Мастацтва, як вядома, вельмі добры дыпламат. «2016-ы — Год культуры ў Беларусі, калі значная ўвага надаецца мерапрыемствам у сферы мастацкай культуры, захавання гістарычна-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, падтрымкі творчых ініцыятыў», — такімі словамі адкрываў выставу «Ментальны сусвет. Прысвячэнне Шагалу» Пасол Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцёпусь.
Вернісаж быў 3 чэрвеня ў замку Schloss Fall у Кейла-Йоа, выстава зладжана з нагоды 20-годдзя SED ARTE Gallery пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Эстоніі. У галерэі прадстаўлены работы членаў Саюза мастакоў Беларусі Аляксандра Грышкевіча (пейзажы), Ілоны Касабука (яна і член міжнароднага аб’яднання мастакоў у Парыжы) і Уладзіміра Канцадайлава (станковы жывапіс, графіка).
Ніна Пээрна (злева) і яе выхаванкі сустракаюць гасцей
У Эстоніі працы аўтараў выстаўлены ўпершыню. Аляксандр, казаў, першы раз у краіне, яму тут усё вельмі спадабалася: «Тутэйшыя краявіды вельмі падобныя да беларускіх. Вось толькі мора ў Беларусі няма...». Ілона з Уладзімірам былі ў Таліне ў 1986 годзе: на практыцы пасля першага курса інстытута. Мастачка заўважыла: «Пасля таго, на жаль, больш не прыязджала. І гэта вельмі добрыя пачуцці, калі зноў наведваеш тыя месцы, дзе калісьці быў шчаслівы». Пра сябе Уладзімір распавёў, што яму цікава працаваць у розных жанрах, ён піша розныя карціны: пейзажы, абстракцыі. Робіць калажы.
На адкрыццё выставы ў замак Бенкендорфа-Валконскіх прыйшло шмат гасцей, сярод іх Пасол Беларусі ў Эстоніі Анатоль Сцёпусь і дарадца беларускай амбасады Святлана Карпушына, Пасол Грузіі ў Эстоніі Тэа Ахвледзіяні, дырэктар Цэнтра рускай культуры Юрый Палякоў, прадстаўнікі Міністэрства культуры Эстоніі, эстонскага фонду інтэграцыі ды міграцыі «Нашы людзі», творчай інтэлігенцыі, мясцовых СМІ, дзеячы культуры Эстоніі. А вось да сустрэчы гасцей спрычыніліся і беларусы Эстоніі. Дакладней, сустракалі іх гаспадыня галерэі SED ARTE Вольга Любаскіна і спявачкі з ансамбля «Дзяўчаты» Беларускага цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum — у прыгожых беларускіх нацыянальных касцюмах. Так што адмысловая беларуская атмасфера панавала ў замку ад пачатку імпрэзы. На адкрыцці вернісажу гучала песня «Купалінка»: ёй «Дзяўчаты» віталі гасцей. А другую заспявалі па-эстонску.
Нам было вельмі прыемна ўсведамляць, што і спеўнае мастацтва прыйшлося да месца, калі адкрывалася цудоўная выстава беларускіх мастакоў у Эстоніі. Радуемся, што культурныя сувязі паміж краінамі, народамі развіваюцца. Увогуле варта сказаць: эстонцы з цікавасцю наведваюць выставы, знаёмяцца з творчасцю таленавітых беларусаў. Маюць інтарэс і да таго, што робяць тэатры, як развіваецца народная творчасць, кінематограф, літаратура ў розных краінах. Так што, спадзяемся, будуць і новыя беларуска-эстонскія культурныя праекты. І мы да іх гатовы далучацца.
Ніна Пээрна, старшыня Беларускага цэнтра вучобы і развіцця EVA-Studiorum, Эстонія