У Краязнаўчым музеі імя акадэміка Ахвледыяні ў грузінскім горадзе Цхалтуба адкрылася выстава «Грузія – дружная з сонцам краіна», прысвечаная грузінскаму перыяду творчасці Янкі Купалы.
Як удакладніў старшы навуковы супрацоўнік музейнай установы Тэймураз Бумбэішвілі, экспазыцыя паказвае Купалу не толькі ўплывовай фігурай грамадскага жыцця 1920-40-х гадоў, але і «народным дыпламатам», які наладжваў кантакты паміж дзеячамі культуры Беларусі ды Грузіі. Прыемная атмасфера спрыяла таму, што менавіта там Купала напісаў вельмі цёплыя паэтычныя радкі. Яны выйшлі з-пад яго пяра ў 1930-я: «Было люба мне ў Цхалтуба,/ У жыватворнай цёплай цхалі,/ Было люба, як галубіў/ Цябе ў думках, Генацвале». (Янка Купала. «Генацвале». 1938).
Мінчане прывезлі ў Грузію Купалаўскую выставу
«Горад Цхалтуба пакінуў значны след у жыцці і творчасці Песняра, – чытаем у артыкуле пра адкрыццё выставы на сайце Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. – Сюды ён прыязджаў з класікам беларускай літаратуры і сваім найлепшым сябрам Якубам Коласам. Тут сустракаўся з рускім пісьменнікам А. Новікавым-Прыбоем. Знаёмства з гісторыяй Грузіі, яе фальклорам натхніла Янку Купалу на стварэнне вершаў «Грузія», «Мы людзі свабодныя» ды іншых. Але больш за ўсё сэрца паэта закранулі цудоўныя людзі – урачы санаторыя Эліко Метэхелі, якой прысвечаны верш «Генацвале», Ціна Джавахішвілі і Уладзімір Кікнадзэ, з якімі ён падарожнічаў па ваколіцах Цхалтуба.»
Асабліва цёплыя сяброўскія стасункі склаліся ў паэта з галоўным урачом санаторыя Эліко Метэхелі, з ёй перапісваўся Купала і ў часы Вялікай Айчыннай. Пра Эліко вядома, што пражыла яна доўгае насычанае жыццё, была замужам за прэм’ер-міністрам Грузіі Гіві Джавахішвілі, памерла ў 1996 годзе ў даволі ўжо салідным узросце. Дарэчы, на адкрыццё выставы з Тбілісі прыехалі яе ўнукі Гіві ды Лэла Курашвілі.
Ініцыятарамі стварэння экспазіцыі «Грузія – дружная з сонцам краіна» з грузінскага боку сталі гаспадыня гасцявога дому «Марына», што знаходзіцца непадалёк ад Цхалтуба, Марына Падгурская-Кутатэладзэ ды былы саветнік-пасланец Пасольства Грузіі ў Беларусі Гоча Чэлідзэ. З беларускага боку да імпрэзы далучыўся Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. На адкрыцці прысутнічалі яго дырэктарка Алена Ляшковіч, супрацоўніцы Вольга Пархімовіч і Эліна Свірыдовіч. Ідэю ахвотна падтрымала і мэрыя Цхалтуба. А для многіх наведнікаў выставы сапраўднай нечаканасцю стала паведамленне, што ў сваёй творчасці Янка Купала шмат увагі аддаваў не толькі Грузіі, але і менавіта гэтаму курорту. Якуб Колас (на пярэднім плане) і Янка Купала ў г. Цхалтуба
Якуб Колас (на пярэднім плане) і Янка Купала ў г. Цхалтуба
«Ужо мала хто цяпер памятае, але верш «Генацвале», які Янка Купала прысвяціў Эліко Метэхелі, адзін з грузінскіх ансамбляў на пачатку 1950-х паклаў на музыку, – казала Марына Падгурская-Кутатэладзэ. – Дарэчы, песня выконвалася пад назвай «Генацвале Эліко». І гэта, як кажуць старажылы, быў сапраўдны хіт».
Пад час адкрыцця выставы Купалавы вершы чыталі як па-грузінску, так і па-беларуску, дзеці вадзілі карагоды, для іх жа ладзіліся разнастайныя віктарыны. Дырэктарка Музея Купалы Алена Ляшковіч згадвала, з чаго ўсё пачалося: «У 2014 годзе да нас прыйшла дзяўчына Вольга Градзінар, куратар сайта грузінскай суполкі Беларусі «Мамулі». Яна недзе прачытала, што ў Янкі Купалы былі цёплыя стасункі з Грузіяй і захацела даведацца пра гэта больш падрабязна. Вынікам сумеснай працы стаў артыкул на сайце, які атрымаў розгалас як у Беларусі, так і ў Грузіі. У прыватнасці, калі яе знаёмыя ў Цхалтуба прачыталі матэрыял, то адразу ж загарэліся ідэяй зрабіць свята, прысвечанае Купалу. А мы, у сваю чаргу, прапанавалі падрыхтаваць выставу».
Яшчэ Алена Ляшковіч прызналася, што, працуючы над выставай у Мінску і потым сустракаючыся з наведнікамі экспазіцыі ў Цхалтуба, адкрыла для сябе шмат новага. Стала, напрыклад, для яе нечаканасцю, што ў сям’і Метэхелі памяць пра Купалу захоўваецца дагэтуль: «Ад унукаў Эліко Метэхелі Лэлы і Гіві Курашвілі мы атрымалі новыя матэрыялы, фотаздымкі. Расказвалі яны, што з маленства чулі імя Янкі Купалы, ведалі пра значнасць асобы беларускага паэта. Заўсёды на відным месцы ў доме ляжаў томік яго вершаў».
Захаваліся ўспаміны і самой Эліко Метэхелі пра яе сяброўства з Янкам Купалам: «…Янка вельмі зблізіўся з намі, лекарамі-грузінамі. Калі я нешта расказвала з мінулага Грузіі, ён вельмі ўважліва і засяроджана слухаў. Аднойчы ўвечары мы былі ў садзе, весяліліся, згадваючы студэнцкія гады. З намі быў Янка Купала і расійскі пісьменнік Новікаў-Прыбой. Я заспявала маю любімую даўнейшую грузінскую песню «Іяўнана». Янка ад яе быў у захапленні, папрасіў пераказаць змест. Сказала, што гэта пажаданне маці-грузінкі шчаслівай будучыні для сваёй Радзімы ды братэрства для ўсіх нацый. Выслухаўшы, Янка пранікнёна і з пачуццём сказаў: «Вечная слава народу, які стварыў такую песню!»