Як наш зямляк Зыгмунд Мінейка стаў нацыянальным героем Грэцыі

Імя Зыгмунта Мінейкі сёння вядомае не толькі беларусам, але і ўсяму свету. Гэты таленавіты чалавек нарадзіўся ў 1840 годзе ў невялікім мястэчку Балвашнікі, што на Ашмяншчыне (цяпер вёска называецца Зялёны Бор). Яго жыццё пачалося ў шляхецкай сям'і, а вучыўся Зыгмунт у найлепшых навучальных установах таго часу. Спачатку Мінейка быў навучэнцам Віленскай гімназіі (дарэчы, разам з яшчэ адным не менш вядомым чалавекам – Францішкам Багушэвічам), потым – Інжынернага вучылішча ў Санкт-Пецярбургу, а затым – ваеннай школы ў Генуі, заснаванай знакамітым Гарыбальдзі.

Ваенная сцежка

У часы паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага Зыгмунт Мінейка быў камандзірам атрада паўстанцаў Ашмянскага павета. А пасля паражэння яго асудзілі да пакарання смерцю. Праўда, удалося падкупіць аднаго чыноўніка, і павешанне замянілі катаргай. Але ў жыцці Зыгмунта Мінейкі было столькі невыпадковых выпадковасцяў, што нават стамляешся здзіўляцца. Па дарозе ў Сібір памірае яго таварыш, і з чужымі дакументамі Мінейка ўладкоўваецца ў Томску, адкуль пазней неўзабаве збягае. У выніку беларус апынаецца ў Францыі, дзе заканчвае Акадэмію генеральнага штаба французскай арміі.

Таленавіты ва ўсім

У сярэдзіне 70-х гадоў XІX стагоддзя Мінейка перабіраецца ў Грэцыю і пачынае новы вектар сваёй дзейнасці. Дакладней – прыступае да раскопак легендарнага храма Зеўса ў Дадоне. Спробы знайсці гэты каштоўны гістарычны аб'ект археолагі рабілі на працягу двухсот гадоў, але ўсё было безвыніковым. Інжынерныя веды дазволілі Зыгмунту Мінейку вызначыць месца, дзе трэба шукаць храм, і ў выніку ён зрабіў сенсацыйнае археалагічнае адкрыццё – тут да беларуса і прыйшла сусветная слава.

У Грэцыі наш суайчыннік працаваў галоўным інжынерам правінцый Эпір і Фесалія, будаваў жалезныя дарогі і масты, узначальваў Дэпартамент грамадскіх работ у Афінах. А калі краіна рыхтавалася прымаць першыя адроджаныя Алімпійскія гульні ў 1896 годзе, Мінейка ўзначаліў рэстаўрацыю алімпійскага Панацінаікоса – старажытнагрэчаскага Мармуровага стадыёна. Беларус працаваў і над узвядзеннем іншых спартыўных аб'ектаў да Гульняў. Але гэтым яго ўдзел у першай Алімпіядзе не абмежаваўся. На Гульнях Мінейка адкрыў яшчэ адну грань свайго таленту – публіцыстычную.

Мар­му­ро­вы ста­ды­ё­н.

Першы спартыўны журналіст?

Па некаторых звестках, Зыгмунт Мінейка з Афінаў пісаў маляўнічыя, захапляльныя рэпартажы адразу ў некалькі газет: кракаўскі «Час», «Дзённік польскі», «Львоўскую газету». Калі гэтая інфармацыя сапраўдная, то, па сутнасці, менавіта беларус стаў родапачынальнікам спартыўнай журналістыкі і першым беларускім рэпарцёрам, які працаваў на Алімпійскіх гульнях. Крыніцы, у якіх Мінейка называецца першым спартыўным публіцыстам, кажуць, што Алімпіяду ў сваіх артыкулах ён называў «цудам у Афінах». Адзін з герояў публікацый Мінейкі – індыйскі спартсмен Бхандзі Лакшмі, які выступаў за брытанскую Індыю (дарэчы, атлет памёр толькі ў 2000-м, у 124 гады).

Дзеці і ўнукі як працяг генія

У 1910 годзе пытанне пра ўнёсак Зыгмунта Мінейкі ў развіццё эканомікі, культуры, стварэння ўзброеных сіл было вынесена на абмеркаванне грэчаскага парламента. Унікальны выпадак – у знак прызнання выбітных заслуг перад краінай парламент прысвоіў іншаземцу званне ганаровага грамадзяніна Грэцыі.

Зыгмунт дачакаўся з'яўлення на свет у 1919 годзе ўнука Андрэаса (ад шлюбу яго дачкі Сафіі з Георгіясам Папандрэу). Гэтаму хлопчыку таксама была наканавана вялікая будучыня. Андрэас Папандрэу быў прэм'ер-міністрам Грэцыі ў 1981–1989 і 1993–1996 гадах.

На схіле жыцця Мінейка двойчы бываў у родных мясцінах. У 1911-м ён наведаў Балванішкі, Ашмяны, Гальшаны, Вільню. Праз 10 гадоў прыехаў у Ашмяны, каб развітацца з роднай зямлёй, калі яму ўжо было за 80. Кажуць, што перш за ўсё, калі ён прыехаў у Ашмяны, Зыгмунт стаў на калені і пацалаваў родную зямлю.

У 1925 годзе Зыгмунт Мінейка памёр у Афінах, праводзіць яго ў апошні шлях прыехалі тысячы людзей з многіх краін.

Пра Зыгмунта Мінейку нам расказаў гісторык, публіцыст, вядомы беларускі даследчык прафесар Адам Мальдзіс:

– У сваіх успамінах, якія называюцца «Ад тайгі да Акропаля» Мінейка піша пра час ад 1848-га па 1866 год. Гэты том быў напісаны ў апошнія гады яго жыцця. Зыгмунт Мінейка – асоба ўнікальная, выключная, адзін з нашых выдатных суайчыннікаў, якім мы абавязаны ганарыцца. Ён сапраўды працаваў у Міністэрстве грамадскіх работ, кіраваў дэпартаментам, які адказваў за аднаўленне стадыёна, дзе прайшлі Алімпійскія гульні 1896 года. Ці пісаў сам ён пра гэта – такіх звестак ва ўспамінах няма. Магчыма, Зыгмунт даваў некаторыя каментарыі, інтэрв'ю наконт будаўніцтва спартыўных арэн. У першую чаргу ён быў будаўніком, інжынерам. Такім чынам, вядома, беларус быў вельмі блізкі да такой падзеі, як пачатак алімпійскага руху, які сёння працягваецца ў Рыа-дэ-Жанэйра. Цудоўна, што мы, беларусы, у час Алімпіяды ўспамінаем пра нашага суайчынніка. Лічу, што і ў Бразіліі таксама мусяць успомніць Мінейку ў пачатковым ці заключным слове.

Дар’я Лабажэвіч, «Звязда»