Супляменніца з Італіі Таццяна Пумпулева лічыць: найлепшы адпачынак бывае толькі ў родным краі. Але і тут яна не забывае пра справы: паспявае правесці яшчэ і важныя перамовы.
Таццяна Пумпулева паляцела ў Італію з падарункамі.
Не сакрэт: у кожнай з беларускіх суполак замежжа – свае арыенціры, сферы прыкладання сіл. Кіраўніца Асацыяцыі «Bellarus» у Неапалі Таццяна Пумпулева, ведаю, шмат увагі надае праектам, у якіх задзейнічаны і юныя беларусы. Пад час нашай сустрэчы з ёй у Мінску, у апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Таццяна казала: «Мая 12-гадовая дачка Іванна, якая нарадзілася ў Італіі, добра ведае рускую мову, разумее і беларускую. Яе можна пабачыць, як актыўную ўдзельніцу, на ўсіх імпрэзах, што ладзіць асацыяцыя: гэта святы, прысвечаныя класікам літаратуры, а таксама народныя святы, памятныя даты з нашай гісторыі... Нават пашпарт у яе беларускі!»
З сяброўкамі-беларускамі Таццяна часта наведвае неапальскія школы. Праводзяць пазакласныя ўрокі па беларускай культуры: «Апранаем свае нацыянальныя строі, расказваем школьнікам пра значэнні ўзораў вышыўкі, вучым завязваць вузялкі на паясах. Дарэчы, сярод тых вучняў ёсць як італьянцы, так і напалову рускія, украінцы, беларусы, палякі... Нядаўна праводзілі майстар-клас па пляценні Купальскіх вяночкаў. Напрыканцы заняткаў заўсёды паказваем фільмы пра Беларусь і дзелімся ўражаннямі ад паездак у родную краіну». Іванна ўжо ведае, пра што будзе расказваць на чарговым уроку: пра смачныя беларускія чарніцы і суніцы, як хадзіла басанож па рачным пясочку на беразе Сожа... Яе таксама ўразіла, што святлафоры ў Гомелі, Мінску працуюць вельмі зладжана, што аўтобусы і тралейбусы пры-язджаюць на прыпынкі дакладна па раскладзе, а не раз у гадзіну-дзве, як у Неапалі...
У Беларусі Таццяна з дачкою бывае штогод: звычайна летам, едуць на адпачынак. Наведваюць у Гомелі бабулю з дзядулем, гасцююць у сем’ях дзядзькоў (братоў Таццяны), абавязкова заязджаюць у вёску Журавічы – гэта Рагачоўскі раён Гомельшчыны. Там і нарадзілася Таццяна, вучылася ў пачатковых класах. Пасля і сама стала настаўніцай, вучыла гомельскіх хлопчыкаў і дзяўчынак пісаць і чытаць.
Пад час гутаркі з супляменніцай з Італіі Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка зацікавіўся досведам выкладання мовы беларускай – двухмоўным дзецям. Паабяцаў дапамагчы наладзіць сустрэчу ў Міністэрстве адукацыі ў верасні: Таццяна Пумпулева зноў прыедзе на Радзіму, каб паўдзельнічаць у другім пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.
Леанід Гуляка і госця з Неапаля абмяркоўвалі праект «Беларусь шматнацыянальная», які рэалізуе апарат Упаўнаважанага. Дамовіліся, што ўжо сёлета ў кастрычніку артысты розных нацыянальнасцяў, кіраўнікі этнасуполак нашай краіны паедуць у Неапаль. Таццяна адзначыла: прыняць дэлегацыю з Беларусі будзе для Асацыяцыі «Bellarus» вельмі пачэснаю справай. Паабяцала далучыць да агульнага праекта і актывістаў з розных этнасуполак Італіі. Дапамога беларускага пасольства ў Рыме і Ганаровага консула ў Неапалі таксама спатрэбіцца: каб знайсці найлепшыя пляцоўкі для выступленняў.
Кацярына Мядзведская, «Голас Радзімы»