«Браслаўскі кірмаш» збірае сяброў

У рамках супрацоўніцтва з Браслаўскім музейным аб’яднаннем беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Уздым» прыняла ўдзел у «Браслаўскім кірмашы» 7 жніўня 2016 года.

Традыцыйна гэта свята адбылося ў Доме раместваў на берагу возера Дрывяты. Пагода не спрыяла святкаваць ў гэты дзень на вольным паветры, таму канцэрт і майстар-класы прайшлі ў музейным памяшканні.

Жнівень гэта час сустрэчы сяброў і “Браслаўскі кірмаш” сабраў надзіва шмат удзельнікаў і гледачоў. Тут сустрэліся беларусы з Латвіі, госці з Расіі і нават з Амерыкі.

Таварыства «Уздым» годна прадстаўлялі: старшыня таварыства Людміла Сінякова, член Праўлення Жана Беляўская, гісторык-краязнавец Мікола Паўловіч і ўдзельніцы гурта народнай песні «Купалінка» – Тэрэса Паўлава, Валянціна Ліпінская, Іна Валюшка.

Наша дэлегацыя была гасцінна прынята Надзеяй Дударонак (дырэктар музейнага аб’яднання), Элеанорай Зінкевіч (кіраўніца Дома рамёстваў), Ларысай Дарафейчык (галоўная гаспадыня і вядучая мерапрыемства).

Нам даручылі адкрыць свята. «Купалінка» спявала народныя беларускія і латышскія песні. В.Ліпінская і Л.Сінякова паказалі іпрэзу «Прыгоды суседак на кірмашы». У рамках выступа з гумарам ад беларускага таварыства «Уздым» Браслаўскаму аб’яднанню музеяў былі падараваны латышскія прысмакі і гістарычныя артыфакты з новых знаходак М.Паўловіча. А мы атрымалі ў падарунак выяву герба Браслава і паштоўкі з відамі Браслаўшчыны.

Гледачам спадабалася цудоўнае выступленне калектыва з Ахрэмаўцаў «Сябрына» і песні пад гармонік маладой галасістай спявачкі з Кубані. Прысутныя не ўтрымаліся і пачалі танчыць пад спевы артыстаў.

Удзельнікі свята мелі магчымасць удзельнічаць у майстар-класах: пляценне з саломкі і паперы, выраб ляляк-аберэгаў, ткацтва, вязанне. На кірмашы можна было набыць вырабы народных майстроў Браслаўшчыны.

На свяце прысутнічаў пасол ЗША ў Рэспублікі Беларусь. Ён з непасрэднай цікавасцью пазнаёміўся з «Браслаўскім кірмашом» і музейным аб’яднаннем. У сваім выступленні на свяце нечакана на добрай беларускай мове ён падкрэсліў значнасць і неабходнасць захавання мясцовых культуры і традыцый. Паслу падаравалі вырабы мясцовых майстроў, тканы герб Браслава, а сябры таварыства «Уздым» – некалькі нумароў газеты «Уздым».

А потым за кубкам кавы ў гатэлі музея дзяліліся уражаннямі і абмяркоўвалі новыя планы.

Мікола Паўловіч сябра таварыства «Уздым», фота Жаны Беляўскай