларусі па рэгбі-7. Запрасілі мяне і ў нацыянальную зборную. У яе складзе ўдзельнічаў у турніры ў Расіі. Але там, на жаль, мы выступілі не вельмі ўдала.

НН: Якія ў вас далейшыя планы?

МЛ: Я скончыў сінгапурскі каледж у гэтым годзе і паступіў у ЗША. Буду далей вывучаць эканоміку і спадзяюся працягваць гуляць у рэгбі-7. У мяне не было адмысловай мэты альбо мары вучыцца ў ЗША. Я проста шукаў стыпендыяльную праграму, якая магла б пакрыць кошт майго навучання. І так атрымалася, што найлепшыя ўмовы былі якраз у амерыканскім універсітэце.

НН: То бок вы маглі б без ваганняў паехаць у Еўропу ці Азію, калі б адтуль былі лепшыя прапановы?

МЛ: У Еўропу так. Я думаў, што гэта найбольш імаверны варыянт для мяне. А вось наконт Азіі не ўпэўнены. Трэба было б сур’ёзна паразважаць.

Гутарыў Максім Маханькоў, «Наша Ніва»