Актывісты беларускай дыяспары з Іркуцка здзейснілі этнаграфічную экспедыцыю ў сібірскую глыбінку.
Вольга з Іванам і Святланай Велісевічамі
Сёлета напрыканцы ліпеня мы з Воляй Галанавай наведалі пасёлак гарадскога тыпу Куйтун, адзін з райцэнтраў Іркуцкай вобласці, ды вёску Ключы, заснаваную беларускімі перасяленцамі. Увогуле ў раёне лёгка сустрэць беларусаў, гэта нашчадкі перасяленцаў з Беларусі. Кіраўнік раёна Андрэй Іванавіч Палонін – беларус. Як мы даведаліся, ягоныя продкі перасяліліся ў Сібір з Віцебскай губерні: цяпер Бешанковіцкі раён. А яшчэ ж і кіраўніца самога пасёлка, Галіна Аляксандраўна Манух, у дзявоцтве мела яскравае прозвішча Сінкевіч – таксама нашчадак беларусаў-перасяленцаў. А побач з самім Куйтунам ёсць цэлае сузор’е вёсак, заснаваных беларусамі: Андрушына, Ключы, Сулкет, Алкін, Каразей, Качарма, Бурук, Барлук, пасёлак Лермантаўскі ды іншыя.
Што ж, для беларускіх этнаэкспедыцый тут – вялікае поле дзейнасці, можна знайсці шмат чаго цікавага. Дарэчы, ў многіх з пералічаных вёсак мы ўжо й былі раней. Нават пакінулі свае «сляды»: у некаторых паселішчах ужо створаны беларускія суполкі, а таксама беларускія творчыя гурты. Бо свае ж людзі: родныя беларусы там жывуць! У Андрушына, скажам, ёсць фальклорны гурт «Сунічкі», а таксама дзіцячы танцавальны гурт «Чабарок». А ў вёсках Сулкет і Алкін дзейнічае ансамбль «Ручнічкі». З гэтымі вёскамі ў нас ёсць шматгадовае сяброўства ды ўзаемадзеянне.
А вёску Ключы мы наведалі ўпершыню. Там пачулі, што вёска мае тры «раёны»: Баравуха, Краіна, Забока. Усе, як бачым, з беларускім каларытам. Пра экспедыцыю рыхтуем грунтоўны тэкст.
Дзякуем за дапамогу, аповеды тым, з кім сустракаліся. Гэта Манух (Сінкевіч) Галіна Аляксандраўна, Анціпіна (Сапега) Ганна Валер’еўна, Велісевіч Іван Аляксеевіч, Сідорына Людміла Валер’еўна, Цітова (Кавецкая) Галіна Васільеўна, Краўчанка Святлана Мікалаеўна ды іншыя, хто нам надаў хоць нейкую ўвагу. А выснова пасля экспедыцыі ў нас такая: у Куйтунскім раёне, як і ў Беларусі, жыве шмат спагадных і добрых людзей. Я ж сам, сустрэўшыся з імі, быццам на Радзіме пабываў.
Алег Рудакоў