9 ліпеня 2016 года ў аблюбаваным месцы адпачынку гараджан, у парку Дубровіна, прайшла яркая, маляўнічаа, тэатралізаваная дзея пад назвай «Беларускае Купалле», арганізаванае даўгаўпілскім Цэнтрам беларускай культуры (ЦБК) пры падтрымцы Упраўлення культуры і Цэнтра латышскай культуры.
Купалле (аналагічна латышскаму Ліга) – з даўніх часоў і дасёння адно з самых паважаных святаў у беларусаў. Яно з’яўляецца кульмінацыяй гадавога цыклу, часам найвышэйшага росквіту прыродных сіл і святкуецца ў гонар летняга сонцастаяння. Купальская ноч – самая кароткая ў годзе – напоўненая магічнымі рытуаламі з традыцыйным пляценнем вянкоў, скокамі праз вогнішча, карагодамі, пошукамі папараць-кветкі, варажбой і прызнаннямі ў каханні. У гэтым свяце цесна пераплецены як хрысціянскія, так і паганскія матывы. Галоўны сэнс купальскага свята – ачышчэнне душы і цела ад усяго негатыўнага, нячыстага і благога, ад непрыемнасцяў і няшчасцяў.
Кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская: «Свята Купалля ў Даўгаўпілсе праводзілася штогод, было камерным і арыентаваным на беларускую дыяспару, паколькі менавіта ў гэты дзень адзначае свой дзень нараджэння беларускае таварыства «Уздым». Але два гады таму мы правялі купальскі канцэрт у Літве, у мінулым годзе – у даугаўпілскім Палацы культуры, а гэтым разам пайшлі яшчэ далей – зрабілі вялікае прыгожае свята «Беларускае Купалле» у парку Дубровіна для даўгаўпілчан і гасцей горада. Вулічныя вечаровыя канцэрты ў выходны дзень – навіна гэтага летняга сезону ў Даўгаўпілсе, якая абяцае стаць добрай традыцыяй, цікавай для даўгаўпілчан і турыстаў».
Святкаваць Купалле для беларусаў Даўгаўпілса стала традыцыяй, але ўпершыню з такім размахам яно прайшло ў адным з самых прыгожых месцаў цэнтра горада – у парку Дубровіна. Выходны дзень і выдатнае надвор'е спрыялі таму, што ў парку каля імправізаванай сцэны сабралася шмат добразычлівых і актыўных гледачоў, якія не проста сядзелі і слухалі, але з вялікім задавальненнем плялі вянкі, пісалі запіскі і пакідалі іх на «дрэве жаданняў», пілі духмяны чай з мёдам, завараны на купальскіх травах, падпявалі і танцавалі.
Пляцоўка для выступу была маляўніча і стылёва аформлена з захаваннем народных купальскіх традыцый. Тут было імправізаванае вогнішча, кола на слупе, упрыгожанае вянкамі і стужкамі, тын, драўляныя сталы і лаўкі, старадаўнія побытавыя прылады і, вядома, шмат палявых кветак, траў і калосся. А сцэнар свята, складзены кіраўніцай тэатральнай студыі «Паўлінка» Інэсай Казлоўскай, быў настолькі прадуманы, што двухгадзінны канцэрт прайшоў на адным дыханні, а гледачам заставалася толькі ўздыхаць са шкадаваннем, што час так хутка праляцеў.
Пранікнуцца сапраўдным духам купальскага свята гледачам дапамаглі творчыя калектывы ЦБК: ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка» (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) не толькі выконваў купальскія песні, але і тэатральна абыграў знакамітую беларускую песню «Касіў Ясь канюшыну»; танцавальны ансамбль «Лянок» (кіраўніца Вера Сухарэва) у маляўнічых касцюмах і вяночках выканаў некалькі прыгожых народных танцаў, зазываючы гледачоў у карагоды; вакальна-інструментальны ансамбль «Пралескі» (кіраўніца Настасся Малышава), салісты Аляксандр Лапа і Павел Прозар зачаравалі ўсіх сваімі лірычнымі песнямі. Натхнёна і душэўна верш «Купалле» прачытала актывістка Тэрэса Паўлава. Ну і, вядома ж, нікога не пакінулі абыякавымі госці з Беларусі. У стылі этна прагучалі некалькі песень у выкананні трыа з г. Міёры. У стылёвых этнічных касцюмах, басанож, тры дзяўчыны-прыгажуні пакарылі гледачоў прафесійнасцю спеваў і прыгажосцю танцаў. Яны не ўпершыню выступаюць у Даўгаўпілсе, знаёмыя многім гледачам і ўжо маюць тут сваіх прыхільнікаў.
А калі на сцэне зайгралі і заспявалі «Траецкія музыкі», якія ўпершыню прыехалі да нас з г. Барысаў Мінскай вобласці, тут ужо ніхто не змог уседзець. Ансамбль народнай песні, нягледзячы на тое, што з’яўляецца аматарскім калектывам, уразіў усіх найвышэйшым узроўнем выканання, яскравасцю, задорам, жартамі-прымаўкамі кіраўніцы ансамбля Святланы Вашкевіч. А віртуозная ігра музыканта Сяргея на старадаўніх беларускіх інструментах – дудзе, жалейцы, свістульцы і нават на старажытнай акарыне – у спалучэнні з дасціпнымі тлумачэннямі цалкам захапіла ўсіх прысутных. Выдатнае запальнае выкананне песен пад жывую музыку ў віртуозным выкананні таленавітых беларускіх музыкантаў, захапіла, закружыла, заваражыла.
Мерапрыемства асвятлялі як мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, так і Беларускае телебачанне ОНТ з Мінску.
Цэнтр беларускай культуры выказвае шчырую падзяку і ўдзячнасць за дапамогу ў арганізацыі і правядзенні свята Упраўленню культуры, Цэнтру латышскай культуры, муніцыпальнаму прадпрыемству “Labiekārtošana-D», Паліцыі самакіравання, прэс-службе Даўгаўпілскай гарадской думы, Упраўленню камунальнай гаспадаркі, а таксама Дэпартаменту спорту і моладзі за валанцёраў, якія шмат дапамагалі ў правядзенні майстар-класу па пляценні вянкоў; сродкам масавай інфармацыі: TV Dautkom, радыё «Alise plus», SWH+, газетам «Миллион», «Латгалес лайкс», «Сейчас», «Наш город»; парталам: grani.lv, gorod.lv, d-fakti.lv, nasha.lv; беларускаму культурна-асветніцкаму таварыству «Уздым». Самыя сардэчныя словы падзякі – усім нашым самадзейным артыстам і іх адданым і ўдзячным гледачам.