У Кішынёве – пра Бацькаўшчыну

Пра тое, што Ганна – фотамайстар, чытачы «Голасу Радзімы» ведаюць. Некаторыя працы яе дэманстраваліся ў Гістарычным музеі Беларусі, друкаваліся на старонках газеты. І вось у Кішынёве, у Бюро міжэтнічных адносін Малдовы – яе персанальная выстава мастацкай фатаграфіі «Родныя сялібы». Вернісаж прайшоў на пачатку чэрвеня, быў прымеркавана да 35-х угодкаў Ганны Мазур, а таксама 10-годдзя яе актыўнай грамадскай дзейнасці.

Ганна Мазур з сынамі і Вячаславам Ігнаценкам

На пейзажах фотамастачка прадставіла родныя мясціны, дзе прайшлі яе дзяцінства і юнацтва: родны Мінск, а таксама вёскі Беразоўка і Варона (Астравецкі раён Гродзеншчыны), адкуль родам яе бацькі. У вернісажы паўдзельнічалі прадстаўнікі дыпмісій, акрэдытаваных у Кішынёве, мастакі, фатографы, старшыні беларускіх суполак Малдовы, прадстаўнікі бізнесу, а таксама шматлікія сябры і калегі з украінскiх, рускiх, польскiх ды іншых этнасуполак. У вітальным слове Аляксандр Істомін, Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова, адзначыў: грамадская дзейнасць Ганны Мазур, яе мастацкія працы спрыяюць развіццю міжкультурнага дыялогу, які аб’ядноўвае як этнічных беларусаў, так і прадстаўнікоў іншых нацменшасцяў, што жывуць у Малдове. Ад імя беларускай Амбасады ён пажадаў юбілярцы творчых поспехаў, моцнага здароўя і дабрабыту ў сям’і.

Касцёл у вёсцы Варона

Мастак Вячаслаў Ігнаценка падкрэсліў: фотавыстава сярод іншых вылучаецца сваёй падачай, тэмай, у творах ёсць цеплыня і настрой, якія кранаюць гледача. Калега па грамадскай працы парадаваўся, што ў беларускай дыяспары з’явіўся творца, які здольны годна падтрымліваць традыцыю беларускіх мастацкіх выстаў на малдаўскай зямлі. Ганна Мазур атрымала Падзячнае пісьмо ад Генеральнага дырэктара Бюро міжэтнічных адносін Алега Бабенкі – як знак удзячнасці за плённую працу, знак высокай павагі. Было перададзена ёй і віншаванне ў сувязі з днём нараджэння з пажаданнямі поспехаў, дасягненняў у грамадскай працы i ў галіне мастацкай фатаграфіі.

Ганна Мазур (у дзявоцтве Вайняровіч) нарадзілася 7 чэрвеня 1981 года ў Мінску, а ў 2005-м закончыла Беларускі дзяржуніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці культуралогія. Ужо 10 гадоў займаецца яна грамадскай дзейнасцю па захаванні, вывучэнні, папулярызацыі ды развіцці беларускай культуры на малдаўскай зямлі. Яе праца адзначалася Міністэрствам культуры Беларусі, Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур (Беларусь) і Бюро міжэтнічных адносін Малдовы. У розных рэспубліканскіх, міжнародных фотавыставах Ганна ўдзельнічае з 2009 года. Захапляецца мастацкай фатаграфіяй са школы. У 2010 годзе яна прынята на ўлік у Саюз мастакоў Малдовы, у секцыю графікі і фатаграфіі. Працы фотамастачкі неаднаразова дэманстраваліся ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, у Бюро міжэтнічных адносін Малдовы, у міжнародным выставачным цэнтры «Moldexpo», на іншых культурных пляцоўках.

Бацькаўшчына. Беразоўская вясёлка

У сваёй прамове на вернісажы Ганна Мазур адзначыла, што фотавыстава «Родныя сялібы» – гэта знак яе велізарнай любові і даніна павагі да беларускіх родных каранёў, да яе дзядоў і прадзедаў, што пайшлі ў свет іншы, да ўсяго таго, што ўзгадавала, дало разумную душу і сілы, дапамагае дыхаць, марыць і тварыць.

Людміла Гросу, намесніца старшыні праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы