Другі міжнародны фестываль беларускай песні і танцаў у Дагдзе

9 ліпеня 2016 г. у Дагдзе з поспехам прайшоў другі фестываль беларускай песні і танца, арганізаваны мясцовым беларускім таварыствам «Вербіца» пры падтрымцы Дагдскай краёвай думы.

Фестываль пачаўся каля будынку гарадской мэрыі. Потым па ўжо існуючай традыцыі дзеянне перамясцілася да сацыяльнага цэнтру «Dagda». У святочным шэсці ўдзельнікі ў маляўнічых нацыянальных касцюмах прайшлі па горадзе на эстраду, дзе адбыўся гала-канцэрт.

Жыхары горада эмацыйна віталі шэсце артыстаў.

У фестывалі прымалі ўдзел беларускія ансамблі Латвіі, Літвы, Беларусі і Польшчы: «Аколіца» (Дагда, кіраўнік Тамара Старавойтава), «Надзея» (Рыга, кіраўнік Людміла Серада), «Злата» (Елгава, кіраўнік Зэнта Траццяк), «Спадчына» (Даўгаўпілс, кіраўнік Яніна Юзэфовіч), «Сузор’е» (Вісагінас, кіраўнік Ірына Урбановічэне), «Субацея» (Наваполацк, кіраўнік Кацярына Фёдарава), «Нараўчане» (Нараўка, Польшча, кіраўнік Пётр Скепка), салісты Зоя Садоўнікава, Людміла Сінкевіч, Зінаіда Сіліня. Яны выконвалі беларускія народныя і аўтарскія песні, у тым ліку на музыку кампазітараў Станіслава Клімава, Альберта Белуся, Мікалая Яцкава і на вершы Станіслава Валодзькі – «Мірта», «Ой, ды ўтрэскаўся!», «Калыханка для сына» і «Rūžeņa» ў перакладзе на беларускую мову. Таксама выступалі мясцовыя вакальныя і танцавальныя калектывы «Akmiņeica» (кіраўнік Вольга Бабовіч), «Olūteņi» (кіраўнік Інта Валюма), «Dagda» (кіраўнік Рыта Вайшля), «Balzāms dvēselei» (кіраўнік Айна Скорамка). Калектывы-ўдзельнікі фестывалю з натхненнем выконвалі песні на беларускай, польскай, латышскай і латгальскай мовах.

Артыстаў і гледачоў віталі консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Дзмітрый Канстанцінаў, кіраўнік аддзела адукацыі і культуры Дагдскай краёвай думы Марыя Міцкевіч, дэпутат Сейма Латвіі, старшыня беларускага таварыства «Злата» Зэнта Траццяк, старшыня беларускага таварыства «Вербіца» і арганізатар фестываля Таццяна Гагалінская, член Кансультацыйнага камітэта прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый Латвіі, старшыня беларускага таварыства «Прамень» у Рызе Алена Лазарава і намеснік старшыні беларускага таварыства «Уздым» г. Даўгаўпілс Вольга Паўлавіч.

Надвор’е і гледачы спрыялі поспеху фестывалю.

У заканчэнні канцэрта С. Валодзька, выказаўшы словы ўдзячнасці арганізатарам свята, прачытаў два свае вершы – «Латгаліі» і «Эх, сена духмянае!».

Фота: Мікола Паўловіч сябры таварыства «Уздым»