Калі я быў падлеткам у маім Міры, гуляў на вуліцы «ў гузікі» або ў стракалку, я глядзеў на старэйшых людзей як на асобную катэгорыю, і мне ў галаву не прыходзіла, што некалі буду сам да яе належаць. А пазьней праз усе дзесяцігодзьдзі мяне інтрыгавала пытаньне: як старыя людзі глядзяць на сьвет і пра што яны думаюць?
Мае спробы навесьці гутарку на гэтую тэму са «старымі» запамінальных вынікаў не далі. У гэтай няўдачы ляжыць дадатковая прычына маіх цяпершаніх развагаў, бо мяркую, што сяго-таго з маладых сучасьнікаў можа цікавіць тое самае пытаньне.
Дык пра што я думаю?
Перш-наперш я думаю, што, калі чалавек пражыў дзевяць дзясяткаў і ўвесь час быў грамадзка актыўным, дык ягоны абавязак падзяліцца з маладымі сваім досьведам. Бо ў роспытах маладымі старэйшых сяды-тады задаецца пытаньне: «А што вы лічыце памылкамі ў сваім жыцьці? Што можна было зрабіць лепш?»
Дык што я мог зрабіць лепш? Якія былі мае памылкі?
Перад тым як адказаць на гэтыя пытаньні, хачу зрабіць заўвагу пра ЧАС. Так, пра час. Маладым гэта важна пачуць. Рэч у тым, што жыцьцё вымяраецца інакш, чымся пра гэта думаецца – ня днямі, месяцамі ці гадамі, а часам. Час – асноўная мерка жыцьця. Час – галоўны жыцьцёвы рэсурс, і гэтым рэсурсам валодаеш ты. Практычныя амэрыканцы пранікліва выказаліся пра час як пра грошы: Time is money.
Вось жа запамятай: час – твой час – увесь падпарадкаваны табе. Ты – ягоны валадар. Гэта – твая крыніца творчай энэргіі, ты яго выдаткоўваеш на тую ці іншую мэту. На больш карысную або меш карысную. Або на пустую.
Ёсьць вялікая розьніца ў тым, як на час глядзіцца ў маладосьці і ў старасьці. У маладосьці бачыш перад сабой час пасечаным: хвіліны–гадзіны–дні–тыдні–месяцы–гады. Гэтая часавая трасянка спараджае ілюзію, што твайму часу няма канца. Час пры ягонай «пасечанасьці» выглядае значна даўжэйшым, чымся ён выяўляецца на самой рэчы. У гэтай зманлівасьці часу хаваецца небясьпека маладым марнатравіць яго. Змарнаваныя адрэзкі часу, большыя й меншыя, найлепш відны з жыцьцёвага канца. У старасьці час выглядае цэласным, глядзіш на яго як на суцэльную глыбу, або лепш: як на адзіную крыніцу нагодаў – выкарыстаных і нявыкарыстаных.
А цяпер пра мае памылкі, пра нявыкарыстаныя шанцы «зрабіць лепш».
Хоць мой дзед па бацьку, Сьцяпан Марцінавіч Вільчыцкі, прывучаў мяне малога да чытаньня, з кнігамі, абагульняючы ўсё разам, я праводзіў замала часу, асабліва ў школьнай і сталай маладосьці, калі памяць у чалавека найвастрэйшая. А наагул, чытаньне праз цэлае жыцьцё вымагае дысцыпліны, вымагае карыстацца слоўнікамі. Слоўнікі ўзбагачаюць запас лексыкі, і гэтак узмацняеш аналітычнае мысьленьне. Шкадую, што звычка такога чытаньня была ў мяне зь дзіркамі. Шкадую, што калі ў 1950 г. у Бэльгіі ў Лювэнскім унівэрсытэце апынуўся перад выбарам кірунку наўчаньня, не пайшоў на філязафічны факультэт заміж гістарычнага. Шкадую, што не здабыўся на вядзеньне калі ня дзёньніка, дык хоць дробных нататак. Такія нататкі, як пабачыў, нават самыя кароткія, даюць нязвычайны эфэкт аднаўляньня памяці. Варта ўвесь час трымаць у галаве кітайскую павагаворку: найслабейшы алавік мацнейшы за наймацнейшую памяць. Памяць заўсёды патрэбная: у дадатак да ўсіх сваіх карысных функцыяў у маладосьці яна найлепшы антыдот альцгаймэрскай хваробе.
Вельмі важна мець сабе праз усё жыцьцё «вялікую мэту». У катэгорыю «вялікіх мэтаў» я залічаю розныя дабрадзейныя акцыі, рэлігійныя й сьвецкія, у тым ліку патрыятычныя ўчынкі. Для мяне «вялікай мэтай» сталася беларуская нацыянальная справа, якую мы, маладыя, перанялі ад нашых школьных настаўнікаў і грамадзкіх дзеячаў. Нацыянальная справа ў маім разуменьні выглядае рамантыкай сувязі зь мінулымі пакаленьнямі нашага народу. Мы павінны адчувацца абавязанымі перад імі, бо карыстаемся каштоўнасьцямі, якія яны стварылі: перш-наперш мовай, а таксама фальклёрнымі й мастацкімі багацьцямі (як цяпер вышыванкамі). У маім разуменьні асоба, каб быць поўнавартаснай, павінна быць цэласнай, павінна адчуваць глыбінную сувязь з продкамі (сямейнымі й нацыянальнымі). Шчасьлівы той, хто адчувае такую сувязь з Бацькаўшчынай, хто зьвязаны зь ёй ня толькі інтэлектам, але й інстынктам – як тыя скарынінскія птушкі, рыбы й пчолы, што ведаюць свае гнёзды, віры й вульлі. І бароняць іх.
Адчуваньне сувязі з Бацькаўшчынай, зь ейнай традыцыйнай культурай, незалежна ад таго, дзе жывеш – адно з найглыбейшых і найсаладзейшых пачуцьцяў. Пачуцьцё гэтае праз усё жыцьцё стабілізуе самаадчуваньне й уплывае на выдаткі часу, на прыярытэты ў тваіх дзеяньнях. А пад канец зямнога быту, калі асэнсоўваеш пражыты час, у цябе спакойна на душы, бо праз удзел у справах свайго народу чалавек становіцца неадлучнай частачкай ягонага адвечнага існаваньня.
Верасень 2016
Янка Запруднік