Ўжо болей як пяць дзесяцігодзьдзяў беларусы Паўночнай Амерыкі ладзяць свае традыцыйныя сустрэчы што два гады. Сёлетні форум з 3-га па 5-га верасьня вітала сталіца Канады Атава.
Арганізатарамі Сустрэчаў ад пачатку іх правядзеньня ў 1957 годзе з'яўляюцца дзьве найбольш буйныя беларускія арганізацыі з абодвух краінаў – Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) і Згуртаваньне беларусаў Канады (ЗБК). Сустрэчы ладзяцца папераменна – у ЗША і Канадзе.
Багатая праграма Сустрэчы з тэмай «Дыяспара: нацыянальная сьвядомасьць і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці і культуры» прапанавала удзельнікам шэраг імпрэзаў, уключна з так званай «акадэміяй», паэтычнымі чытаньнямі, выставай карцін, мастацкіх вырабаў і сувеніраў, наведваньнем гістарычных месцаў, воднай прагулкай па рацэ Атаве. Форум прыцягнуў больш за сто ўдзельнікаў з розных куткоў паўночна-амерыканскага кантыненту. Сустрэчу віталі прысутныя прадстаўнікі атаўскай гарадзкой рады і шэрагу няўрадавых арганізацый і суполак з ЗША і Канады, зь якімі беларусы цесна супрацоўнічаюць. Вітаньні даслалі прэм’ер правінцыі Антарыё Катлін Уінн і міністр фэдэральнага кабінету Мелані Джолі. У сваім вітаньні сп. Джолі, у прыватнасьці, адзначыла, што «штодвухгадовыя сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі даюць магчымасьць сьвяткаваць асягненьні беларускай спадчыны, паказаць беларускую культуру і выявіць дасягненьні тых грамадзян нашых краінаў, што маюць беларускае паходжаньне».
З Беларусі на Сустрэчы прысутнічалі і бралі чынны ўдзел прадстаўнікі Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» – кіраўнікі арганізацыі Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская. А таксама вядомы бард Віктар Шалкевіч.
Цягам двух дзён ішоў абмен думкамі па шэрагу пытаньняў сёньняшняга стану і разьвіцьця асяродкаў беларусаў у ЗША і Канадзе. Дыскусіі закранулі і надзенныя клопаты арнанізацый, і шматлікія зьмены і тэндэнцыі разьвіцьця сёньняшняга сьвету, што маюць ўплыў на дзейнасьць беларускіх асяродкаў. Прынятая рэзалюцыя адзначыла незаменную ролю роднай мовы ў захаваньні і разьвіцьці нацыянальнай самасьвядомасьці і культуры нашых суродзічаў, што жывуць за мяжой. Рэзалюцыя прапанавала шэраг канкрэтных мераў для умацаваньня і разьвіцьця беларускіх асяродкаў, што дзеюць у Паўночнай Амерыцы.
Багатая культурная праграма прадставіла шмат мясцовых талентаў, а канцэрт беларускага барда Віктара Шалкевіч стаў несумненна падзеяй, што запомніцца удзельнікам сустрэчы ў Канадзе на доўгія гады.
Ганна Сурмач, старшыня БАЗА