Чарговы Беларускі Трыялог завяршыў сваю працу ў Крынках на Падляшшы.
Удзельнікі – а гэта літаратары, тэолагі, святары ды іншыя зацікаўленыя асобы – дыскутавалі на тэму «Ці Бог не разумее па-беларуску».
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч даў свой адказ на гэтае пытанне:
– На гэтае пытанне «ці разумее Бог па-беларуску» адназначна адказаў сам Скарына, калі пераклаў на беларускую мову Біблію. Значыць была патрэба ў гэтым, значыць Бог захацеў, каб беларусы, якія жывуць на Беларусі, разумелі яго менавіта па-беларуску. Не праз лацінскую мову, не праз польскую ці стараславянскую, а менавіта праз беларускую. Таму Саюз беларускіх пісьменнікаў і кампанія «Будзьма беларусамі», «Згуртаванне беларусаў свету Бацькаўшчына» пачалі кампанію «500-годнасць», каб пра гэтую найзначнейшую падзею ў гісторыі Беларусі ведалі ва ўсёй Беларусі, каб ганарыліся ёй у кожнай сям’і.
Трыялог у Крынках прайшоў у 17-ты раз. Гэтае мерапрыемства ў свой час запачаткаваў выбітны беларускі і польскі пісьменнік і публіцыст Сакрат Яновіч, а цяпер справу працягвае Фонд Villa Sokrates.
Сёлетнія сустрэчы завершыліся музычнымі выступамі. Гурт Re1ikt і Сяргей Доўгушаў, між іншым, прэзентавалі некалькі песень, сабраных у Брагінскім раёне Беларусі, а гурт Port Mone выступіў супольна з падляшскім творцам і музыкам Юркам Асеннікам.
***
Беларусы да гэтага часу не маюць паўнавартаснага перакладу Бібліі на беларускую мову. Хоць нашая нацыя пачала гэта працэс адной з першых у гісторыі, але так яго і не завершыла. Пра гэта ў часе «Беларускага Трыялогу» ў Крынках гаварыла бібліст і філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіюма Ірына Дубянецкая:
– Пакуль што мы не маем, праца ідзе, але гэта праца складаная, марудная, спецыялістаў мала, каб сапраўды раскідаць на вялікую колькасць людзей, то можна было б хутка зрабіць. Калі гэта 4-5 чалавек, то 4-5 чалавек будуць перакладаць гэта 20-ць гадоў, каб гэта сапраўды зрабіць якасна. Бо гэтыя 4-5 чалавек, у адрозненні ад іншых моваў народаў, сутыкаюцца з сітуацыяй адсутнасці ўсталяванай тэрміналогіі.
Ірына Дубянецкая адзначыла, што ранейшыя пераклады Бібліі – Станкевіча, Сёмухі, Чарняўскага – кожны па-асобку не выконвае ўсіх патрабаванняў, у тым ліку патрабаванняў часу. У той жа час яна расказала, што гатовыя пераклады асобных кніг, у тым ліку нядаўна пабачыў свет пераклад на беларускую мову «Псалтыра» аўтарства Аляксандра Надсана. Беларуская праваслаўная царква таксама завяршае свой пераклад Новага Запавету.
***
Беларуская мова загучыць у гарадзенскім Свята-Пакроўскім кафедральным саборы 4-га верасня. Такім чынам тут плануюць адзначыць Дзень беларускага пісьменства. Пра гэта ў час Трыялогу, які праходзіць у Крынках на Падляшшы, расказаў настаяцель сабора айцец Георгій Рой. На думку святара, мова вельмі важная ў рэлігійным жыцці чалавека. Сёлетні «Трыялог» праходзіць на тэму «Ці Бог не разумее па-беларуску»:
– Бог не толькі разумее кожную мову, але і патрабуе ад нас звяртацца да яго на тых мовах, якія ён даў кожнаму народу. І таму мы, хрысціяне, нягледзячы на тое, да якой канфесіі належым, павінны ў нашай хрысціянскай традыцыі захоўваць мову нашага народа. І калі мы гэтага не робім, то, я лічу, гэта наш грэх перад Айцом сусветаў.
Айцец Георгій Рой таксама закрануў тэму перакладаў рэлігійных тэкстаў, у тым ліку Бібліі. На яго думку, варта, каб быў адзіны калектыў аўтараў-перакладчыкаў, што дазволіць пазбегнуць рознагалоссяў. Самі ж вернікі да беларускай мовы ў набажэнствах ставяцца «спакойна і з разуменнем» – адзначыў святар.
***
«Беларуская нацыянальная ідэя – гэта Хрыстос, які гаворыць па-беларуску». У гэтым упэўнены сустаршыня стваранай партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Павел Севярынец.
Ён бярэ ўдзел у Трыялогу ў Мясцовасці Крынкі на Падляшшы, дзе дыскутуюць на тэму «Ці Бог не разумее па-беларуску»:
– Гэта закладзена ў самой сутнасці беларускай нацыянальнай ідэі. За 1000 гадоў мы скрышталізаваліся як хрысціянская нацыя. І нацыянальная ідэя ў адным сказе гэта – Ісус Хрыстос, які гаворыць па-беларуску. Мы імкнемся да Хрыста, імкнемся быць падобнымі да яго, імкнемся рабіць ягоныя справы і робім гэта па-беларуску. Усё гэта простая формула для кожнага беларуса. У цэрквах, асабліва ў касцёле, напрыклад, у грэка-католікоў, гэта выдатна разумеюць. І гэта робіць новага чалавека, новага беларуса, які маральна угрунтаваны, адказны і свядомы.
Павел Севярынец таксама прывёў лічбы, што на сёння ў Беларусі існуе 450 каталіцкіх парафій, з якіх каля 300 выкарыстоўваюць беларускую мову. У той жа час у праваслаўнай царкве мова тытульнай нацыі пакуль сустракаецца адзінкава. Севярынец упэўнены, што змяніць сітуацыю можа найперш ідэйны рух самых вернікаў, а таксама лічыць, што аўтакефалія Беларускай праваслаўнай царквы значна паскорыла б працэс беларусізацыі.
***
Выставай «Паганства» беларускага фатографа Андрэя Лянкевіча распачаўся сёлетні Беларускі Трыялог у мясцовасці Крынкі на Падляшшы. Традыцыйнае мерапрыемства, якое ўпершыню правёў каля двух дзясяткаў гадоў таму выбітны пісьменнік і публіцыст Сакрат Яновіч, сёлета прысвечана пытанню «Ці Бог не разумее па-беларуску».
Андрэй Лянкевіч прызнае, што ўжо поўнасцю завяршыў свой праект, прысвечаны паганству:
– Тэлефанавалі людзі і прапаноўвалі здымаць чорных магаў і так далей. І я зразумеў, што выходжу на тэрыторыю, якой не хачу, я не абаронены і не падрыхтаваны. І гэта для мяне ўжо задалёка ў тэме паганства. Здаецца толькі апошнія дзве выставы адкрываюцца такім добрым надвор’ем. Таму што ўсе папярэднія выставы былі з навальніцамі, маланкамі і громамі. Гэтыя вышэйшыя сілы ёсць. Размова толькі пра адчуванні, і пра тое, як мы ставімся да свету.
Выстава Андрэя Лянкевіча «Паганства» працуе ў галерэі «Крынкі» да 23-га верасня.